Вы тут

Што вы ведалі пра катоў-прарабаў


Як я люблю казаць, адпачынак — гэта цяжкая праца. Бывае, што часта — у прамым сэнсе слоў. Вырываешся з горада, уражанняў, фактуры — вышэй галавы! І ў галаве пішаш, пішаш... Але то адно трэба зрабіць, то другое. І часу сесці, каб надрукаваць усё, няма. Гэтым разам пашчасціла: атрымалася «ўварваць» гадзіну-другую і прысесці за камп'ютар...


Даж­джы ідуць амаль што­дня, за­тое па­лі­ваць ага­род не трэ­ба.

Вось такі «круты замес»...

...Чатыры вядры шчэбню, тры — гравію, вядро цэменту, амаль вядро вады (тут галоўнае — каб не паўнюткае, мінус тры конаўкі, інакш раствор будзе вадкі). Што робіць бетонамяшалка? Тое, што ёй і належыць — перамешвае. Гр-гр-гр-гр... Гэта пайшлі першыя два вядры шчэбню. Гш-гш-гш-гш... Гэта гравій — таксама два вядры. Паслядоўнасць — абавязковая, інакш сумесь не перамешваецца, а зліпаецца на дне, як той першы блін на патэльні ў некаторых. Шчэбень моцна грукоча, але робіць сваю справу адмысловага дзеркача. Шы-шы-шы-шы... Гэта пайшоў цэмент і вада. Астатнія два вядры шчэбню плюс яшчэ адно гравію танальнасць гуку ўжо істотна не змяняюць. Думаеце, у гэты момант, калі ўсё закінута, вы адпачываеце? Тыя самыя вёдры трэба напоўніць, набраць вады, прынесці і распакаваць цэмент. Шчэбень спецыяльны, будаўнічы, даволі буйны, шуфлем бярэцца цяжка. З гравіем крыху лягчэй, але, калі цягаеш яго цягам усяго дня, ён адчувальна «адрывае» рукі. Цэмент, 25-кілаграмовыя мяхі, таксама трэба прынесці з хлява. Узрываеш рукамі. Здавалася б, папяровая ўпакоўка... А паспрабуйце самі... І калі ты гэта ўсё зрабіў, замес ужо гатовы. Нахіл, гатовы раствор вывальваецца ў тачку ці спецыяльную будаўнічую ёмістасць (у залежнасці, куды падаваць патрэбнае). Гр-гр-гр-гр... Гш-гш-гш-гш... Шы-шы-шы-шы... Ну, вы зразумелі алгарытм, так? Пакуль усё каўбасіцца (таксама памятаеце?): шчэбень, гравій, цэмент, вада... Ты адпачываеш не калі хочаш, а калі рухавік у бетонамяшалкі награецца і яму трэба астыць хоць бы хвілін 15—20. Тады можна і курнуць. А яшчэ — шчэбень, гравій, цэмент з хлява, вада з чана...

Фантомы ў сне і жыцці

...Калі легчы спаць і не рухацца (а пасля такой работы цела ўдзячнае за любое адносна гарызантальнае становішча), табе як быццам бы нічога і не баліць. Яшчэ лепш не гаварыць і нават не ўсміхацца, бо гэта таксама балюча, як высветлілася. Галоўнае, паўтараю, не рухацца. Адзінае — рукі. Нават у сне ты адчуваеш фантомную гумку ад пальчатак на запясці, самі пальчаткі, якія даўно зняў, кожную дзірачку на кожным пальчатачным пальчыку, пах і смак у роце цэменту.

...Калі я раз-пораз мімаходзь згадваю пра такую работу, у большасці выпадкаў чую адно: дык наймі каго! Каго? Адзін сусед у выхадныя дні рамантаваў машыну, другі — займаецца заменай акна на гарышчы. Трэці — мае час на агарод толькі ў выхадныя... Сябра дзяцінства, Жэка, майструе маці металічную агароджу... Да таго ж лепш, чым сам для сябе, табе ніхто не зробіць. Аднак жа... Падумалі мы з братам і вырашылі наняць для ўзвядзення сцен з блокаў двух памочнікаў: інакш увесь водпуск (ну, вы ж ведаеце, гэта тыя дні, якія ты выдаткоўваеш для будоўлі) пайшоў бы на тое.

...Ад дзесяці тон шчэбню засталася ў лепшым выпадку пятая частка. Ад такой жа колькасці гравію — прыкладна столькі ж. Таму днямі ў наш палісаднік (бывайце, жончыны кветкі...) зноў здаваў заднім ходам МАЗ з гравіем. Шэсць кубоў, чарговыя дзесяць тон. Ад больш чым паўтары тоны цэменту засталося кілаграмаў сто (насамрэч кілаграмамі гэты будаўнічы расходнік ніхто не вымярае, проста слова «тона» паўтараецца ў тэксце). Давядзецца браць яшчэ прыкладна столькі ж...

А што было дагэтуль? Траншэі пад апалубку для фундамента, яе ўстаноўка (пра параметры скажу толькі адно: вайскоўцы так ДОТЫ будуюць), уладкаванне і вязка арматуры. Ну, а потым... Чатыры вядры шчэбню, тры — гравію, вядро цэменту, вядро вады — без трох конавак, усе памятаюць? Гр-гш-шы... Замес гатовы, закладай новы...

«Хвас­та­ты ўзро­вень» ра­бо­ту «пры­няў», яму спа­да­ба­ла­ся...

Тэхналогіі супраць каваных цвікоў

Вы ўжо здагадаліся, што мы будуем? Цёплую веранду. Матуля старэнькая, патрэбная цёплая падлога, гарачая вада, пральная машына, адпаведна, каналізацыя, душавая, бойлер... Карацей, вы ўжо чакаеце «Нататкі адпускніка — 3»?

Скажу шчыра, што за старую драўляную веранду заўсёды крыху хваляваўся. Як моцны вецер, падавалася, што дах можа знесці. Паглядзіш на фундамент, думаецца, нагой добра піхні — пасыплецца. А як пачалі разбіраць... Ведаеце, не ўпэўнены, што цяпер так будуюць, як зрабіў некалі практычна ў адзіночку нябожчык-бацька. І гэта без сучасных электраінструментаў, усё — уручную. На цвік, а не на шруб, без розных будаўнічых пісталетаў, прыцірак, замазак... З дахам, здымаючы яго, намучыліся: насамрэч ніякі ўраган быў бы не страшны. Фундамент стары лупілі па чарзе ўтрох кувалдамі. І той, якая важыць чатыры кілаграмы, і той, што важыць восем. А вам даводзілася? Гэта калі ты з усёй моцы матузіш хвіліны тры, а потым дыхалку аднаўляеш пяць хвілін. Спартсмены тут адпачываюць: у будоўлі не столькі сіла патрэбная, колькі навыкі. Іскры навокал ляцелі, як падчас гарадскога свята, каменная сечка біла, як шрапнель, і па ахоўных акулярах і метраў на сем навокал. Каб не яны, акуляры, без зроку можна было б застацца. Брат спецыяльны перфаратар набыў загадзя для гэтай аперацыі, каб задачу з фундаментам старым аблегчыць. Ведаеце, што тая машынка нам сказала? Дры-ы-ы-ы... Ну, гэта я сваімі словамі. І лепш кувалды нічога не было.

А што да каваных цвікоў... Падчас разбору старой канструкцыі знайшлі некалькі такіх розных памераў. Мяркую, ім гадоў каля ста. Ведаеце, іх хоць зараз у справу пускай. А сучасныя «вадкія цвікі», цікава, колькі праслужаць?..

Агуркі «строгага рэжыму»

Ну, як у водпуску без агарода? Але ж сёлета самі бачыце, якое надвор'е?.. Калі летась ужо ў пачатку ліпеня балавалі сябе кампоцікамі са свежых ягад, дык зараз толькі назіраем, як тыя, нешматлікія, толькі пачынаюць налівацца... Тры гады таму, прыгадваю, незапланавана паехалі ў сталіцу: адбівалі ледзьве не ў прамым сэнсе слоў у шпакоў вішню, таму давялося везці яе ў замарозку. Якая сёлета вішня? Затое і шпакоў няма. Тая, скажу я вам, яшчэ навала...

Паліваць агарод не трэба. Ды там і не расце нічога, так, сядзяць сабе насельнікі дзёўбам. Можа, і да лепшага, што сёлета мінімум палову ўчастка занялі будматэрыялы? Навошта і астатняе засаджвалі, за расаду перажывалі? Слухайце, а як вам ідэя з газонам? Ну, пасля будоўлі, агарод жа ўсё роўна «ўбіты», «пахаваць» прасцей, чым рэаніміраваць...

Жартую крыху, канешне, але ў градкі давялося вылезці. Як па мне, дык прасцей блокі цягаць, раствор замешваць, бо рукі і спіна баляць потым аднолькава. А для хлопчыка «цягаць блокі» гучыць неяк больш ганарліва, чым «я ўмею палоць», так? Я ўмею, толькі вы пра гэта не чулі, дамовіліся?

Паколькі на ўчастку былі складзіраваныя будматэрыялы (дошкі, блокі, лагі), а колькі градак усё ж было, брат вырашыў расаду агуркоў «абгарнуць» у рэшткі будаўнічай металічнай сеткі. Ну, каб не «пашкрабаць» іх, пераносячы арматуру ці дошкі. Дарэчы, калі я спрабаваў у адзіночку выцягнуць і перанесці шасціметровай даўжыні арматурыну, некалькі агуркоў «ахова» насамрэч выратавала: толькі крыху пагнулася. Дык вось цяпер тыя расліны ў металічнай сетцы я называю агуркамі «строгага рэжыму». А што, якое лета, такая і агародніна, такія і назвы... Можна падумаць, некаму лягчэй. Гэта я пра сябе.

Пад­час раз­бо­ру ста­рой кан­струк­цыі знай­шлі не­каль­кі ка­ва­ных цві­коў. Іх хоць за­раз у спра­ву пус­кай.

«Хвастатыя ўзроўні»

...Ну і як жа без катоў? Вось і зараз, пакуль дайшоў да камп'ютара пасля невялікага перапынку, двойчы ледзьве не паваліўся: літаральна кідаюцца пад ногі. Хоць і характар у іх розны, але па сутнасці ўсе жывёлы ў нас (а катоў было ўжо пяць) — пацанскія. Што б ты ні рабіў — сек дровы, капаў нешта, прыбіраўся на двары — яны заўсёды будуць побач, цікуюць, уважліва за табой назіраюць, правяраюць. Асабліва «малодшы» (яму яшчэ года няма, у лістападзе падкідыша на далоні ў хату прынёс).

...Вывелі сцены амаль што да верху. Ранкам выходжу пакурыць на двор. «Малодшы» па алычы заскоквае на кладку, дэманструючы гаспадарам свае вышынна-хуткасныя якасці. Чатыры разы на маіх вачах павольна абышоў па перыметры пабудову, затрымаўся на вуглах, нават пасядзеў на кожным, уважліва паглядзеў уніз, направа-налева, «зверыў» вуглы, потым палез правяраць, як будучы дах веранды будзе стыкавацца з агульным — лапку прасунуў, памацаў, нешта там выгарнуў. Зноў вярнуўся на вугал і правярае, не горш за той электронны ўзровень. І — не хоча сыходзіць! Бачна, што работу «прыняў», яму спадабалася. Там зверху, дзе павінен ляжаць арміруючы пояс, у блоках пад заліўку прапіленыя пазы. Ну дык «малодшы» туды і заваліўся. Мне надакучыла назіраць, пайшоў у дом. Праз пару гадзін выходжу зноў пакурыць, а са спіны — храп! Гляджу — «дробны» з таго самага паза зверху сцяны высоўваецца. Там і спаў увесь час. Значыць, спадабалася. А ката ж запускаюць у дом першым. Ну, то і мы будзем спадзявацца, што намаганні не марныя.

P.S. А што мне яшчэ сніцца? Ну, прынамсі, у першыя дні пасля работы. Ранішнія рэдакцыйныя планёркі. «А што ў вас цікавага ў нумар будзе?» Ну вось, атрымайце, спадзяюся, што не вельмі сумна... Але часта пісаць не абяцаю. Толькі калі бетонамяшалка адпусціць...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Фота Надзеі НІКАЛАЕВАЙ

Загаловак у газеце: Бяры больш, кідай далей

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.