Вы тут

Чаму беларуская царква стала ўлюбёным будынкам лонданцаў


Збудаваная ў 2016 годзе беларуская царква ў Лондане працягвае збіраць прызы самых разнастайных архітэктурных конкурсаў. Раней яна атрымлівала ўзнагароду Каралеўскага інстытута брытанскіх архітэктараў і трапляла ў лік 50 найлепшых будынкаў Вялікабрытаніі. А зусім нядаўна перамагла ў намінацыі «Народны выбар» конкурсу Nеw Lоndоn Аrсhіtесturе — перамогу прынесла інтэрнэт-галасаванне, удзел у якім бралі карыстальнікі сеціва. Акрамя гэтага, яна трапіла ў шорт-лісты ў трох іншых намінацыях: «Самы энергаэфектыўны будынак», «Культура і грамадства» і Аshdеn Рrіzе. Усяго ўдзел у конкурсе бралі больш за 400 збудаванняў, узведзеных у Лондане ў 2016 годзе. Адметна, што часцінка Беларусі ў сталіцы Вялікабрытаніі з'явілася дзякуючы намаганням... выхадца з Кітая. Архітэктар Со ЦЗЫЎАЙ стварыў для нашай дыяспары бліскучы праект, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра тое, як стваралася царква ў гонар святога Кірылы Тураўскага, а таксама пра свае крыніцы натхнення ён расказаў «Звяздзе».


Со Цзыў­ай пад­час ра­бо­ты над пра­ек­там царк­вы.

— Найперш хацелася б спытаць, як вы ўвогуле аказаліся ў Лондане?

— Спачатку я навучаўся на архітэктара ў Ганконгу, а ў сталіцу Вялікабрытаніі пераехаў па заканчэнні ўніверсітэта. Увогуле, Англія — гэта натуральны выбар многіх грамадзян Ганконга, бо ён быў калоніяй Аб'яднанага Каралеўства на працягу больш як 150 гадоў. Адпаведна, многія рэчы, у тым ліку сістэма адукацыі, вельмі падобныя. Я атрымаў ліцэнзію на работу архітэктарам у Вялікабрытаніі, а пазней стаў грамадзянінам гэтай краіны. Цяпер працую архітэктарам і дырэктарам студыі Spheron Archіtects і з'яўляюся членам праўлення Herіtage Trust Network — дабрачыннага фонду, які займаецца захаваннем архітэктурнай спадчыны Вялікабрытаніі.

— Наколькі я ведаю, вы цесна супрацоўнічаеце з беларускай дыяспарай. Як так атрымалася?

— Гэта была чыстая выпадковасць. Мы сустрэліся па працоўных пытаннях каля дзесяці гадоў таму. Прадстаўнікі дыяспары прадавалі адзін з будынкаў, які ім належаў, забудоўшчыку, а я працаваў на апошняга ў якасці архітэктара. Пачаў праводзіць з імі шмат часу, і многія паступова сталі маімі сябрамі. Так і «ўліўся» ў супольнасць.

За­ма­лёў­кі, якія Со Цзыў­ай ра­біў пад­час па­да­рож­жа па Бе­ла­ру­сі.

— Як нарадзілася ідэя стварыць у Лондане беларускую царкву?

— Насамрэч задума далёка не новая. Беларуская дыяспара сфарміравалася ў сталіцы Вялікабрытаніі адразу пасля Другой сусветнай вайны. Вернікі (пераважна грэка-каталікі) пачалі маліцца ў адным з дамоў з 1947 года — гэта значыць якраз 70 гадоў таму. Увесь гэты час іх калектыўным жаданнем было займець сапраўдную, спецыяльна пабудаваную для рэлігійных мэт царкву. Але гэта мара ніяк не магла спраўдзіцца, нягледзячы на тое, што да працы прыцягвалі вялікую колькасць іншых архітэктараў яшчэ да мяне. Шэсць гадоў таму яны прапанавалі заняцца гэтым праектам мне, і на гэты раз усё атрымалася.

— Што стала для вас крыніцай натхнення?

— У першую чаргу я натхняўся драўлянымі барочнымі цэрквамі, якія будавалі ў Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі. Я шмат падарожнічаў па сельскай мясцовасці ў вашай краіне — пераважна, паміж Гроднам і Лідай, таксама быў у Косаве, Мінску, Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Замаляваў некалькі цудоўных прыкладаў такіх збудаванняў. Яны неймаверна ўнікальныя, і я шчыра спадзяюся: беларускія ўлады зробяць усё магчымае, каб іх уключылі ў спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Бо яны там сапраўды мусяць быць.

Увогуле, новая драўляная беларуская царква ў Лондане павінна служыць дзвюм мэтам. Першая, зразумела, — быць месцам, дзе будуць праводзіцца службы. А другая — з'яўляцца сімвалічным напамінам аб вялікай колькасці такіх самых цэркваў — спадчыне беларускага драўлянага дойлідства, страчанай падчас Другой сусветнай вайны і пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Уве­ча­ры бе­ла­рус­кая царк­ва вы­гля­дае ней­ма­вер­на пры­го­жа.

— Царква выглядае вельмі аўтэнтычна, але адначасова вельмі сучасна. Ці ёсць нешта падобнае да яе ў сталіцы Вялікабрытаніі?

— З шэрагу прычын наша драўляная царква дастаткова ўнікальная. Каралеўскі інстытут брытанскіх архітэктараў характарызаваў яе так: «Вельмі асаблівы будынак». Таму што гэта твор ХХІ стагоддзя, насычаны беларускім сімвалізмам. Я сказаў бы так — гэта своеасаблівы «архітэктурны шлюб» паміж сучаснай брытанскай архітэктурай і архітэктурай беларускіх драўляных цэркваў ХVІІІ стагоддзя. Акрамя таго, гэта адзіная драўляная царква ва ўсёй сталіцы Аб'яднанага Каралеўства. Унікальнасць будынка для брытанскай архітэктуры была адзначана як іншымі архітэктарамі, так і грамадствам. Сярод шматлікіх узнагарод, якія яна атрымала, ёсць вельмі прэстыжная прэмія RІBA (Каралеўскага інстытута брытанскіх архітэктараў. — Аўт.). Яна была выбрана публікай як найбольш упадабаны новы будынак у Лондане ў 2017 годзе, гэта вялікі гонар. Дарэчы, царкву назвалі і адным з найбольш энергаэфектыўных будынкаў Лондана, мы атрымалі другое месца ў намінацыі Ashden Prіze, якая ўручаецца дабрачынным фондам Эшдана, што займаецца развіццём альтэрнатыўных крыніц энергіі. Саступілі толькі анкалагічнаму цэнтру шпіталя Гай, які за 160 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў спраектаваў Рычард Роджэрс (знакаміты брытанскі архітэктар, адзін са стваральнікаў стылю «хай-тэк», аўтар будынкаў Цэнтра Пампіду ў Парыжы, Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Страсбургу, праекта аднаўлення Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку і інш. — Аўт.).

— Ці была перамога ў конкурсе New London Archіtecture прадказальнай для вас?

— Ні ў якім разе, гэта была абсалютная нечаканасць! Спачатку з ліку 400 новых будынкаў Лондана прафесійнае журы адабрала 160 найлепшых праектаў, за якія галасавалі ўжо карыстальнікі інтэрнэту. І менавіта нашу царкву выбрала публіка з ліку многіх знакамітых будынкаў. Мы абышлі, напрыклад, такіх канкурэнтаў, як Музей дызайну і Галерэя Уінтан у Музеі навукі (першы спраектавала студыя Offіce of Metropolіtan Archіtecture, другую — Zaha Hadіd Archіtects), узялі рэванш над згаданым шпіталем Гай... Любы архітэктар, студэнт ці чалавек, які цікавіцца гэтай сферай, пацвердзіць — гэта адны з найлепшых і самых вядомых архітэктурных студый у свеце. Тое, што беларуская царква стала канчатковым пераможцам, — гэта нешта неймавернае. Прычым, як мне расказалі арганізатары конкурсу, наш праект перамог з вялікім адрывам ад канкурэнтаў. Шчыра скажу, дагэтуль не магу паверыць у гэты поспех. Магчыма, сэрцы людзей кранула гісторыя Беларусі, прыгажосць аўтэнтычных беларускіх цэркваў або гісторыя чарнобыльскай трагедыі... Я спадзяюся, што так.

— Беларуская тэматыка застаецца для вас цікавай? Ці пагадзіліся б яшчэ папрацаваць у гэтым кірунку, скажам, у Беларусі?

— Безумоўна. Ваша краіна — бясконцая крыніца для натхнення, як увогуле ў мастацтве, так і непасрэдна ў архітэктуры. Таму, калі з'явіцца такая магчымасць, я без ваганняў пагаджуся спраектаваць што-небудзь звязанае з Беларуссю, а можа і ў самой Беларусі. Дарэчы, Мінск мае выдатную «калекцыю» мадэрнісцкай архітэктуры. Я лічу, што цэнтр беларускай сталіцы — гэта яшчэ адзін выдатны кандыдат на ўключэнне ў спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

— Як па-вашаму, ці можа быць традыцыйная беларуская культура (і, у прыватнасці, архітэктура) цікавай для замежнікаў?

— Беларуская архітэктура, як часоў Вялікага Княства Літоўскага, так і ХІХ стагоддзя, і нават савецкай эпохі, мае вялікую акадэмічную каштоўнасць. Захад па-ранейшаму не ведае яе значнасці, але гэту сітуацыю лёгка змяніць. Я думаю, патрабуецца толькі добры піяр. І мы ўжо шмат зрабілі ў гэтым кірунку. Так, напрыклад, часопіс Каралеўскага інстытута брытанскіх архітэктараў вельмі зацікавіўся спадчынай беларускіх драўляных цэркваў і даверыў мне напісанне артыкула на гэту тэму ў мінулым сакавіку. Мэтай была адукацыя іншых брытанскіх архітэктараў. У сваёй працы я сцвярджаю, што мы можам навучыцца вельмі многаму ў традыцыйнай беларускай архітэктуры. Наколькі мне вядома, гэта першы раз, калі Беларусь згадваецца ў гэтым прэстыжным часопісе з часу яго заснавання ў 1893 годзе. А з поспехам і прызнаннем, якія атрымала беларуская царква ў Лондане, мы зможам звярнуць увагу зацікаўленых архітэктурай людзей на культуру краіны. Як мінімум, калі цяпер нехта захоча паглядзець на найпрыгажэйшыя новыя будынкі Лондана, то ўбачыць у Google слова «Беларусь».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Брытанскі архітэктар: «Можна вельмі многаму навучыцца ў вашага традыцыйнага дойлідства»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.