Вы тут

Аграрыі пазней пасеялі збожжа і адпаведна — пазней масава пажнуць


У нябеснай канцылярыі, мабыць, аднагалосна прынялі рашэнне затармазіць жніво ў нашай краіне. Надвор'е шэпча... «Шэпча» спачатку лёгкім ветрам і дажджом, а потым ліўнем і спёкай. Як вынік — сёлета аграрыі пазней пасеялі збожжавыя культуры і адпаведна — пазней іх масава пажнуць. Разам з тым начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Занеўскі лічыць, што больш нізкія адносна мінулага года тэмпературы паветра пры павышанай вільготнасці не павінны аказаць адмоўнага ўплыву на асноўную масу збожжавых культур.


Навукоўцы краіны глядзяць на ўборку ўраджаю яшчэ аптымістычней. Генеральны дырэктар НПЦ НАН па земляробстве Фёдар Прывалаў прагназуе, што ў краіне сёлета ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур будзе больш, чым летась на 20%. Паводле папярэдніх звестак, у краіне плануецца сабраць 7,2 мільёна тон збожжавых і зернебабовых, гэта на 1,2 млн тон больш за аналагічны паказчык у мінулым годзе. Ён лічыць, што існуючыя ўмовы надвор'я спрыяльныя для збожжавых. «Наліў збожжа ў азімых культур добры. Халаднаватае і дажджлівае надвор'е для іх найбольш спрыяльнае», — растлумачыў Фёдар Прывалаў. Эксперт падкрэсліў, што для паляпшэння ўраджайнасці яшчэ можна праводзіць падкормку на пасевах яравой пшаніцы, а таксама ахову коласа ад хвароб на пасевах усіх яравых збожжавых і азімых позніх тэрмінаў сяўбы.

Аднак, што добра для каласавых, тое кукурузе ў цяжкасць. Дажджлівае і халаднаватае надвор'е адбілася на яе росце і развіцці адмоўна. Па словах навукоўца, верагоднасць добрай ураджайнасці збожжа кукурузы на поўначы краіны невысокая. «Што датычыцца збору зялёнай масы, то тэмпературны фактар практычна не мае ўплыву. Аднак якасць сіласнай сыравіны можа быць невысокай з-за павышанай вільготнасці», — лічыць Фёдар Прывалаў. Паводле яго слоў аптымізму дадае цёплае надвор'е, якое ўсталявалася цяпер: можна чакаць хуткага росту гэтай культуры.

У Віцебскай вобласці таксама пазітыўна глядзяць на сёлетняе надвор'е. Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Івана Фёдарава, вобласць сёлета разлічвае на больш высокі ўраджай збожжа — леташні паказчык могуць пераўзысці на 20—25%. Масавую ўборку збожжавых у вобласці пачнуць 5—7 жніўня.

Калі надвор'е прадказаць цяжка, то тэхнічная падрыхтоўка да ўборкі ўраджаю ў нашай краіне — справа безумоўная. Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Станіслаў Карповіч, тэхнічная забяспечанасць сельгасарганізацый дазваляе правесці работы па ўборцы збожжавых у аптымальныя тэрміны. Ён падкрэсліў, што ўжо цяпер больш за 95% тэхнікі гатова да жніва.

Па стане на 26 ліпеня, у гаспадарках маецца 9555 збожжаўборачных камбайнаў. Налічваецца таксама і 2676 зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, 92—95% з іх у спраўным стане. Для перавозкі збожжа патрабуецца больш як 12 тысяч грузавых аўтамабіляў. Для забеспячэння сельгасарганізацый запчасткамі функцыянуе інфармацыйна-пошукавая сістэма «Тэхсэрвіс». Яна дае інфармацыю аб наяўнасці запчастак на складах арганізацый аграсэрвісу і заводаў — вытворцаў сельгастэхнікі. Забяспечанасць сельгасарганізацый механізатарскімі кадрамі перад пачаткам уборкі складала 90%. Дадаткова будуць прыцягвацца больш за 2,1 тыс. камбайнераў з прамысловых прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і з іншых работ у гаспадарках.

Па інфармацыі на 28 ліпеня, сельгасарганізацыі Беларусі намалацілі 369,6 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці ў 30,6 ц/га. Збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраныя з 120,9 тысячы га, што складае 5,35% запланаваных плошчаў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Пачнём пазней, а збяром больш?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?