Вы тут

Дзевяць кветак і крынічная вада


Да крыніц у Беларусі людзі заўсёды ставіліся паважна. Іх аберагалі, давалі крыніцам назвы-імёны, надаючы вадзе самыя адмысловыя. Сёння ў краіне вядомы дзясяткі крыніц, якім нададзены статус помнікаў прыроды,  амаль усе яны з’яўляюцца культавымі. Пра адну з такіх я і хачу распавесці.


Крыніца Святога Яна знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне, каля вёскі Бабруйшчына. Яна б’е з-пад гары, на якой стаіць праваслаўная царква. У дзень Яна Хрысціцеля з самага ранку да крыніцы збіраюцца жыхары навакольных вёсак на малебен і асвячэнне вады. Калісьці тут ладзіліся фэсты і вялікія кірмашы, якія, на жаль, адышлі ў нябыт. У параўнанні са старымі часамі, сучасныя фэсты ўжо не такія шматлюдныя і гаманкія. І ўсё ж-такі і яны па-свойму асаблівыя, напоўненыя душэўным спакоем, з адгалоскамі самабытнай мінуўшчыны.

Сёлета мне пашчасліла апынуцца каля славутага струменьчыка і паглядзець на мясцовы, па-ранейшаму прыгожы звычай. Ён пачынаецца з таго, што паломнікі прыходзяць сюды з букецікамі лясных альбо палявых красак.

Не толькі жанчыны і дзеці збіраюць і нясуць сюды кветкі –  і ў руках мужчын таксама я ўбачыў гэты абавязковы атрыбут свята. Адзін са старэйшых удзельнікаў сёлетняга прыкрынічнага набажэнства, жыхар вёскі Свіла-2-я Раман Козел, акрамя півоняў, якія прывёз з дому, дабавіў да букета і лугавых купальскіх кветак.

Вёска, дзе ён жыве, знаходзіцца за дванаццаць кіламетраў ад Бабруйшчыны, але пакуль здароўе дазваляе, ён заўсёды імкнецца пабыць на крыніцы, адчуць атмасферу свята. Дзякуючы свайму суседу-аўтааматару, ён своечасова прыехаў на фэст, пабыў у царкве на набажэнстве, прайшоўся хросным шэсцем, акрапіўся свянцонай вадой. Як вы думаеце, які ў Рамана Іванавіча ўзрост? Не паверыце -- восемдзесят сем гадоў!..

Для многіх маладых удзельнікаў ўдзел у свяце заключаецца толькі ў тым, каб асвяціць кветкі і набраць крынічнай вады. А старэйшыя людзі, як Раман Козел, заўсёды нетаропка бяседуюць з землякамі, уважліва слухаюць казанні цяперашняга настаяцеля айца Вячаслава Пяшко, абавязкова заходзяць у маленькую каплічку і ставяць свечкі перад абразамі і, канечна, схіляюцца перад фігурай Святога Яна.

І драўляная выява Святога ў каплічцы, і царква, названая ў яго гонар, і сама крынічка – тыя непадзельныя каштоўнасці, якія і складаюць аснову прошчы пад Бабрушчынай. Для старых людзей, якія перажылі шмат цяжкасцяў і пабачылі варожыя адносіны да рэлігіі з боку былой дзяржавы, гэты дзень асацыюецца з перамогай добрага над злым. Кожны з іх можа расказаць сваё асабістае бачанне гісторыі гэтага прыгожага і ціхага месца. Але ў кожнага яна – гісторыя, абавязкова будзе з ноткамі журбы і трагедыі.

Цагляную царкву на гары, як аброк Богу, узвёў пан Буйніцкі. Сваім аброкам гаротны пан хацеў дапамагчы дачце, якая хварэла і памерла ад сухотаў. Вядомы і час пабудовы храма – 1873 год, і пазнейшая яго гісторыя. Калі ў 1939 годзе на гэтую тэрыторыю прыйшлі Саветы, царкву закрылі. Пасля вайны ў храме была турма. У дзевяностых гадах мінулага стагоддзя моцамі мясцовых жыхароў і святара царкву аднавілі.

Абразлівыя факты адносін з фігурай Святога Яна можна і цяпер пачуць ад нашчадкаў колішніх жыхароў. А яны абавязкова прыгадаюць (нажаль, памяць доўга захоўвае тое, што баліць), што драўляную скульптуру – цяпер гэта сапраўдны помнік народнага мастацтва, барацьбіты з рэлігіяй намагаліся ўтапіць у Ксяндзовым возеры (у яго ўпадае крыніца). Але марна! Дзякуючы мужным дзеянням мясцовых жанчын, святыня была надзейна схавана і не пацярпела. Калі цемрашальскі час мінуў, фігуру зноў паставілі ў каплічцы над крыніцай.

Усё-такі людзі стараюцца не ўспамінаць кепскае, а радуюцца сённяшнім сустрэчам і святу. Ім прыемна ведаць, што крынічная вада дапамагае ад ста хвароб і што вядомасць крыніцы сягае далёка за межы свайго раёна. Сваю святую ваду бабруйшчынская крыніца шчодра аддае тутэйшым азёрам, поіць рэчку з прыгожай назвай Шоша.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».