Новы адукацыйны праект для школьнікаў «ІT-лагер» запускаюць Міністэрства адукацыі і мабільны аператар МТС.
У рамках сумеснай ініцыятывы 7 жніўня на базе дзіцячага аздараўленчага летніка «На ростанях» стартуюць ІT-курсы «Праграмаванне гульняў на мове Sсrаtсh». Партнёрам праекта выступіў адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій.
Праграма навучання распрацавана работнікамі адукацыйнага цэнтра ПВТ і зацверджана Міністэрствам адукацыі. Падчас навучальнага курса школьнікі пазнаёмяцца з камп'ютарнай анімацыяй і графікай, навучацца працаваць у камандзе, думаць аналітычна і знаходзіць рашэнні няпростых задач. Праект разлічаны на дзяцей да 14 гадоў. Заняткі ў «ІT-лагеры» будуць бясплатныя.
— Міністэрства адукацыі ўдзяляе асаблівую ўвагу лічбавай трансфармацыі галіны. Адна з важных задач, якую мы ставім перад сабой сёння, — навучыць дзіця адаптавацца да дынамічнага развіцця тэхналогій, — тлумачыць дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел ЛІС. — Праграма навучання складзена такім чынам, каб вучні маглі раскрыць свой патэнцыял і ўвасобіць ідэі ў канкрэтных праектах.
Праводзіць заняткі для школьнікаў будуць супрацоўнікі адукацыйнага цэнтра ПВТ — спецыялісты, у якіх ужо ёсць вопыт работы з дзецьмі. У госці да дзяцей і падлеткаў прыйдуць са сваімі майстар-класамі і прадстаўнікі беларускіх геймстудый. У фінале школьнікі прадставяць журы і бацькам свае ўласныя праекты і атрымаюць пасведчанні аб заканчэнні курса.
Адукацыйны праект для школьнікаў «Праграмаванне гульняў на мове Sсrаtсh» рэалізуецца кампаніяй МТС і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у рамках заключанага ў чэрвені бягучага года пагаднення аб супрацоўніцтве.
— Мы працягваем разам рэалізоўваць праекты, якія дапамагаюць правільна выкарыстоўваць тэхналогіі ў жыцці і ў навучальным працэсе. «ІT-лагер» — гэта пілотны праект. Такія ж урокі праграмавання для школьнікаў мы плануем арганізоўваць і далей. Мэта ініцыятывы — не проста прапанаваць дзецям новыя веды, а навучыць іх думаць творча, — пракаментаваў падзею кіраўнік камерцыйнага дэпартамента МТС Яўген БРАНЦАЎ.
Што такое Sсrаtсh?
Гэта асяроддзе праграмавання для навучання школьнікаў малодшых і сярэдніх класаў. Яно дазваляе дзецям ствараць уласныя аніміраваныя і інтэрактыўныя гісторыі, прэзентацыі, мадэлі і гульні. Кожны дзень Sсrаtсh выкарыстоўваюць у 30 тысячах адукацыйных праектаў па ўсім свеце.
Надзея НІКАЛАЕВА
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.