Вы тут

Хутка пабачыць свет новая кніга твораў, прысвечаных Полацку


 

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства горад, які прымае свята, нібыта ажывае. Работа па падрыхтоўцы да прыёму гасцей, абмеркаванне праграмы, добраўпарадкаванне вуліц пачынаецца загадзя. Сёлета з асаблівым хваляваннем чакаюць свята людзі, для якіх Полацк — горад родны, блізкі. Стараюцца спланаваць свой працоўны графік, каб трапіць як на мага большую колькасць імпрэз, радуюцца будучым сустрэчам з землякамі і роднымі мясцінамі і, натуральна, самі рыхтуюць падарункі. Таму цалкам заканамерна, што перад святкаваннем 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і Дня беларускага пісьменства так шмат намаганняў асоб, з'яднаных лёсам з Полацкам, скіравана на тое, каб свята сталася сапраўды знакавым. Адзін з такіх творцаў — Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, пісьменнік, галоўны дырэктар міжнароднага вяшчання радыё «Беларусь», ураджэнец і ганаровы грамадзянін нашага самага старажытнага горада.


— Навум Якаўлевіч, ведаю, што вы зноў выступілі ў якасці ўкладальніка кнігі, прысвечанай Полацкай зямлі, якая рыхтуецца да выхаду ў серыі «Беларусь літаратурная». Чым будзе адметны зборнік?

— Так, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўжо падрыхтаваны і днямі пабачыць свет зборнік «Сафійка, Полацк, родны край». І мне зноў выпаў гонар быць укладальнікам падобнага выдання. Дарэчы, менавіта кніга пра Полацк «Там, дзе вежы Сафіі» 14 гадоў таму і распачала серыю. Тады, паводле канцэпцыі, мы пад адной вокладкай сабралі творы пісьменнікаў, якія лёсам і творчасцю звязаныя з Полацкам, прадставілі, напрыклад, такіх асоб, як Валянцін Лукша, Алесь Савіцкі, Уладзімір Арлоў і іншых. Новае выданне складалася па крыху іншым прынцыпе: прапануем чытачам прозу, вершы, тэматыкай звязаныя з Полацкам, а іх аўтарамі неабавязкова выступаюць палачане. Разам з творамі Яна Баршчэўскага змешчана проза Вацлава Ластоўскага, Змітрака Бядулі, паэзія Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і іншых. Вялікі артыкул пра полацкую гісторыю прапанаваў доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка. Цэлы раздзел новага выдання прысвечаны скарыназнаўству і постаці нашага першадрукара. Тут падаюцца перастварэнні скарынаўскіх тэкстаў, выкананыя Алесем Разанавым, нарыс Уладзіміра Караткевіча, кніга Алега Лойкі, своеасаблівы полацкі літаратурны атлас стварыў Сяргей Панізнік.Частка зборніка «Сафійка, Полацк, родны край» аддадзена творам сённяшніх літаратараў, якія жывуць у Полацку. Гэта сябры літаратурнага аб'яднання «Наддзвінне», дарэчы, аднаго з найстарэйшых у нашай краіне.

— Падаецца, што гэтая кніга мае досыць вузкае кола чытачоў — найперш саміх палачан ці тых, хто ўжо захоплены самым старажытным горадам краіны...

— Гэта не так. Думаю, кніга зацікавіць не толькі тых чытачоў, якія жывуць у Полацку, але і ўсіх беларусаў. Далёка не кожнаму вядомыя многія факты, звязаныя з культурным жыццём і гісторыяй горада, тым, якое месца і значэнне ён мае ў літаратуры. Канешне, 500-годдзе нашага кнігадрукавання — важная нагода, каб пра гэта расказаць. Але не толькі выдавецкі праект знаёміць з выбітнымі землякамі. З Полацкам звязана жыццё многіх цікавых людзей, яны зрабілі вельмі шмат для горада і гэтых мясцінаў. Ды зноў жа не пра ўсіх асоб вядома шырокаму колу. Такім меркаваннем я кіраваўся, калі задумаў цыкл замалёвак «Палачане». Матэрыялы друкуюцца ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Мне ўдалося коратка расказаць пра такіх цікавых палачан, як краязнаўцы Іван Дэйніс, Мікалай Маніс, былы дырэктар Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка Мікалай Ільніцкі, былы рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Эрнст Бабенка, аўтар знакамітай песні «Ручнікі», вядомы кампазітар Мікалай Пятрэнка.

— Магчыма, парадуеце землякоў і сваёй новай кнігай паэзіі?

— Сапраўды, рыхтуецца зборнік маіх выбраных вершаў. Выданне таксама павінна стаць пэўным падарункам для роднага горада. Будзе і яшчэ адзін кніжны сюрпрыз. Год таму мы разам з пісьменнікам, журналістам Зіновіем Прыгодзічам зладзілі вандроўку па Полацку і Наваполацку. Вынікам яе сталася яго кніга нарысаў. Першыя з гэтых твораў будуць надрукаваныя ў часопісе «Полымя», яны пабачаць свет і асобным выданнем. У праграме святкавання Дня беларускага пісьменства — многа прэзентацый, адметных імпрэз, якія ладзіць Міністэрства інфармацыі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Гэта конкурс «Жывая класіка», міжнародны круглы стол, падчас якога будзе абмярковаўцца не толькі ўклад Францыска Скарыны ў агульную кніжную культуру, але і многія аспекты, звязаныя з культурнай інтэграцыяй, гуманітарнымі пытаннямі, што хвалююць творцаў. Безумоўна, важнай падзеяй у літаратурным жыцці Полаччыны станецца ўручэнне мясцовым аўтарам прэміі імя Алеся Савіцкага, ганаровага грамадзяніна горада. Цырымонія пройдзе напярэдадні Дня беларускага пісьменства. Рашэнне аб заснаванні гэтай узнагароды было прынята два гады таму падчас удзелу літаратараў у «Полацкіх чытаннях». Упершыню прэмія была ўручана падчас адкрыцця памятнай дошкі на адной з бібліятэк горада, тады ж гэтай установе было нададзена імя Алеся Савіцкага. Прэмію атрымаў Віктар Карасёў, хто стане лаўрэатам сёлета — пакуль загадка для ўсіх.

— Здаецца, пра Полацк мы і так ведаем досыць шмат — са школьных урокаў гістоыі, шматлікіх публкацый у СМІ, літаратурных твораў, навуковых даследаванняў. Ці варта яшчэ раз нагадваць шырокай грамадскасці пра яго мінуўшчыну?

— Гораду трэба такое шырокае свята. Гэта зараз у школах праходзяць урокі радзімазнаўства, падчас якіх вучні даведваюцца пра гісторыю родных мясцін і знакавыя постаці, звазаныя з імі. У час майго дзяцінства, юнацтва такіх заняткаў, ведаў, уяўленняў не хапала. Думаю, што гэта толькі пачатак справы па вяртанні былой славы Полацку. На маю думку, горад заслугоўвае яркага вобразу, каб і яго жыхары, і беларусы ў цэлым маглі ганарыцца яго мінуўшчынай і сучаснасцю. Гаворка ідзе не толькі пра выбітных гістарычных дзеячаў, але і пра нашых сучаснікаў.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Вяртаючы былую славу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?