40 гадоў таму фальварак Ракуцёўшчына стаў адметным месцам на літаратурнай карце Беларусі.
Гэтыя маляўнічыя мясціны на Маладзечаншчыне нездарма прывабліваюць сваёй паэтычнасцю і неймавернай чароўнасцю вось ужо не адно пакаленне беларускіх творцаў. У Ракуцёўшчыне, дзе сёння знаходзіцца філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, у 1911 годзе правёў лета паэт. Фальварак, што належаў Вацлаву Лычкоўскаму, дзядзьку Антона і Івана Луцкевічаў, стаўся для яго крыніцай натхнення, новых уражанняў, а час, праведзены тут у сям'і шляхціца, — магчымасцю сустрэцца з роднай зямлёй, пагутарыць з беларусамі і палюбавацца прыродай.
Тут, на Маладзечаншчыне, Багдановічу добра пісалася, здаецца, што і сёння, у адноўленым доміку арандатара, які паўтарае той будынак, што паэт наймаў на сядзібе, можна адчуць неймаверную атмасферу творчага пошуку. Музеефікацыя гэтых мясцін пачалася ў 1977 годзе, калі на ўспамін аб гасцяванні паэта ў фальварку было ўстаноўлена два валуны. Праз чатыры гады непадалёк вырас «Максімаў сад», пасаджаны паэтамі, а ў 1994 годзе адчыніў дзверы для наведвальнікаў філіял Літаратурнага музея паэта «Фальварак Ракуцёўшчына».
Максімавы мясціны не могуць не зачароўваць. Тут шумяць дрэвы, бруіцца крынічка, каля якой любіў бавіць час паэт, а самі будынкі музея нібыта пераносяць нас у часе на стагоддзе назад. Цалкам лагічна, што традыцыйным стала і літаратурна-музычнае свята «Ракуцёўскае лета», якое штогод ладзіцца ў фальварку. Яно і гэтымі днямі прайшло на Маладзечаншчыне. Сюды традыцыйна завітваюць паэты, музыканты з розных куткоў Беларусі, гучаць беларускія песні, вершы. І гэта неабавязкова творы Максіма ці прысвячэнні яму. Па завядзёнцы натхненне тут шукаюць і мастакі — непадалёк ад цэнтральнай сцэны святкавання разгортваецца пляцоўка для пленэру.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Кастуся ДРОБАВА
«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».
«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».
Падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы.
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.