Добры дождж


Надвор'е зноў (і які ўжо раз?!) падвяло сіноптыкаў: абяцалі...

Зрэшты, яно ж без розніцы, што, канкрэтна, яны абяцалі, і што сапраўды было? Збітыя з панталыку (не ўпершыню, прывычныя) мы, што называецца, праехалі — перажылі. А вось наступнікаў... шкада. Нехта з іх праз сто гадоў разгорне, напрыклад, падшыўку «Звязды» (а-у, спадарок, прывітаннечка!..), прачытае прагноз на якое-небудзь (умоўна) 9 жніўня гэтага года і будзе думаць, што ў краі было тады сонечна, дваццаць градусаў цяпла, з кароткім дажджом.


Каб ведаць

Бульбы на рынку да халеры было. Але ж іншыя гандляры маўчалі... Гэты — заліваўся салаўём: казаў, што ягоную — хіба солькай пасыпаць, а так — «без нічога з'ясі», можа, нават... з відэльцам.

Паверылі і нават праверылі: гэта значыць, купілі, з тыдзень елі (бульба, як бульба, трэба сказаць — нічога цікавага), калі б тры штучкі, з расткамі, не ўкінулі ў зямлю...

Яна тады — вялікая, добра прагрэтая — самай першай узышла... І сантыметраў на дзесяць ад зямлі адскочыла, а вось потым — стала «тармазіць» і зусім спынілася.

Знаўцы кажуць, што так бывае — з хворым насеннем.

Але ж знешне бульба выглядала здаровай: людзі з ахвотай яе куплялі, елі, і, магчыма, нават садзілі...

Яшчэ і для таго, відаць, каб пераканацца, што ўзростаў у чалавека насамрэч тры: калі ён садзіць бульбу, калі не садзіць і зноўку садзіць, бо трэба ж ведаць, чым жывішся сам, чым корміш сваю сям'ю...


Урок

У дачніц-вясковак вясною чэйндж, то-бок абмен — расадай, кустамі, кветкамі: вакол толькі і гутаркі, хто каму занёс памідораў, а хто гарбузоў, хто хосты адкапаў, а хто бадану...

Прарабіха, хоць і рэдкая скупянда, але ж таксама «з рыдлёўкай ходзіць»: ружа ў яе ампельная — на ўвесь плот у кветніку, а ўжо як зацвіце... Многія просяць... І гаспадыня, бывае, некаму дае — адкопвае новы адростак, кажа:

— Не глядзі, што малы, — разрасцецца.

Шмат хто на гэта спадзяваўся, але...

Мусіць, праўду кажуць, што ў скупога не бяры нічога — і не павядзецца, і абавязаным будзеш.


Ёсць справядлівасць?

Новыя навіны — чарговы суд і такі ж прысуд: за хабар у асабліва буйных памерах восем гадоў з канфіскацыяй далі... Каму?

Не так важныя прозвішча ды пасада. Важна, што гэта — вялікай ганьбай і горам для бацькоў, якія (да бабкі не хадзі!) ганарыліся сынам-начальнікам, для дзяцей, якія фарсілі бацькам... Што, вядома ж, бядой для яго самога. Прычым — беспатрэбнай, якой мог бы пазбегнуць... Калі б хоць зрэдку думаў — яшчэ і аб тым, што піць можна не толькі каву з сакратаркай, у сваім кабінеце, але і чыфір — на пяньку, у лесе.


Прыклад

Горад. Прыпынак. Сабака — відаць, бяздомнік, але не жабрак. Ва ўсякім разе не прынюхваецца да нейчых сумак, проста падыходзіць да іх гаспадынь і, зірнуўшы ў вочы, садзіцца побач, чакае: раптам нешта абломіцца? Не? Нічога? Тады ён пойдзе далей.

Худы, бядак — скура ды косці... Мусіць, галодны, а ў сумцы — толькі цукерка.

Нейкае дзяўчо багацейшае: дастае празрыстую каробачку з зялёнай салатай і дзвюма сардэлькамі, адну асцярожна кладзе перад сабакам. Той нюхае, але есці — нават не думае: падымае галаву (не тое з падзякай, не тое з пытаннем «Гэта — усё?») і толькі потым, зразумеўшы, што дабаўкі не будзе, бярэ зубамі пачастунак і некуды нясе.

— Мусіць, адзін хоча з'есці, каб ніхто не бачыў, — разгублена ўсміхаецца дзяўчына.

— А можа, якой сяброўцы панёс?.. Ці дзецям?

У любым выпадку гэта варта павагі, хоць бы таму, што не кожны з мужчын, не кожны з людзей здольны на нешта падобнае.


На раздарожжы, перад выбарам

...З усіх краёў, дзе мелі шчасце пабыць, прывозілі сувеніры. Найчасцей — фотаальбомы і магніцікі, нешта з прысмакаў, з мілай кухоннай драбязы, з вырабаў мясцовых рамеснікаў — для сябе, для радні і сяброў...

У Бухарэсце (нам, беларусам, пра гэта можна казаць) усе цэннікі на румынскай мове. Яна ж — мова карэннага насельніцтва — гучала на вуліцах і, само сабой, з вуснаў прадаўцоў. Нават больш за тое ці не кожны з іх, запакоўваючы свой тавар, абавязкова перавязваў яго сіне-жоўта-чырвонай стужачкай — пад колер нацыянальнага сцяга, што для ўсіх турыстаў было сведчаннем — тут ёсць народ, які любіць сваё, спаконвечнае.

...У нас яно таксама, як быццам, ёсць, але, скажам так, у двух варыянтах. І з імі, як двума крэсламі: пакуль выбераш на якое сесці, — стаіш...


Проста секс?

Кватэра — хай невялічкая, хай на самым верхнім паверсе і ў доме на ўскрайку — здавалася Каці раем, бо гэта — па-другое — свая, уласная (не інтэрнат, не пакой у здымнай...), а па-першае, жыла яна тут не адна: быў каханы, быў (праўда, пад сэрцам пакуль) іх першынец! Для яго, маленькага, яны з мужам абсталёўвалі дом, выбіралі столік для спавівання, прыгожы вазок і ложачак, марылі, як разам будуць купаць, як пойдуць гуляць...

З гэтым вось — па ўсім выглядала — узнікнуць праблемы, бо раён зусім новы, дамоў — дай божа, а дрэў — вобмаль ды і тыя маленькія. Адпаведна — ні ценю табе, ні якой прыгажосці...

Каці вельмі бракавала яе, бракавала настолькі, што хадзіла шукаць — наразала кругі вакол дальніх дамоў (найчасцей адна, бо муж пазніўся з працы), вывучала маршруты аўтобусаў: прыкідвала, напрыклад, куды яны з дзіцем (калі не памрэ ў родах) змогуць пайсці-паехаць, дзе прыпыніцца, каб маленькі паспаў, пабыў «на прыродзе». Для яго, у парку, яна шукала найлепшую лавачку, а знайшла...

Спачатку і здалёк яшчэ ўбачыла машыну — акурат, як мужаву, а потым і... яго — з нейкай дзеўкай.

Думала спярша наблізіцца, — ногі не панеслі, пасачыць — таксама не змагла: Заплакала, пабегла прэч.

Але ж потым уявіла, як вечарам муж прыйдзе дамоў, як яна яму скажа...

А што — канкрэтна? З чаго пачне?

Хоць-нехаць вярнулася назад — парачку зняла на мабільнік, каб вечарам паказаць тыя фоткі і спытаць у мужа:

— Што гэта?

Той, відавочна, пытанняў не чакаў — разгубіўся, пачырванеў, але ж вініцца не стаў. Сказаў:

— Ну зусім не тое, што ты падумала! Гэта не здрада, не... Ты — мая жонка, вы — мая сям'я. А там — проста секс і болей
нічога...

Для яго, магчыма, і сапраўды — нічога.

Для яе — якраз наадварот: канец свету, каханню, канец — адназначна — сумеснаму жыццю.


Без бацькі?

...Адзін пасажыр у ліфце ўжо быў, мы — забеглі следам і адразу ж паехалі — не сказаць, каб далёка, але спадарожніка разгледзець паспелі: малады, з твару сімпатычны, а ўжо размаляваны... Усё цела ў так званых татушках: шыя — аж сіняя ад нейкіх клетачак ды лічбаў, рукі — ад нейкіх звяроў... Мода — за ёю карціць пагнацца. І паспрабуй тады некага спыні... А зрэшты...

Дзяцюк адзін расказваў, як некалі ў свае 16 пірсінг зрабіў — заявіўся дахаты з колцам у вуху. Думаў, што маці засварыцца, бацька — каб што лепшае — дзяжку з портак дастане, а тыя ні слоўца яму — быццам не заўважылі. Ён спакойна заснуў.

Раніцай прачнуўся, — на тумбачцы падарунак стаіць: ладная такая каробка з ружовым бантам. А ў ёй — чаго толькі няма: лак для пазногцяў-валасоў, заколкі, розныя пацеркі, пудра-памада, цені для век... І запісачка на дне: «Майму сыночку, красаве і лапачцы. Цалую. Тата».

«Прачытаў я гэта, — успамінаў дзяцюк, — завушніцу з вуха выцягнуў і ніякіх эксперыментаў больш не рабіў. Аднаго хапіла».

Яму... А іншым?


Героі нашага часу

Горад. Прыпынак. Голас:

— Вы не скажаце, як прайсці на вуліцу Даўмана?

Пытаюць гэта не ў нас — у нейкага дзядзькі, што стаіць паблізу. Ён старанна моршчыць лоб (трэба разумець, думае?), азіраецца наўкол і праз паўзу пачынае тлумачыць, што гэта вуліца — каля плошчы Незалежнасці (?), што дабрацца туды можна на метро...

Жанчыны ўважліва слухаюць і стараюцца запомніць, хоць гэта ім — зусім не патрэбна, бо дзядзька яўна блытае: там, каля плошчы Незалежнасці, знаходзіцца вуліца Берсана, а Даўмана...

Расказалі жанчынам, дзе, патлумачылі, як даехаць... І ў чарговы раз пашкадавалі, што няма ў сталіцы вуліц Быкава, Адамовіча, Караткевіча ды іншых, якіх ні з кім не зблытаеш — пакуль.


Добры...

Дождж абяцалі на сераду, потым, з навальніцай, на чацвер. «Калі ён і заўтра не пойдзе, — уздыхалі суседзі-дачнікі, — будзем паліваць гароды».

Але ж назаўтра была пятніца, дзень, калі яны звычайна хадзілі ў лес, бо ў суботу з нядзеляй там рабіць няма чаго — людзей, як дрэў: што не падымуць, стопчуць... А вось напярэдадні яшчэ можна нешта знайсці, нешта падняць — і з грыбоў, і з ягад.

Не сказаць, каб у лесе іх шмат было, але ж слабейшыя з дачнікаў «нападымаліся», а потым, пакуль дапаўзлі дамоў, пакуль спарадкавалі...

На паліў, карацей, сіл не засталося — адлажылі...

І правільна зрабілі, бо ў ноч на суботу дождж такі быў — гусценькі, спорны, а галоўнае добры, інтэлігентны — ціхенька прыйшоў і ціхенька «пайшоў»: нікому, ні ў чым не зашкодзіў.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

P.S. З таго, што пішам мы, журналісты, рэдка складаюцца кніжкі, калі складаюцца, то не заўжды выходзяць, калі выходзяць...

Лёс іх, вядома ж, розны. Ва ўсякім разе зборнік вось такіх абразкоў (каля тысячы штук) «Каб сказаць... І пачулі» чакае пакупнікоў у сталічнай «Акадэмкнізе». У іншых кнігарнях, магчыма, таксама?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.