Вы тут

Сапоцкін крочыць у «заўтра»


Што трэба вырашыць турыстычнаму пасёлку будучыні.

Гарадскі пасёлак Сапоцкін Гродзенскага раёна ўключаны ў праграму перспектыўнага развіцця як населены пункт будучыні. Гэта значыць, што ён павінен стаць прыкладам для іншых і развівацца па спецыяльным праекце. Дарэчы, генеральны план пасёлка амаль гатовы.


Дзе выпіць кавы?

Гэта пытанне становіцца вельмі актуальным для прыгранічнага Сапоцкіна, будучыню якога звязваюць з развіццём турызму. Паколькі населены пункт знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Аўгустоўскага канала, гэта свайго роду брама ў Гродзенскі рэгіён.

Пакуль турысты не вельмі задаволены станам справы. Старшыня сельскага Савета Лілія Шаматовіч не хавае, што турыстычная інфраструктура вымушае жадаць лепшага. Напрыклад, выпіць кубачак кавы ці купіць сувенір тут няма дзе, а менавіта гэта пытанне задаюць турысты з-за мяжы.

— Вядома ж, нам не хапае кавярні і гасцініцы, — заўважае Лілія Шаматовіч. — Абласныя ўлады шукаюць інвестараў.

Лілія Уладзіміраўна згадвае наведванне суседняй Польшчы. Дарэчы, мяжу яна перасякла пешшу, на канале, на супрацьлеглым беразе яе сустрэлі сваякі з Аўгустова.

— Да Аўгустова ад канала рэгулярна ходзіць маршрутка. У самім горадзе і каля канала мноства розных кавярняў, якія размешчаны пад адкрытым небам. Там крэслы проста ў пяску стаяць. І туалеты вымушаюць жадаць лепшага, мабыць, там санітарныя нормы ніжэйшыя, — мяркуе Лілія Шаматовіч. — У нас такія аб'екты не прынялі б, асабліва калі яшчэ страха з саломы. А на польскім баку гэта звычайная з'ява.

Ці з'явяцца ў нас кавярні каля канала, пакуль невядома. Адно відавочна: турыстам патрэбна нешта хуткае.

Чым будуць здзіўляць?

Дарэчы, у Гродзенскай вобласці такім пасёлкам будучыні абраны яшчэ і Мір Карэліцкага раёна. Абодва населеныя пункты маюць значны турыстычны патэнцыял. Так, у Міры вабіць старажытны замак ХVІ стагоддзя. У Сапоцкіне, акрамя канала, нямала навакольных славутасцяў. Можна ўбачыць былы палац «Свяцк» князёў Чацвярцінскіх, тут цяпер вядзецца рэканструкцыя пад гасцініцу і забаўляльны комплекс. Непадалёку прымае гасцей адноўленая сядзіба роду Гурскіх. Пустуючы будынак выкупіў гродзенскі прадпрымальнік і адкрыў там аграсядзібу. Каля канала можна наведаць абарончы мемарыял часоў Першай і Другой сусветных войнаў.

У самім Сапоцкіне нядаўна пачаў дзейнічаць музей пісанкі, тут праводзяцца майстар-класы, дзе турыстам пакажуць асаблівасці роспісу велікодных яек. Гэта тэхніка ўключана ў спіс нематэрыяльнай спадчыны краіны. У вёсцы, што за некалькі кіламетраў, адкрыты музей ручніка і ваеннай амуніцыі. У цэнтры пасёлка ўсталявана турыстычная карта з веламаршрутамі.

Акрамя таго, на паперы ёсць і новыя, даволі амбіцыйныя, праекты. Напрыклад, стварэнне гарналыжнага комплексу і пляцоўкі для гольфа. Не першы год ідзе размова пра будаўніцтва этнаграфічнай зоны, якая прадугледжвае домікі для адпачынку на беразе вадаёма. Умовы для інвестараў паляпшаюцца — тэрыторыя ўваходзіць у склад свабоднай эканамічнай зоны, а значыць, шанцы для асвойвання ўзраслі.

Зямля, вада і жалезныя трубы

Лілія Шаматовіч расказала, што нядаўна пабывала ў пасёлку Копысь, што на Віцебшчыне. Гэта першы пасёлак, які быў выбраны для аднаўлення. Тут ужо правялі да ўсіх дамоў газ і водаправод, заасфальтавалі вуліцы.

Адносна дарог у Сапоцкіне справы ідуць нядрэнна. Пасёлак мае добрыя транспартныя зносіны з абласным цэнтрам. Ідуць як маршруткі, так і аўтобусы аўтапарка. Працягласць — 21 км. Дарога выдатная, хоць і вядзе, можна сказаць, у тупік, бо Сапоцкін знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы. Гэты транспартны калідор пастаянна знаходзіцца пад увагай раённых улад. За апошнія гады адрамантаваны дзясяткі кіламетраў па ўсёй сетцы вакол Сапоцкіна. Значная частка зроблена ў рамках праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва.

З вадой — значна горш. Многія жыхары пасёлка больш спадзяюцца на калодзежы. Водаправод хоць і дзейнічае, але вада не заўсёды адпавядае нормам. Здараецца, што хлараванне доўжыцца некалькі дзён, і спажываць такую ваду не раяць. Сітуацыю магла б палепшыць замена камунікацый. Газіфікавана таксама дзесьці трэць дамоў, а іх усяго больш за 500.

Але цяпер тут плануюць заняцца жылой забудовай. Паводле генплана, месца для яе выдзелена на ўскрайку Сапоцкіна, каля кар'ераў. Участкі будуць прадавацца з аўкцыёна. Зараз свабоднага продажу няма, іх размяркоўваюць толькі па чарзе. За апошнія некалькі гадоў вырасла цэлая вуліца, яна так і называецца — Новая. У сельсавеце спадзяюцца, што попыт на ўчасткі будзе, а значыць, прыбудзе і рабочай сілы.

Патрэбны кадры

Сапоцкін адчувае недахоп кадраў. Нядаўна ў сельсавет звярнуліся з дырэкцыі канала, каб працаўладкаваць дваіх мужчын. І кандыдатаў знайсці не могуць.

— Мяне мясцовыя дэпутаты пытаюць: як будзе Сапоцкін развівацца, якая вытворчасць з'явіцца? — каментуе сітуацыю Лілія Шаматовіч. — Дык вось, я задаю сустрэчнае пытанне: а людзей для гэтага адкуль возьмеце?

І сапраўды, значная частка мясцовага насельніцтва даволі сталага ўзросту. З тысячы чалавек 28% — пенсіянеры. Усе, хто хоча працаваць, могуць знайсці работу. Лілія Уладзіміраўна пералічвае арганізацыі, дзе ўладкаваны жыхары сельскага савета. Гэта і лясніцтвы, і шэраг вытворчых участкаў розных ведамстваў, і Аўгустоўскі канал, які абслугоўвае «Гроднамеліявадгас», і турбаза, і сацыяльныя аб'екты.

Інфраструктура Сапоцкіна знаходзіцца на даволі добрым узроўні. Ёсць тут і свая бальніца, і лазня, аказваюць бытавыя паслугі, працуе некалькі крам. Выдатны клуб не пустуе, ёсць нават більярд. Але для статусу пасёлка будучыні гэтага недастаткова. Тым больш, каб мець турыстычную славу. Няма той жа гасцініцы. Дарэчы, пакуль без гаспадара вялікі будынак у цэнтры пасёлка. Ён чакае інвестараў.

— Мы звязваем надзеі з развіццём канала, — кажа старшыня сельсавета, — пакуль больш плённа дзейнічаюць аграсядзібы. Іх у наваколлі каля 15, і ўсе маюць прыбытак. Думаю, што гэты напрамак таксама перспектыўны, хоць і ёсць праблемы з-за прыродаахоўнай зоны.

Бізнес — вытворчы і турыстычны

Прадпрымальнік з Калінінграда Генадзь Садоўскі таксама заняўся турыстычнай справай. У бацькоўскім доме арганізаваў аграсядзібу. Але галоўны яго інтарэс — гэта вытворчасць. Бізнесмен выкупіў старую ферму і ўладкаваў там дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Пакуль тут займаюцца толькі продажам распілаванай драўніны, прадукцыя ў асноўным ідзе за мяжу. Але ў будучыні Генадзь Садоўскі мае намер заняцца вытворчасцю мэблі.

У наваколлі Сапоцкіна працуе шэраг прыватных прадпрыемстваў, многія з якіх якраз і занялі пустыя аб'екты, выкупілі былыя калгасныя памяшканні і ўсталявалі там сваю вытворчасць. Магчыма, некаторыя аб'екты з цягам часу можна будзе ўключыць у маршрут вытворчага турызму, лічаць у Сапоцкіне.

Будуць варушыцца

Па словах Ліліі Шаматовіч, турыстычныя фірмы не зацікаўлены вазіць сюды турыстаў. Многія трапляюць у той жа музей пісанкі выпадкова, як нядаўна, напрыклад, сям'я з Фінляндыі. Турысты аглядалі канал і заехалі ў музей, дзе ім правялі майстар-клас. Фіны былі вельмі ўражаны.

Тут цікава пабываць не толькі замежным турыстам, але і беларусам. Сапоцкін да вайны быў райцэнтрам, якому падпарадкоўваўся нават польскі Беласток. Былая гісторыя адлюстравана ў назвах вуліц: Ажэшкі, Сінкевіча, Яна Паўла ІІ, Тэалінская, Аўгустоўская. Многія жыхары сталага ўзросту гавораць адразу на трох мовах — рускай, беларускай і польскай. Помнікам архітэктуры ХVІІІ стагоддзя з'яўляецца мясцовы касцёл, якому вернуты першапачатковы выгляд.

Мяняецца і ўвесь пасёлак. Да новага брэнда гатовы не толькі мясцовыя ўлады, але і самі жыхары. Яны рамантуюць фасады дамоў, упрыгожваюць двары кветкамі і дэкаратыўнымі раслінамі.

— Гэты кірунак быў забыты, а зараз пайшлі зрухі, і гэта радуе. Хоць і складана працаваць, але хацелася б вярнуць Сапоцкіну былы тэмп жыцця, — гаворыць старшыня сельсавета, — гэта прымушае нас варушыцца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by


Меркаванні

Віктар Лісковіч, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

— Мы падрыхтавалі комплекс прапаноў, якія датычацца як пашырэння бязвізавага рэжыму на ўсю тэрыторыю Гродзенскага раёна, так і павелічэння тэрміну знаходжання замежных турыстаў у зоне парку «Аўгустоўскі канал» з пяці да дзесяці дзен. Добра зарэкамендаваў сябе пункт пропуску на канале, тут за тры месяцы прайшло амаль 1,5 тысячы турыстаў, у перспектыве будзем ініцыяваць адкрыццё яшчэ аднаго пункта пропуску ў зоне канала. Таксама мы спадзяёмся, што ў бязвізавую зону трапіць аэрапорт і чыгуначны вакзал. Гэта спросціць перасячэнне мяжы. Многія турыстычныя фірмы пераключаюцца на ўяздны турызм. У нас ёсць усё неабходнае, каб развіваць турыстычную індустрыю да добрага еўрапейскага маштабу.

Андрэй Навумовіч, старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

— Законатворцы вырашаюць, што трэба зрабіць, каб турыстычную актыўнасць у Гродзенскай вобласці, і ў цэлым па рэспубліцы, павысіць. Якія патрэбны новыя заканадаўчыя ініцыятывы з боку дэпутацкага корпуса. Я лічу, што зараз трэба актыўна працаваць у кірунку вытворчага, медыцынскага турызму. Нашы санаторыі трэба больш рэкламаваць.

Удзельная вага турпаслуг у ВУП Гродзенскай вобласці складае каля 5%, столькі ж і па краіне, нам ёсць над чым працаваць.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».