Вы тут

Чаго сёння не хапае малым гарадам і пасёлкам?


Такое пытанне мы задалі жыхарам і людзям, якія маюць прамое дачыненне да развіцця населеных пунктаў.


Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Галіна ФІЛІПОВІЧ:

— Апошнім часам, з улікам праблем у эканоміцы, створаныя ў малых гарадах прадпрыемствы — як дзяржаўныя, так і прыватныя — не ў стане вытрымаць тую канкурэнцыю, якая з'явілася на рынку. Таму сёння самая вялікая праблема — гэта тое, што згортваецца вытворчасць. Адпаведна, скарачаецца колькасць працоўных месцаў, падае ўзровень даходаў насельніцтва. Перыяд крызісу мацней за ўсё ўдарыў па малых гарадах. Як выправіць гэтую сітуацыю? Як вядома, у нас была дзяржаўная праграма па развіцці такіх гарадоў, падатковыя прэферэнцыі — на мой погляд, для падобных населеных пунктаў гэтага было досыць. Але мне здаецца, што тыя мерапрыемствы, якія былі рэалізаваны ў рамках гэтай праграмы, нельга выкарыстоўваць надалей. Я лічу, што намаганні папярэдніх пакаленняў і кіраўнікоў былі не зусім эфектыўныя. Што рабіць? Мне здаецца, трэба пакінуць за буйнымі прадпрыемствамі вытворчасці ў малых гарадах — гэта адзін з варыянтаў. Бо глядзіце: ёсць гатовая вытворчасць, пачынаць з нуля не трэба. Што да сацыяльных пытанняў, то ўсё вырашана. Усе ўстановы спорту, аховы здароўя і культуры захаваныя і працуюць.

Павел АБРАМЕНКАЎ, жыве ў Паставах, Віцебская вобласць:

— Не хапае шляхоў для рэалізацыі. Моладзь збягае, не знаходзячы сабе месца. Маленькія гарады, як правіла, спакойныя — нікуды не імкнуцца і не спяшаюцца. Маладым людзям няма куды падзець амбіцыі, у нашым узросце хочацца весяліцца і шмат зарабляць. Маленькі горад, які кормяць пара заводаў, у якім кафэ або клуб — гэта лічаныя на пальцах месцы з сумнеўнай рэпутацыяй, і яны гэтага даць, вядома, не могуць, у сувязі з чым моладзь і бяжыць. Атрымліваецца замкнёнае кола — забаў няма, усім хутка становіцца сумна настолькі, што хочацца крычаць, а калі нешта і адкрываць, то для каго? Я зразумеў для сябе, што мне добра ў Паставах за кошт сяброў, з якімі мы прыязджаем у родны горад, каб адпачыць. Калі там нікога няма, то і рабіць там, на жаль, няма чаго.

Намеснік старшыні Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Гродзенскай вобласці па пытаннях эканамічнага развіцця Іна ТАРАСАВА:

— Чаго не хапае? Даходаў не хапае. Дапусцім, камунікацыі. Людзям трэба пабудаваць дом, укласці сродкі, каб танна падключыцца да агульнай сістэмы, а сродкаў няма. Дзе іх узяць? У бюджэце, бо агульныя выдаткі на падвядзенне тых жа ліній камунікацый бяруцца з гэтай крыніцы. Што датычыцца працоўных месцаў, то напружанасць на гэтым рынку падае. Але, зноў жа, людзі шукаюць прыбытковыя месцы, а заробкі невысокія. Каб гэта змяніць, трэба дадаць аб'ёмы вытворчасці. Акрамя таго, менавіта ў нас не хапае спартыўных збудаванняў. Патрэбны месцы, дзе людзі змогуць займацца спортам.

Андрэй ГРЫГОР'ЕЎ, жыве ў Мёрах, Віцебская вобласць:

— Па збегу абставін жыву дома, у Мёрах. Насельніцтва ў нашым горадзе складае 8 тысяч чалавек, што зусім няшмат. Пасля заканчэння ўніверсітэта і вяртання са сталіцы я тут ужо, атрымліваецца, паўгода. Працую дыстанцыйна. І праблемы тут, напэўна, як і ва ўсіх гарадоў такога маштабу, — адсутнасць прыстойнай арганізацыі вольнага часу і магчымасцяў вучыцца. Шчыра кажучы, моладзь тут адкрыта пакутуе. Няма выхаду патэнцыялу, хочацца нешта рабіць, а горад як быццам спыняе жаданне. І, дарэчы, з забаўляльных месцаў тут толькі ўстановы алкагольнага тыпу.

Намеснік старшыні Мсціслаўскага раённага выканаўчага камітэта Магілёўскай вобласці па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Ігар МЕЛЬНІКАЎ:

— Я лічу, што малым гарадам неабходная нейкая прамысловасць, каб людзі былі забяспечаны работай. І работа патрэбна, каб моладзь заставалася ў нашым населеным пункце, а то атрымліваецца, што скончылі навучальныя ўстановы — і стараюцца з'ехаць у буйны абласны горад ці ў сталіцу. Таму што, напрыклад, па тым жа жыллі пытанні знятыя — кожны год будуем і здаём жылыя дамы. Што да культурнай часткі, то мы вельмі шчыльна займаемся гэтай тэмай. Мсціслаў — горад з багатай гісторыяй, мы праводзім мноства розных мерапрыемстваў, узаемадзейнічаем з замежнікамі па адраджэнні нашага горада. У нас ёсць планы і надзеі на тое, што наш Мсціслаў будзе горадам для турыстаў. Мы не сядзім, а працуем у гэтым кірунку. Калі з'явяцца новыя музеі, будуць цікавыя экскурсіі, то пойдзе турыстычная плынь. А калі прыйдуць турысты, то з'явяцца грошы, з'явіцца і праца, дый самім гараджанам жыць стане цікавей.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».