Вы тут

Нашы гарады пазелянеюць


Падтрымцы зялёнага будаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах прысвечаны сумесны міжнародны праект у Беларусі. Яго скарочаная назва «Зялёныя гарады» гаворыць сама за сабе: праект створаны для людзей і накіраваны на павышэнне камфортнасці жыцця.


Адразу мушу растлумачыць, што зялёнае будаўніцтва — гэта далёка не азеляненне вуліц, двароў і пустэч. Нашы малыя гарады спрадвеку, асабліва летам у сектары прыватнай забудовы, і так досыць зялёныя. І калі б размова ішла аб пасадках дрэў, стварэнні кветачных клумбаў, пасадках новых сквераў і паркаў, то наўрад ці замежныя партнёры Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду пагадзіліся б выдзеліць два з нечым мільёны еўра на рэалізацыю гэтага сумеснага праекта. Зразумела, свой унёсак зробяць і беларусы: мясцовыя ўлады гарадоў, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Беларускі дзяржаўны навукова-даследчы праектны інстытут горадабудаўніцтва, Міністэрства эканомікі, Міністэрства транспарту і камунікацый, Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту, прыватны сектар, грамадскія арганізацыі.

У Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 года разлік робіцца на ўкараненне «зялёных» прынцыпаў эканомікі. Адной з галоўных доўгатэрміновых мэт ААН з'яўляецца садзейнічанне экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў, вырашэнне іх праблем за кошт больш эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў і змяншэння ўзроўню забруджвання навакольнага асяроддзя.

А цяпер больш канкрэтна. На першым часе праект, разлічаны на чатыры гады, закране некалькі населеных пунктаў. Яны былі выбраны не выпадкова. У Навагрудку, дзе ўжо не першы год мясцовая ўлада мэтанакіравана займаецца пытаннямі эканоміі энергарэсурсаў, восенню мінулага года актыўна заняліся развіццём аднаўляльных крыніц энергіі. Каб сфарміраваць у грамадстве псіхалогію зберажэння энергарэсурсаў, павысіць культуру энергаспажывання, упершыню правялі тыдзень энергаэфектыўнасці. У раёне створаны адзін з найбуйнейшых ветрапаркаў, які дазваляе на чвэрць забяспечыць патрэбы насельніцтва ў электраэнергіі.

Цяпер у рамках праекта «Зялёныя гарады» ў Навагрудку будуць праведзены новыя мерапрыемствы па павышэнні энергаэфектыўнасці. Пад гэтым трэба разумець замену неэфектыўных сістэм вулічнага асвятлення на больш эканамічныя святлодыёдныя, што дасць значную эканомію бюджэтных сродкаў. Мадэрнізацыя чакае і гарадскую пральню. Усё гэта дазволіць дасягнуць яшчэ большай эканоміі энергарэсурсаў.

І гэта толькі пачатак. Зэканомленыя сродкі будуць вельмі дарэчы ў гарадскіх бюджэтах. Любы прадстаўнік мясцовай улады скажа вам, што яго гораду не хапае грошай на капітальны рамонт жылых дамоў, аднаўленне дарожнага пакрыцця вуліц, замену зношаных сетак, якія будаваліся яшчэ пры Савецкім Саюзе і па тагачасных і ўжо састарэлых цяпер тэхналогіях.

У Полацку і Наваполацку мяркуецца работа па ўдасканаленні грамадскага транспарту. І — як звышзадача — стымуляванне адмовы палачан ад выкарыстання ўласных аўтамабіляў падчас гарадскіх паездак. Для гэтага плануецца скараціць час чакання аўтобуса пасажырамі на прыпынках, а таксама павысіць бяспеку і камфортнасць паездак у грамадскім транспарце. Як альтэрнатыва — мадэрнізацыя і аб'яднанне веласіпедных сетак двух гарадоў з улікам еўрапейскага досведу, павышэнне папулярнасці веласіпедаў у якасці аднаго з асноўных відаў гарадскога транспарту.

Сёлета 26 мая Полацкі раённы Савет дэпутатаў зацвердзіў План устойлівай мабільнасці горада, які быў распрацаваны мясцовымі ўладамі сумесна з грамадскімі арганізацыямі, у абавязковым парадку было ўлічана меркаванне мясцовых жыхароў. План уяўляе сабой стратэгію па паляпшэнні транспартнай сістэмы Полацка.
У выніку 85 тысяч палачан атрымаюць магчымасць перамяшчацца па горадзе больш хутка, бяспечна і камфортна.

Вядома, стварэнне камфортнага асяроддзя для паўнавартаснага жыцця ў значнай ступені залежыць не толькі ад намаганняў мясцовай улады, але і ад жадання жыхароў асобнай вуліцы, завулка, асобнага шматкватэрнага дома — праявіць ініцыятыву, ахвяраваць частку асабістага часу, магчыма, і сродкаў, каб разам рэалізаваць цікавую і карысную для ўсіх справу.

Полацк, як і іншыя беларускія гарады, адчувае на сабе негатыўныя наступствы масавай аўтамабілізацыі. У 2004 годзе на 1000 палачан прыходзілася 158 машын. У 2010 годзе ўжо больш за 300. У той жа час колькасць гарадскіх аўтобусаў знізілася амаль на трэць. Сёлета на вуліцах Полацка ўсталявалі 12 велапарковак. Тут таксама ўлічылі думкі гараджан — было праведзена грамадскае апытанне. У сакавіку мінулага года палачане выбралі маршрут першай гарадской веладарожкі. Больш за 750 чалавек удзельнічалі ў анлайн-галасаванні. Перамог варыянт, паводле якога веладарожка ахопіць цэнтр Полацка, раён «Аэрапорт» і парк «Курган».

Мяркуецца, што ў рамках праекта яшчэ 10 беларускіх гарадоў, якія праявяць цікавасць да зялёнага горадабудаўніцтва, змогуць далучыцца да гэтай справы. Перавагу аддадуць самым вартым — для рэалізацыі канкрэтных планаў на карысць сваіх жыхароў.

Нядаўна Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва агучыла прапанову ўвесці абавязковае стварэнне велапарковак у новых гарадскіх кварталах. А чаму толькі ў новых? Магчыма, гэту справу мэтазгодна было б пачынаць паралельна і ў малых і сярэдніх гарадах, пасёлках, вялікіх вёсках, аграгарадках, дзе шмат мясцовых жыхароў па-ранейшаму выкарыстоўваюць веласіпед у якасці транспартнага сродку? І, хто ведае, можа, неўзабаве той жа Полацк стане адным са станоўчых прыкладаў у Еўропе па выкарыстанні двухколавага транспарту?

Леанід Лахманенка

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.