24 Верасень, панядзелак

Вы тут

З якімі думкамі адзначае юбілей «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч


Інтэрв'ю з галоўным рэдактарам газеты «СБ. Беларусь сегодня» («Советская Белоруссия») Паўлам ЯКУБОВІЧАМ атрымалася нашмат шырэйшым, чым «з нагоды». Хоць нагода якраз і была досыць значная — юбілейная: акурат 2 жніўня 1927 года пабачыў свет першы нумар газеты «Рабочы», якая хутка памяняла сваё імя на «Совецкую Беларусь» і якой праз дзесяцігоддзі наканавана было стаць самай уплывовай газетай незалежнай краіны... Зрэшты, нічога дзіўнага. Бо розныя круглыя даты, юбілеі ў нашай журналісцкай справе — перш за ўсё нагода паразважаць, для каго працуем, наколькі эфектыўна, у якіх стасунках з грамадствам, якое яно, гэта грамадства, сёння, ці можам мы ўплываць на яго думкі, што мы можам зрабіць карыснага для краіны, у якой жывём, для людзей, якія нас чытаюць... І разважаць пра гэта мой паважаны суразмоўнік пачаў ужо з першага пытання, якое задавалася акурат як «юбілейнае».


Фота: БЕЛТА.

— Павел Ізотавіч, калі б сёння вам прапанавалі напісаць пра «Советскую Белоруссию» артыкул для сур'ёзнага аналітычнага часопіса або, скажам, для падручніка па гісторыі журналістыкі, прымеркаваны да 90-годдзя газеты, на чым бы вы найперш засяродзілі ўвагу і як бы яго назвалі?

— Калі пісаць да 90-годдзя ў так званым «дацкім» (прымеркаваным да даты) жанры, для творчасці месца будзе малавата, гэта быў бы цалкам прадказальны артыкул — расповед пра слаўны шлях, пра людзей, якія закладвалі падмурак... Увогуле, пра гісторыю такіх газет як «Звязда і «Советская Белоруссия» можна гаварыць і пісаць шмат, не баючыся нейкай пафаснасці. Таму што 90 гадоў — гэта 90 гадоў гісторыі краіны Беларусь — савецкай, а цяпер незалежнай, сучаснай. Гэта калейдаскоп падзей, якія складана нават у рэтраспектыве падагнаць пад нейкую агульную канцэпцыю.

У нашага народа гістарычны лёс увогуле вельмі складаны і непадобны на лёс нават самых бліжэйшых суседзяў. Наша гісторыя ішла сваімі, няпростымі, часам вельмі пакручастымі сцежкамі. Нават тыя факты, якія змяшчаюць падручнікі гісторыі, выклікаюць часам супярэчнасці.

Вось, напрыклад, калі задумацца: а што было б, калі б, ідучы за сваімі высакароднымі ідэямі, паўстанцы пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі ці Кастуся Каліноўскага перамаглі? Ці не сталі б тады беларусы такімі падданымі Польскай кароны, што сёння ад іх і следу б не засталося? Або — наадварот, больш востра адчулі б цягу да стварэння ўласнай дзяржавы?.. Вядома, гісторыя не церпіць умоўнага ладу, але задумацца аб гэтым варта. Мы маем горкі вопыт «крэсаў усходніх», ведаем, што там беларусы праваслаўныя, магчыма, у плане матэрыяльным жылі лепш, чым на ўсходняй частцы, але ў плане нацыянальным падвяргаліся сур'ёзнай дыскрымінацыі... Ці падзеі 20—30-х гадоў ХХ стагоддзя. Можна, канешне, гаварыць аб «культурнай рэвалюцыі» ў жыцці народа, калі была ліквідавана непісьменнасць, пра індустрыялізацыю, але трэба помніць і пра рэпрэсіі, пра тысячы паламаных лёсаў... Нельга забываць пра вайну, прычым і яе нельга адным словам катэгарычна характарызаваць, маўляў, рэспубліка-партызанка і ўсе вакол былі партызаны. Не так усё адназначна: пайшлі і ў партызаны, і ў падполле, але, з розных прычын, пайшлі і на службу Гітлеру. (Вельмі добра пра такіх напісаў Быкаў у вобразе Рыбака). І маўчаць аб гэтым нельга...

Адным словам, усе гэтыя падзеі малююць беларуса з такім складаным, «пакамечаным» жыццём, асцярожнага, з прывычкай верыць не словам, а справам, але ва ўсіх выпадках не агрэсіўнага, які разумее, што лёгкага хлеба не будзе. І тое самае можна сказаць пра палітычнае развіццё Беларусі. Сёлета ў выступленні перад Днём Незалежнасці Прэзідэнт згадаў дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта былі палітычныя рамантыкі з высокімі мэтамі — хацелі зрабіць для беларусаў незалежную дзяржаву. Але з-за малога палітычнага досведу, адсутнасці сур'ёзнага светапогляднага палітычнага маштабу яны не здолелі выбраць правільны вектар дзеянняў. Нічога ў іх тады не атрымалася, і не трэба перабольшваць. Але палітычная спроба — цікавая, высакародная па сутнасці сваёй — была, і людзі, якія яе здзейснілі, заслугоўваюць павагі. Але гэта быў яшчэ адзін урок беларускаму насельніцтву: людзі, якія хочуць стаць дзяржаўнымі лідарамі, павінны адпавядаць гэтаму свайму пачынанню... Сёння многім не падабаецца Ленін, але менавіта ён і яго людзі аднесліся да тагачасных падзей на нашай тэрыторыі з разуменнем, і з'явілася БССР, дзе пачалі вывучаць у школе беларускую мову, развівалася нацыянальная навука і культура... Безумоўна, стаўшы часткай вялікай краіны, рэспубліка спаўна падзяліла яе лёс: рэпрэсіі, вайна, цяжкія пасляваенныя часы. Рэчы, здавалася б, агульнавядомыя, але, калі мець на ўвазе лёсы канкрэтных асобна ўзятых людзей, якія, страціўшы сваіх блізкіх, жывучы ў зямлянках, аднаўлялі, адбудоўвалі краіну...

Пра іх, пра людзей, і пісалі «Звязда» і «Советская Белоруссия». Карцінка, можа, не заўсёды была цалкам рэалістычнай, бо трэба было людзей падбадзёрваць, гаварыць пра тое, што сёння добра, а заўтра будзе лепш — іншых спосабаў разам пераадольваць цяжкасці чалавецтва яшчэ не прыдумала. Таму нашы газеты былі летапісцамі эпохі, а калі без пафасу — спадарожнікамі беларусаў. На вёсцы да з'яўлення радыё яны былі адзінымі крыніцамі інфармацыі. У гады вайны «Звязду» выдавалі ў падполлі пад смяротным прэсам гестапа і мярзотнікаў-калабарацыяністаў і ў партызанскай зоне, «Советскую Белоруссию» выдавалі ў тыле, але скідвалі з парашутамі як моцную зброю, якая набліжала Перамогу...

Вось пра гэта я і пісаў бы ў юбілейным артыкуле. А назваў бы яго проста — гэта той выпадак, калі не трэба шукаць нейкіх эўфемізмаў, — «90 лет в строю». «Строй» тут, як разумееце, не ў сэнсе вайсковым, а ў значэнні «лад» — грамадскі і палітычны. І, канешне, я б згадаў і людзей, якія рабілі гэту газету цягам дзесяцігоддзяў. Бо газетнае жыццё нядоўгае, імёны застаюцца хіба што ў архівах.

Мне здаецца ім, нашым папярэднікам, працаваць было ўсё ж прасцей. Яны проста, як вы сказалі, пісалі летапіс, часам не вельмі рэалістычны. Нам жа, журналістам 90-х — 2000-х, давялося, акрамя, уласна, напісання працягу летапісу, не тое каб выпраўляць памылкі тых, хто працаваў да нас, але расстаўляць у напісанай імі частцы новыя акцэнты ці адсутныя кропкі...

— Мы пішам гісторыю дня — і не больш. Хто прэтэндуе на тое, што яго місія весці масы ў вядомым яму напрамку (няважна, журналіст ён ці галоўны рэдактар), вельмі ў гэтым памыляецца. Як, дарэчы, і ў тым выпадку, калі лічыць, што ён іграе роль не толькі правадніка пэўнай інфармацыі, але яшчэ і палітыка, які павінен вучыць сваіх чытачоў, як сябе паводзіць. Журналіст да палітыкі адносін мець не павінен, бо гэта і самападман, і, нават у нейкім сэнсе, блуд.
І ўжо тым больш небяспечна для журналіста ператварацца ў пракурора. Роля журналіста — у тым, каб чалавек, які купіў газету, меў што чытаць. Калі пра газету кажуць, што ў ёй «няма чаго чытаць» — гэта заключэнне самай галоўнай экспертызы...

А журналісты нярэдка і сёння пішуць так, як пісалі дзяды. Жыццё змянілася, а журналістыка змянілася не вельмі. Пішам аб рэчах абсалютна новых, а стылістыка засталася старая, як у Дзяржавіна або ў Хераскава... Нядаўна давялося паехаць па справах у Вільнюс, дзе не быў ужо вельмі даўно. Зайшоў на кірмаш, паглядзеў цэны, паштурхаўся каля фермераў, паслухаў дыялогі... Шмат станоўчага. Стаў з цікавасцю прыглядацца, што ж змянілася ў горадзе. Наш журналіст, атрымаўшы заданне напісаць аб гэтым, пісаў бы пра цэны, пра кошт камунальных паслуг і пра многае іншае, што здаецца ну вельмі важным... А мяне ведаеце, што найбольш уразіла? Памятаючы, што ля вакзала была мілая ювелірная крама, вырашыў яе знайсці. А крамы, якая, здавалася, існавала там з часоў Альгерда, ужо няма. А над дзвярыма — дзясяткі дзірачак: гэта так мяняліся шыльды. Вось вам красамоўная дэталь, важная для журналіста: з яе чытач зразумее, якая ў Літве абстаноўка, які стан бізнесу, ці ёсць у людзей, якія ім займаюцца, упэўненасць, нехта ў такой частай змене ўбачыў бы і пазітыўныя моманты — рух наперад, развіццё... На жаль, такія рэчы сёння многія калегі проста не заўважаюць, а ў дэталях, як вядома, хаваецца ісціна.

Леанід і Павел Якубовічы. «Падпішыце так: неюбілейнае фота», — пажартаваў Павел Ізотавіч.

— Сказаць можна і так, што мы падобныя «нязначныя» дэталі аддалі на водкуп блогерам, якія сваёй назіральнасцю і ўвагай да звычайных дробязяў і заваёўваюць аўдыторыю... Ваша газета робіць сёння стаўку на аўтарскую журналістыку — у кожным нумары — некалькі матэрыялаў «персаніфікаваных», з фота аўтараў, з іх асабістымі меркаваннямі. Аўтарская журналістыка — гэта прэтэнзія на годны адказ блогерству ці ўсё ж гэта розныя вагавыя катэгорыі?

— У блогера паказаць сваю задумку магчымасцяў больш — калі не вельмі сябруеш са словам (што бывае нярэдка), можаш выкласці пабольш фота або відэа. Але сярод гэтых людзей ёсць нямала вельмі цікавых, з пільным вокам. Яны ўмеюць заўважыць, знайсці тое, што прафесійныя журналісты ў сілу многіх прычын, у тым ліку і ўласнай зашоранасці, не заўважаюць, — арыгінальныя тэмы, новыя з'явы. Журналіст, калі раптоўна апынаецца ў цэнтры нейкага факта, здарэння, у гэтыя хвіліны нярэдка забываецца, што ён журналіст, і ператвараецца ў звычайнага разяваку, члена натоўпу. А блогер становіцца часткай гэтай падзеі.

Што датычыцца аўтарскай журналістыкі — я перакананы, што сёння СМІ павінны складацца менавіта з аўтарскіх матэрыялаў — калонак, аглядаў, праграм. Па сутнасці, у гэтым сегменце павінны быць перш за ўсё цікавыя людзі. І няважна, ці маюць яны адносіны да журналістыкі ў яе традыцыйным разуменні. Ці мае адносіны да журналістыкі рок-музыкант Аляксандр Кулінковіч? Але яго матэрыялы — калі зарыфмаваць — сапраўдныя верлібры атрымаюцца. Чалавек піша, як дыхае. Ці Таццяна Сулімава... Гэта асаблівы, сапраўдны талент.

А ўвогуле блогерства, інтэрнэт у цэлым — гэта з'ява, якая патрабуе асобнага вывучэння. На жаль, у нас так і не з'явілася сур'ёзнае даследаванне аб выхаваўчай ролі тэлебачання для цэлых пакаленняў. Таму што ў свой час менавіта тэлебачанне, у пэўным сэнсе зацьміўшы сабой і літаратуру, і тэатр, і кіно (як, памятаеце, прадказваў герой фільма «Масква слязам не верыць») гэту ролю на сябе ўзяло. І менавіта тэлебачанне расхістала традыцыйныя сямейныя асновы, бо навошта было слухаць не вельмі паспяховых і багатых бацькоў, калі багаты і прыгожы чалавек з тэлеэкрана гаворыць кардынальна супрацьлеглае. Менавіта тэлевізар так паўплываў у 80-х, 90-х на фарміраванне асобы, што з'явілася новая раса людзей, якія паважаюць найперш культ сілы, для якіх маральнымі аўтарытэтамі сталі персанажы, пра якіх раней у нармальных сем'ях і гаварыць было непрыстойна... Калі ж мы спалохана пачалі азірацца і задумвацца, што ж тэлебачанне нясе, аказалася, што спазніліся, — з'явіўся інтэрнэт. З пункту гледжання фарміравання асобы — уплыў ад яго наймагутнейшы. Прычым і ў пазітыўным, і ў негатыўным плане.

У нашым грамадстве ва ўсе часы лічылася, што ананімшчыкі — гэта подлыя, нізкія, баязлівыя людзі, да іх адносіліся з пагардай. А інтэрнэт ананімнасць увёў у доблесць, зрабіў яе натуральнай і нармальнай. Нехта лічыць, што ў гэтым ёсць магчымасць для любога чалавека раскрыцца, рэалізаваць свабоду слова. Але варта адкрыць любы форум, каб пераканацца, колькі бруду выліваецца на людзей «каратыстамі клавы» — тымі, хто можа наносіць удары толькі пальцамі па клавіятуры, а насамрэч баіцца нават рыпення дзвярэй... І грамадства ўжо пачынае лічыць, што гэта нармальна. Напэўна, у нас ужо састаў крыві мяняецца...

— І гэтыя новыя пакаленні — без пяці хвілін нашы будучыя чытачы або не-чытачы. Атрымліваецца, трэба або падладжвацца пад іх, пад іх прыярытэты, або ўвогуле сыходзіць з медыйнага поля?

— Сысці з медыйнага поля ніколі не позна, але пакуль чытач галасуе за цябе рублём, трэба думаць не аб тым, як сысці, а як чытача не падмануць у яго спадзяваннях... У кіёсках, дзе ляжаць усе газеты, у тым ліку і тыя, што лічаць сябе «незалежнымі», людзі чамусьці больш купляюць «манументальна-сумнаватую» «Советскую Белоруссию». Прычым не толькі ў мінскіх кіёсках, але і ў рэгіёнах. Выходзіць, чытацкія спадзяванні не толькі ў тым, каб пачытаць, які дрэнны наш лад, наша кіраўніцтва? Хоць у нашай газеце хапае і крытыкі, і разважанняў далёка не бравурных. Але мы не ўпадабляемся тым, хто крычыць: «Хлопцы, бярыце стрэльбу!» Але і супераптымізму — «сёння вельмі добра, а заўтра будзе яшчэ лепш» — у нас няма. Тыя, хто чытае нас, ведае, што гэта так, тым, хто не чытае, і даказваць не варта.

— Мне здаецца, што немалую ролю ў тым, што людзі выбіраюць менавіта ваша выданне, іграюць і акцыі, якія са старонак «СБ» ажыццяўляюцца ў канкрэтныя добрыя справы. Маю на ўвазе Курапаты, вяртанне забытых па сутнасці імёнаў — Эдварда Вайніловіча, напрыклад.

— Становішча сур'ёзнага рэдактара сур'ёзнага выдання абавязвае. Я вам раскажу пра больш даўні выпадак з практыкі. Ёсць такі вядомы фотаздымак часоў вайны, зроблены фашыстамі ў Мінску, «Пакаранне смерцю савецкіх патрыётаў», ён нават на Нюрнбергскім працэсе фігураваў як доказ. Імёны хлопцаў-падпольшчыкаў, якіх фашысты павесілі ў кастрычніку 1941 года, сталі вядомыя хутка — Шчарбацэвіч і Трус. А дзяўчына значылася як «невядомая». Хоць тыя, хто яе ведаў, пазналі — гэта была Маша Брускіна, яна да вайны жыла на Пярэспе, у яўрэйскім квартале. Калі пасля вайны пачалі высвятляць імёны павешаных, пачаліся ўжо складаныя часы, і «інтэрнацыяналісты з ЦК» палічылі за лепшае назваць дзяўчыну «невядомай». І шэсцьдзясят гадоў гэта было такой балючай тэмай. Склалася так, што мне давялося гэтым займацца, я паставіў задачу высветліць усё і давесці да лагічнага завяршэння. Дарэчы, Маша, як высветлілася, была пляменніцай Заіра Азгура. У выніку імя было вернута з небыцця — у экспазіцыі музея Вялікай Айчыннай і на месцы іх пакарання смерцю, за што вялікая ўдзячнасць і кіраўніцтву краіны. Варта было дзеля гэтага быць у журналістыцы? Пэўна, толькі гэта і варта.

Памятаеце, у прарока: час раскідваць камяні і час іх збіраць. Мне здаецца, цяпер настаў час збіраць гістарычныя камяні. Людзі, якія адзначыліся добрымі справамі на гэтай зямлі, вартыя таго, каб іх помнілі. Эдвард Вайніловіч быў мецэнатам, будаваў храмы. Яго Чырвоны касцёл — адзін з сімвалаў сталіцы. Чаму б не ўвекавечыць яго памяць? Дабіліся гэтага. Не шкада на гэта ні часу, ні сіл. Тое самае магу сказаць і пра Курапаты. Цяпер настаў час зняць з гэтай тэмы штучны нарост, які раз'ядноўвае людзей. Адны лічаць, што Курапаты — гэта палітычная пляцоўка, на якой можна ладзіць мітынгі. Але ж гэта могілкі, там ляжаць людзі — сяляне, інтэлігенты, вайскоўцы, тыя ж нкусаўцы, якія спачатку расстрэльвалі, а потым самі трапілі ў расстрэльныя спісы... А на могілках не прынята тупаць, крычаць, а тым больш іх прыватызаваць. Але трэба сказаць, што ўвесь гэты час былі людзі, якія збіраліся талакой, добраўпарадкоўвалі гэтыя вялізныя могілкі, укладвалі ў гэта свае сродкі. Калі я з імі пазнаёміўся — узнікла жаданне сабраць грошы, устанавіць памятны знак... І вельмі ганаруся тым, што ўдалося зладзіць такі круглы стол, на якім упершыню з вуснаў першага намесніка старшыні КДБ Юрыя Сергіенкі прагучала на ўсю краіну — там пахаваныя ахвяры палітычных рэпрэсій... Разуменне агульнага лёсу, таго, што людзей яднае ўсё ж дабро і справядлівасць і натхняе рабіць нешта большае, чым паўсядзённыя задачы газеты.

— Павел Ізотавіч, вы часта чытаеце пісьмы, што прыходзяць у «СБ»?

— Заўсёды. Усю пошту, у якой праблемы, звароты, я чытаю сам. Часам нават званю аўтарам пісьмаў. Самыя яркія, праблемныя допісы змяшчаем у газеце пад рубрыкай «Пошта галоўнага рэдактара». Чытаю пісьмы сам, бо гэта такі своеасаблівы інструмент маніторынгу.

— Пасля столькіх гадоў у журналістыцы і больш чым дваццацігадовага рэдактарскага стажу вас лёгка здзівіць?

— Лёгка. Кожны дзень нешта здзіўляе. Здаецца, шмат чаго ў жыцці было, шмат чаго бачыў. А часам сутыкаешся з такімі праяўленнямі то высакародства, то нізасці чалавечай, што нічога акрамя як здзіўляцца і не застаецца.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия» са знамянальнай датай — 90-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара газеты.

«На працягу амаль цэлага стагоддзя яна адлюстроўвае гісторыю беларускай зямлі і лёсы людзей, якія жывуць на ёй, — гаворыцца ў віншаванні. — «Советская Белоруссия» была і застаецца добрым, цікавым і кампетэнтным суразмоўнікам для чытачоў».

Прэзідэнт адзначыў, што сёння гэта сучасны, шматпрофільны медыяхолдынг. «Узяўшы на ўзбраенне найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі, выданне беражліва захоўвае каштоўнасці традыцыйнай журналістыкі. Яго калектыў у поўнай меры ўсведамляе сілу слова і нясе адказнасць за яго перад сваёй паўмільённай аўдыторыяй», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што аб'ектыўная, узважаная ацэнка падзей будзе і надалей вызначаць дзейнасць рэдакцыі, служыць умацаванню дзяржавы і павышэнню яе міжнароднага аўтарытэту.

Гутарыла Алена Ляўковіч

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.