Вы тут

Выратавальны космас


У нядзелю за сняданкам мы з мужам любім паглядзець які-небудзь пазнавальны дакументальны фільм ці паразважаць на нейкую цікавую тэму. На гэты раз заляцелі ў сваіх размовах у космас. Аказалася, што ў дзяцінстве Вова, як і ўсе хлопчыкі ў той час, марыў стаць касманаўтам.Таму ведае шмат цікавага пра касмічныя ракеты, прызямленне Гагарына. Зусім непрыкметна размова плаўна перацякла да целаў касмічнага паходжання. Былі ў гісторыі нашай планеты трагічныя выпадкі, калі метэарыты руйнавалі не толькі асобныя будынкі, але і цэлыя гарады. «У параўнанні з гэтым усе нашыя зямныя праблемы падаюцца такімі смешнымі і нязначнымі, дробязямі, нявартымі перажыванняў». Толькі я паспела гэта сказаць, як раздаўся тэлефонны званок. На экране — незнаёмы нумар. «Алё. Гэта ваша машына з нумарам..., — пачуўся ўсхваляваны мужчынскі голас. — Я тут выязджаў з паркоўкі і крыху яе падрапаў...»


Якраз на днях я была сведкай непрыемнай аварыі на дарозе. Дзядуля на «капейцы» ўехаў у дарагі джып, што рэзка затармазіў перад ім. Мажны мужчына імгненна выскачыў з іншамаркі і накінуўся на віноўніка ДТЗ з мацюкамі.  «А які сэнс? — падумала тады я. — Усё адно ўжо нічога не зменіш. Навошта крычаць і перажываць упустую. Але лёгка сказаць «не перажывай», калі гэтая сітуацыя датычыцца кагосьці іншага.

Выпрабаванні прыходзяць знянацку, калі зусім не чакаеш. Падрыхтавацца да таго, што табе адным цудоўным ранкам патэлефануюць і скажуць «я крыху падрапаў вашу машыну»,  нерэальна. І, як правіла, большасць людзей у такім выпадку, калі і не крычаць, то вельмі моцна перажываюць. Але на гэты раз ні я, ні муж зусім не засмуціліся з-за падрапанай машыны. Хоць быў час, што і пабітая любімая талерка ці пашкоджаная катом сукенка, пазбаўлялі спакою надоўга. Відаць, часцей трэба думаць пра космас.

Пакуль муж і наш новы знаёмы Юрый запаўнялі еўрапратакол, я разглядала драпіны і ўвагнутасць на дзвярах сваёй машыны і думала... Не, не пра тое, якая я бедная і няшчасная. А пра тое, што, дзякуй богу, усе засталіся жывыя. І што ў жыцці няма выпадковасцяў. Усё заканамерна. І калі нам даюцца выпрабаванні, у тым ліку і ў выглядзе матэрыяльных стратаў, то значыць ёсць за што. Відаць, прыйшоў час вярнуць нейкі кармічны доўг.

І гэта вельмі сур'ёзныя рэчы. Шчыра прызнаюся, яшчэ два гады таму я без пакутаў сумлення магла праехаць «зайцам». Не заплаціць за праезд. Адзін жа прыпынак усяго пад'ехаць. Ніхто ж не заўважыць. Але цяпер, калі няма грошай ці хачу сэканоміць, то лепш прайдуся пехам. Бо не важна заўважыць хтосьці ці не. Там зверху Бог усё бачыць, яшчэ не паспелі мы пра нешта падумаць. Ад Яго і ад сябе не схаваешся.

Як казаў Міхаіл Жванецкі, «жыццё кароткае». Не варта марнаваць яго на пустыя перажыванні. Таму мы з мужам проста спакойна, без лішніх эмоцый, вырашалі пытанне. Ведаеце, было такое адчуванне, што малады чалавек, які ненаўмысна пашкодзіў нашу машыну, перажываў больш за нас. Нават прапаноўваў грошы за сапсаваную раніцу, але мы не ўзялі. Бо паставілі ў думках сябе на яго месца. Ніхто ж не застрахаваны ад таго, што будзе выязджаць з паркоўкі і...

...Увечары мы з мужам вырашылі паехаць на возера. На паркоўцы маю ўвагу прыцягнула купка людзей. Сярод іх былі дзве жанчыны (па фразах, што даляцелі да майго слыху, нявестка са свякрухай), якія вельмі гучна сварыліся, праклінаючы адна адну на чым свет стаіць. І ведалі б вы, як моцна мне захацелася падысці і нагадаць ім пра космас...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.