Вы тут

На другасным рынку жылля перамен няма


Лета не прынесла ніякіх відавочных выгад для пакупнікоў і прадаўцоў няновых кватэр. У той жа час канкурэнцыя паміж прадаўцамі, па словах намесніка дырэктара агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Святланы Кудзелкі, застаецца высокай. Ім даводзіцца канкурыраваць не толькі адзін з адным у межах Мінска, але ўжо і з гандлярамі прыгарада, а таксама забудоўшчыкамі, што актыўна прапануюць новабудоўлі на акцыйных умовах.


Схільнасць да «мінімалізму»

На думку Святланы Кудзелкі, апошнія некалькі гадоў адпускны сезон не аказвае негатыўнага ўплыву на другасны рынак жылля: «Хутчэй, наадварот, у мінулым годзе менавіта ў гэты час быў зафіксаваны рэкорд апошніх 10 гадоў па колькасці здзейсненых у Мінску здзелак з кватэрамі. А сёлета колькасць здзелак застаецца стабільна высокай — штомесяц, пачынаючы з сакавіка, рэгіструецца больш за 1100 пераходаў права ўласнасці, у той час як сярэднегадавыя паказчыкі 2014 і 2015 гадоў былі на ўзроўні 950 здзелак у месяц».

Паводле ацэнкі эксперта, за кошт стабільнай колькасці здзелак колькасць кватэр, якія прапануюцца на продаж з месяца ў месяц, вагаецца на ўзроўні каля 7,5 тысячы, што з'яўляецца для Мінска звычайным за апошнія некалькі гадоў паказчыкам.

Больш за ўсё купляецца і прадаецца кватэр (53% ад агульнай колькасці здзелак), якія не маюць свежага сучаснага рамонту і мэблі з бытавой тэхнікай. Прычына ў іх цэнавай даступнасці — сярэднія кошты знаходзяцца на ўзроўні каля 38 тыс. долараў для аднапакаёвых, 50 тыс. долараў для двухпакаёвых і 62 тыс. — для трохпакаёвых кватэр. Пераважны масіў такіх кватэр размяшчаецца ў дамах, пабудаваных яшчэ ў 70—90-х гадах.

Бліжэй да цэн

Гатовыя да пражывання кватэры з сучасным рамонтам, а магчыма, і мэбляй з бытавой тэхнікай, як правіла, каштуюць на 20% даражэй. Сярэдні кошт аднапакаёвай, гатовай да пражывання кватэры гэтым летам знаходзіцца на ўзроўні 45 тыс. долараў, двухпакаёвай 60 тыс., трохпакаёвай 75 тыс.

У структуры здзейсненых здзелак з кватэрамі другаснага рынку Мінска можна вылучыць у асобную групу дамы, маладзейшыя за 2009 год пабудовы. Доля здзелак з кватэрамі ў падобных дамах складае каля 17%.

Як адзначае Святлана Кудзелка, сучасныя планіроўкі і добры стан месцаў агульнага карыстання — асноўнае, што прыцягвае пакупнікоў. «Акрамя таго, за кошт свайго пакуль яшчэ маладога ўзросту яны могуць выступаць рэальнай альтэрнатывай новабудоўлям», — тлумачыць эксперт.

Калі кватэра ў такім нядаўна пабудаваным доме прадаецца з добрым рамонтам, мэбляй, а магчыма, і бытавой тэхнікай, то яе кошт у залежнасці ад плошчы і месцазнаходжання ў сярэднім вар'іруецца:

ад 46 да 60 тыс. долараў для аднапакаёвых кватэр;

ад 67 да больш як 100 тыс. долараў для двухпакаёвых кватэр;

ад 95 тыс. долараў і больш для трохпакаёвых кватэр.

Калі ж добры рамонт і мэбля не прынцыповыя, то можна разлічваць на больш нізкія кошты:

ад 43 да 55 тыс. долараў для аднапакаёвых кватэр;

ад 50 да больш як 77 тыс. долараў для двухпакаёвых кватэр;

ад 77 да 90 тыс. долараў для трохпакаёвых кватэр.

Бюджэтныя прапановы

У пакупнікоў, якія шукаюць недарагія прапановы, ёсць некалькі варыянтаў: шукаць мінімальныя па плошчы кватэры, якія прадстаўлены на другасным рынку ў асноўным старым жылым фондам (хрушчоўкі-брэжнеўкі), або звярнуць увагу на бліжні прыгарад Мінска. Тыя, хто не хоча купляць кватэру «пад аднаўленне», выбіраюць апошні варыянт.

Кватэру ў бліжнім прыгарадзе Мінска выбіраюць 8% пакупнікоў, пры гэтым практычна палова здзелак прыпадае на кватэры ў дамах, маладзейшых за 2009 год пабудовы. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія населеныя пункты, як Калодзішчы, Бараўляны, аг. Лясны і Фаніпаль. Сярэдні кошт «квадрата» знаходзіцца на ўзроўні 1040 долараў для аднапакаёвых (-5% у параўнанні з сярэднім узроўнем па Мінску), 850 долараў для двухпакаёвых (-14%), 660 долараў для трохпакаёвых кватэр (-32%).

Стабільны попыт застаецца і на асобныя пакоі. Многія думаюць, што пакоі паасобку прадаюцца толькі ў кватэрах старога жылога фонду, але гэта не так — ёсць прапановы пакояў і ў дастаткова «свежых» дамах. Пакоі запатрабаваны ў першую чаргу пакупнікамі з рэгіёнаў. У прыватнасці, пакоі купляюцца бацькамі студэнтаў. Можа паўстаць пытанне — чаму б адразу не купіць аднапакаёвую кватэру? Адказ просты — недахоп грошай і нежаданне выкарыстоўваць крэдыт або адсутнасць такой магчымасці. Да таго ж пры куплі пакоя не выключаецца магчымасць выкупу ўсёй кватэры пазней. Доля здзелак з пакоямі гэтым летам знаходзіцца ў межах 3%. Кошты, у залежнасці ад месцазнаходжання, стану кватэры, плошчы самога пакоя і некаторых іншых параметраў вар'іруюцца ад 12 да 20 тыс. долараў. У прыватнасці, мінімальныя цэны характэрныя для пакояў, якія размяшчаюцца ў кватэрах бліжняга прыгарада Мінска.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?