Вы тут

Прыёмная кампанія выходзіць на фінішную прамую


Вышэйшыя навучальныя ўстановы сілавых ведамстваў учора ўжо агучылі прозвішчы курсантаў, якія будуць навучацца за кошт уласных сродкаў. Творчыя ВНУ павінны зрабіць гэта сёння, 3 жніўня. Апошні дзень падачы дакументаў ва ўсе іншыя ВНУ, у тым ліку і сельскагаспадарчыя, — 4 жніўня. У 18 гадзін прыёмныя камісіі зачыняць свае дзверы для абітурыентаў.


За некалькі дзён да заканчэння прыёму дакументаў у шэрагу ВНУ на платнай форме навучання ўжо склалася конкурсная сітуацыя. Так, у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце на 100 платных месцаў на лячэбным факультэце прэтэндавалі 145 чалавек, прычым з даволі высокімі баламі: 10 абітурыентаў маюць больш як 351 бал. На стаматалагічным факультэце на 60 месцаў было пададзена 83 заявы, прычым 5 чалавек мелі ў сваім багажы больш як 371 бал і 14 абітурыентаў — больш як 361 бал. А на самым папулярным у моладзі фармацэўтычным факультэце на 30 месцаў прэтэндавалі ўжо 53 чалавекі таксама з вельмі высокімі баламі...

У БДУІР абітурыенты з баламі ад 330 да 370 падалі заявы на факультэт камп'ютарных сістэм і сетак. Але, напрыклад, ахвотных паступіць на спецыяльнасць «нанатэхналогіі і нанаматэрыялы ў электроніцы» ўвогуле не назіралася.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце журналістыкі на спецыяльнасць «вэб-журналістыка» на 10 платных месцаў прэтэндуюць 20 чалавек. Хапае ахвотных вывучаць у БДУ за ўласныя сродкі гісторыю, інфарматыку, прыкладную матэматыку, камп'ютарную бяспеку, біяхімію, мікрабіялогію, замежныя мовы, псіхалогію, сацыяльныя камунікацыі, менеджмент, эканамічную інфарматыку, правазнаўства... На факультэце міжнародных адносін на платных месцах збіраюцца навучацца абітурыенты, якія маюць больш як 381 (!) бал. Нават з такімі бліскучымі сертыфікатамі і атэстатамі на бюджэт яны не прайшлі. Нагадаем, што прахадны бал на спецыяльнасці «міжнародныя адносіны» і «міжнароднае права» на бюджэтнай форме навучання склаў 384. У прыёмнай камісіі Белдзяржуніверсітэта прагназуюць, што прахадныя балы на фізіка-матэматычныя спецыяльнасці на платнай форме навучання могуць узрасці, таму што там сярэдні бал у абітурыентаў вышэйшы, чым летась.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце на «практычнай псіхалогіі» конкурс ужо складае 2 чалавекі на месца. А на факультэце дашкольнай і пачатковай адукацыі назіраецца сапраўдны аншлаг: на 10 месцаў — 48 прэтэндэнтаў. Між іншым, у БДПУ ўжо зрабілі першыя высновы наконт ільготы, якая была дадзена сёлета выпускнікам профільных педагагічных класаў. Як ні дзіўна, але ў гэтага рашэння было шмат апанентаў, маўляў, педагагічныя класы становяцца цудоўным «пралазам», які дазваляе слабым вучням трапіць затым у ВНУ без экзаменаў. Ці шмат знайшлося ахвотных скарыстацца такім «пралазам»?

Высветлілася, што правам паступаць у вядучую педагагічную ВНУ краіны без экзаменаў, па выніках гутаркі, скарысталіся 107 чалавек (яшчэ 35 выпускнікоў педагагічных класаў паступалі па агульным конкурсе). Ва ўсіх іх былі выдатныя характарыстыкі і рэкамендацыі педсаветаў школ, гэта значыць, што першыя педагагічныя пробы пры рабоце з малодшымі школьнікамі яны прайшлі паспяхова. А сярэдні бал атэстата ў такіх абітурыентаў быў 9 і вышэйшы. Умовай, нагадаем, было мець у атэстаце ўсе адзнакі не ніжэй як 7 балаў, а па профільных прадметах выбранай спецыяльнасці — не ніжэйшыя за 8 балаў...

Увогуле ў гэтым годзе педагагічныя класы школ, якія ёсць ва ўсіх рэгіёнах, выпусцілі прыкладна 1350 чалавек. Правам паступіць без іспытаў у ВНУ краіны скарысталіся крыху больш як 160 абітурыентаў. У БДУ, напрыклад, такіх увогуле было толькі два. Магчыма, кагосьці спыніла перспектыва пяцігадовай абавязковай адпрацоўкі на тым месцы, куды цябе размяркуюць... Гэта даволі жорсткая ўмова, якая ставіць вельмі моцных абітурыентаў на адну планку з «мэтавікамі»...

У БДПУ з задавальненнем канстатуюць, што ў цэлым ва ўніверсітэце змяняецца гендарны склад паступаючых. У мінулым годзе на факультэт прыродазнаўства паступіла 30% юнакоў, на фізіка-матэматычны і гістарычны — 40%, а на факультэце фізічнага выхавання юнакі склалі 60% ад агульнай колькасці першакурснікаў. Аналагічная тэндэнцыя назіраецца і сёлета... Не менш радуе кіраўніцтва ўніверсітэта і той факт, што на спецыяльнасць «фізіка і інфарматыка» прахадны бал на бюджэт у параўнанні з мінулым годам вырас на 50 пунктаў. У цэлым жа конкурс на фізмат з 2015 года змяніўся з 1,1 да 1,7 чалавека на месца. Пра больш моцны набор сведчыць і той факт, што студэнтамі фізіка-матэматычнага факультэта сталі 22 медалісты і ўладальнікі дыплома ССНУ з адзнакай, а таксама абітурыентка, якая мае самы высокі бал па ўніверсітэце — 355.

На платную форму навучання залічэнне павінна завяршыцца да 6 жніўня. Абітурыенты, якім не пашчасціць стаць студэнтамі, пры жаданні змогуць паспрабаваць паступіць са сваімі сертыфікатамі ў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову або ў наступным годзе зноў у ВНУ. Нагадаем, што тэрмін дзеяння сертыфікатаў быў падоўжаны на два гады.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».