Вы тут

Шукальнік беларускага жыцця


Успамінаючы архівіста Віталя Уладзіміравіча Скалабана ў дні яго 70-годдзя, канешне ж, першае, пра што пачынаеш думаць: як рана пайшоў з жыцця гэты апантаны збіральнік памятак беларускага жыцця. Не стала яго ў 2011 годзе. Улетку...


З нашым выдавецтвам «Літаратура і мастацтва» яго ядналі многія ідэі. Так, Скалабан перш-наперш успамінаецца праз прызму менавіта ідэй, праз прызму яго ўяўленняў пра магчымыя здзяйсненні. І нават часам, калі нешта не ўдавалася ажыццявіць па аб'ектыўных прычынах, сама ідэя набывала фармат дзеі. Хоць, канешне ж, і зробленага за ім, зробленага з яго падказак можна налічыць нямала... Уражваюць абсягі яго асабістых зацікаўленняў, абсягі яго жаданняў і памкненняў.

Сустракаючыся з Віталем Уладзіміравічам у розных рэдакцыях (а знаёмства наша адносіцца да першай сустрэчы ў рэдакцыі гісторыі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» на самым пачатку 1990-х гадоў), заўсёды дзівіўся яго добраму, светламу настрою. Нават апошнія сустрэчы ў «ЛіМе», калі ён чарговы раз выйшаў з бальніцы (як і тэлефонныя размовы пасля адпаведных працэдур, прыняцця лекаў, калі яму, пэўна, і гаварыць было цяжка), былі даволі лёгкімі, прыязнымі. І калі ўжо ён сыходзіў з выдавецтва альбо калі тэлефон замаўкаў, думалася пра самае страшнае, пра тое, што і яго забірае смерць. Адлік часу ішоў... А гаварылі мы ўсё адно пра справу, пра новыя публікацыі...

Мне пашчасціла быць выдаўцом, хутчэй нават — мне пашчасціла быць сведкам зносін Віталя Уладзіміравіча з выдавецтвам. У «ЛіМе» ішоў «трохтомнік» «Купала і Колас, вы нас гадавалі...». Размова — пра зборнік дакументаў з розных архіваў, прысвечаных народным песнярам Беларусі — Якубу Коласу і Янку Купалу. Канешне ж, над кнігай працавала каманда з Нацыянальнага архіва Беларусі. Быў у гэтай каманды і дарадца, падказчык самы што ні ёсць аўтарытэтны — член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі літаратуразнаўца Міхась Іосіфавіч Мушынскі. Можна назваць многія імёны тых, хто спрыяў нараджэнню зборніка. І ўсё ж Віталь Уладзіміравіч — галоўны арганізатар і галоўны, лічы, «аўтар» (архівісты, канешне, укладаюць, упарадкоўваюць, яны дакументы не перапісваюць, не перарабляюць згодна з сваім, калі хочаце, мастацкім мысленнем) не толькі навуковага, але і творчага праекта адкрыцця купалаўскіх і коласаўскіх дакументаў.

Віталь Скалабан змог паяднаць дзеля вырашэння адной супольнай задачы многіх людзей — архівістаў, музейшчыкаў, бібліёграфаў. Не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Нарадзілася кніга, якой будуць карыстацца ва ўсе часіны, пакуль будуць помніць народных песняроў Беларусі Купалу і Коласа, пакуль будзе жыць і квітнець беларускае слова. Гэты «трохтомнік» меў у прынцыпе процьму шанцаў не выйсці ў свет альбо выйсці нашмат пазней. Ці выйсці дастаткова абмежаваным тыражом. Што ўвогуле зрабіла б актуальную па розных прычынах кнігу малавядомым выданнем. Па-першае, адпужваў аб'ём (спярша была ідэя выдаць увесь архіўна-даументальны збор адной кнігай, пад адной вокладкай). Па-другое, нават калі ўжо пабачыла свет першая кніга, працягу работы заміналі сумненні пра распаўсюджванне спецыфічнага, далёка не масавага выдання. Хто стане чытачом кнігі дакументаў? Тыраж у 1000 экзэмпляраў для томіка архіўных матэрыялаў — справа рызыкоўная.

Але і з распаўсюджваннем атрымалася, усё склалася. Хоць і не было гэта такой простай справай. І болей як тысячу старонак — дзве велізарныя скалабанаўскія папкі — расклалі на дзве кнігі, а пасля і другую кнігу падзялілі яшчэ на дзве часткі. У выніку атрымалася трохкніжжа. Адным словам, выданне «Купала і Колас, вы нас гадавалі...» здзейснілася.

Апошняя прэзентацыя (ужо пасля поўнага завяршэння праекта) праходзіла ў Нацыянальным архіве Беларусі. Без Віталя Скалабана, які на той час ужо пакінуў гэты свет... Зразумела, ці не ўсе выступоўцы згадвалі Віталя Уладзіміравіча. І тады думалася пра вартасць высокай адзнакі гэтай працы, не позна, мяркую, гэта зрабіць і зараз...

Згадаўшы фактычна адзін толькі «эпізод» шматаблічнага жыцця Віталя Уладзіміравіча, ведаю, што такіх спраў за ім лічыцца далёка не адна. Неяк на аўтобусным прыпынку ён сказаў пра расхрыстанасць, пра тое, што раскідаў сябе па розных клопатах. Гэта прагучала ў звязку з навуковымі здабыткамі ці адзнакамі — маўляў, магла б даўно быць напісанай доктарская...

І доктарская дысертацыя, і манаграфіі па тых перыядах беларускай гісторыі, якія цікавілі яго найперш, — усё гэта магло б, зразумела, адбыцца і, відаць, было б не лішнім. Не толькі асабіста для Віталя Уладзіміравіча, але і ўвогуле для беларускай гістарычнай навукі. Але ён адбыўся ў іншым. Праз розныя практычныя здзяйсненні — публікацыю дакументаў, выступленні ў перыядычным друку, праз дакументальныя фільмы і тэлевізійныя перадачы, а яшчэ праз шматгадовае супрацоўніцтва з газетай «СБ. Беларусь сегодня», праз многія і многія выступленні на канферэнцыях, чытаннях, праз тысячы падказак і аргументаваных кансультацый для іншых — ён зрабіў неверагодна шмат. Зрабіў дзеля вяртання сапраўднай беларускай гісторыі. Такім ужо склаўся яго лёс. Шчаслівы лёс сумленнага навукоўца.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».