Вы тут

Як прайшоў першы прыём грамадзян новым старшынёй Мінскага аблвыканкама


Адна з галоўных задач Анатоля ІСАЧАНКІ на пасадзе кіраўніка Мінскай вобласці заключаецца ў дапамозе людзям. Першы асабісты прыём грамадзян у новай для сябе ролі старшыня правёў у Барысаўскім раённым выканаўчым камітэце. На сустрэчу запісалася 12 чалавек, і кожная праблема патрабавала дакладнага вывучэння. За ходам шматгадзіннага прыёму прасачыў наш карэспандэнт.


Перад пачаткам асабістага прыёму грамадзян старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў Барысаўскім райвыканкаме панавала невялікае хваляванне. Яшчэ б: грамадзяне не часта даходзяць да такога ўзроўню ўлады, каб задаць пытанні, якія іх хвалююць. Гэтым разам большасць праблем людзей была звязана з жыллём і рознага роду будаўніцтвам.

Напрыклад, жыхар вёскі Маісееўшчына папрасіў старшыню дапамагчы з набыццём жылога дома ў аднаго з буйных барысаўскіх прадпрыемстваў. Шмат гадоў таму яму выдзелілі 25 сотак зямлі, на якіх ён узвёў розныя будынкі, каб арганізаваць фермерскую гаспадарку. «Калі я звярнуўся, каб выкупіць зямлю, на прадпрыемстве мне сказалі афармляць зямельны ўчастак і далі дабро на выкуп, — успамінаў мужчына. — Я два гады афармляў гэты ўчастак, пашпарт на дом атрымаў, а потым рашэннем арганізацыі мне было сказана, што раз я 10 гадоў не адпрацаваў на прадпрыемстве, я гэтую зямлю выкупіць не магу».

Анатоль Ісачанка даручыў старанна вывучыць пытанне і пастарацца дапамагчы з выкупам зямлі ў прадпрыемства, аднак толькі ў тым выпадку, калі няма іншых абставін. На яго думку, у падобных выпадках, калі чалавек менш за 10 гадоў адпрацаваў на прадпрыемстве і прэтэндуе на выкуп зямлі, неабходна строгае абгрунтаванне, з якой прычыны прымаецца тое або іншае рашэнне. «Адна справа, калі чалавек год жыў, а потым паехаў у горад, і іншая — калі ўвесь час жыве і працуе на зямлі», — дадаў Анатоль Ісачанка.

Многія пытанні, з якімі звярталіся людзі, маглі б і не паўстаць, калі б грамадзяне старанна вывучалі заканадаўства і звярталіся да спецыялістаў розных ведамстваў. Так, Іван С. прасіў адмяніць рашэнне Барысаўскага райвыканкама аб зносе самавольна збудаваных ім аб'ектаў. Ён атрымаў зямлю, закупляў жывёлу, узвёў будынкі без неабходнай дакументацыі, працаваў тры гады, пасля чаго атрымаў пастанову аб незаконным будаўніцтве.

Як аказалася, на выдзеленай зямлі можна было ўзводзіць часовыя пабудовы, але не капітальныя. Пабудовы Івана зусім не падобныя на часовыя. Акрамя таго, на гэтай зямлі нельга было трымаць жывёлу. «Скажыце, чаму вы ўзводзілі будынак без дазволу, без дакумента?» — такое пытанне паступіла заяўніку ад старшыні аблвыканкама. Падобныя выпадкі, на жаль, нярэдка адбываюцца з-за няўважлівасці саміх людзей, таму заўсёды трэба старанна вывучаць законы.

З даволі незвычайнай праблемай да старшыні звярнулася Інеса Д. Па словах жанчыны, яна атрымала ў спадчыну зямельны ўчастак, на які хацела правесці ваду, газ, зрабіць неабходны рамонт у доме. Але сёння гэта не ўяўляецца магчымым: ва ўчастка нестандартнае размяшчэнне, таму трапіць на яго можна толькі з дапамогай невялікага прахода. Іншымі словамі, да ўчастка няма дарогі. Жанчына папрасіла пашырыць праход хоць бы да 3—3,5 метра, аднак гэта можна зрабіць толькі за кошт тэрыторый суседніх участкаў, але сусед-уласнік на такое не згодны. Адвакат жанчыны, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, падкрэсліў, што суседняму ўласніку прапанавалі кампенсаваць частку ўчастка, а таксама выплаціць грошы за страчаныя насаджэнні, але атрымалі цвёрдую адмову. «Чаму не згаджаецца сусед? З-за канфлікту», — прызналася жанчына.

Чаму яна атрымала такі нязручны ўчастак? Аказалася, што першапачаткова ён быў адзіным, аднак потым яго падзялілі, і частку перадалі іншаму чалавеку. З-за канфлікту і негатоўнасці суседзяў дамовіцца надзвычай складана вырашыць гэтае пытанне.

— Праблема заключаецца ў іншым: як толькі мы правядзём ваду і газ, то нельга зверху рабіць дарогу, — адзначыў Анатоль Ісачанка. Старшыня аблвыканкама даручыў разабрацца з незвычайнай сітуацыяй.

На асабістым прыёме грамадзян мела месца і ўсмешка. Таццяна У. звярнулася да старшыні па пытанні прыватызацыі кватэры і яе газіфікацыі. Праваўстанаўліваючых дакументаў на гэтую кватэру ў яе няма, таму жанчына атрымала час на правядзенне рэгістрацыі. Мясцовы райвыканкам падтрымаў жанчыну, але параіў не прыватызаваць кватэру, паколькі сума прыватызацыі будзе немалой. Акрамя таго, магчыма, у будучыні кватэру прыйдзецца зносіць з-за струхлеласці будынка.

Таццяна жыве з мужам і дачкой, якія маюць групы па інваліднасці. Старшыня аблвыканкама даручыў прадпрыемству, на балансе якога знаходзіцца дом, правесці газ за два месяцы. Таццяна не чакала такога хуткага рашэння, таму пакідала прыём са шчаслівай усмешкай.

— Трэба імкнуцца да таго, каб усім было добра. Наколькі гэта рэальна? Жыццё заўсёды ставіць пытанні, — адзначыў Анатоль Ісачанка пасля заканчэння прыёму грамадзян. — Напэўна, сказаць, што ўсё вырашана — гэта не зусім дакладна. Наша задача — вырашаць, каб усім было добра, у любым выпадку і пры разглядзе любога пытання.

На думку старшыні аблвыканкама, пры вывучэнні праблем грамадзян трэба ўлічваць усе інтарэсы, аднак у аснове павінен быць закон.

— Ці адрозніваецца спектр пытанняў грамадзян у Барысаўскім раёне ад іншых рэгіёнаў? Прынцыпова не адрозніваецца. Тыя ж зямельныя пытанні, а таксама праблемы з уводам у эксплуатацыю пабудаваных аб'ектаў, — канстатаваў Анатоль Ісачанка.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: У пошуку адказаў і справядлівасці

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.