На пляцоўцы спартыўна-забаўляльнага комплексу Fаlсоn Сlub выступяць 126 гімнастак з 24 краін, большасць удзельніц ужо ў Беларусі, па невядомых прычынах на турнір не прыехалі спартсменкі з Германіі і Ізраіля. А вось наша зборная будзе выступаць у поўным складзе, краіну прадставіць лідар каманды Кацярына Галкіна, узыходзячая зорка Аліна Гарнасько і тытулаваныя групавічкі — Анастасія Рыбакова, Марыя Кацяк, Ганна Гайдукевіч, Ганна Швайба, Маргарыта Авадзінская і Арына Цыцыліна.
— Мы пастараемся, каб сёлета ўсё прайшло так жа цудоўна, як і летась, — расказвае галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Ірына Ляпарская. — Прыедуць наймацнейшыя гімнасткі, яны рыхтуюцца да чэмпіянату свету, які пройдзе ў верасні ў італьянскім Пезара, таму гэта адна з апошніх рэпетыцый перад галоўным стартам сезона. Мне б хацелася, каб мінчане прыйшлі падтрымаць нас, пахварэлі за дзяўчат, атрымалі задавальненне і падзялілі з намі гэта свята. А ў канцы мы зробім падарунак у выглядзе гала-канцэрта, які будзе вельмі прыгожы і цікавы.
Спецыяльна на турнір у Мінск прыляцела пяціразовая алімпійская чэмпіёнка, пяціразовая чэмпіёнка свету Нэлі Кім. Для славутай спартсменкі гэта першы візіт у Беларусь у якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі.
— Я вельмі рада быць тут, хачу павіншаваць беларускую Асацыяцыю гімнастыкі з тым, што вам удалося атрымаць гэты турнір. Кубкі свету набываюць усё большае значэнне і з'яўляюцца другой кваліфікацыяй да Алімпійскіх гульняў, — сказала ў мінулым вядомая спартсменка.
Арганізатары турніру таксама адзначаюць, што ў Мінск прыедзе чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы Людміла Турышчава і, магчыма, чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксей Немаў.
Этап Кубка свету стартуе 4 жніўня ў 15.00 кваліфікацыяй. Яна працягнецца ў суботу ў такі ж час, і завершацца спаборніцтвы ў нядзелю фіналамі, якія пачнуцца ў 13.00.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.