19 Верасень, серада

Вы тут

З болем аб родным папялішчы


Газета працягвае публікацыю матэрыялаў у падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея Алеся Адамовіча.

Учора, 3 жніўня 2017 года, споўніўся 91 год з дня нараджэння пісьменніка. А тая 90-гадовая юбілейная дата, якую мы яшчэ будзем адзначаць 3 верасня, узнікла ў выніку таго, што падчас вайны маці «падмаладзіла» сына, каб яго не пагналі ў Германію. Пазней выратавальная дата стала для пісьменніка пашпартнай.

Наогул, тэма вайны для Адамовіча знакавая. І адной з яркіх і моцных па ўздзеянні з'яўляецца аповесць «Карнікі», у аснову якой ляглі жудасныя падзеі вакол вёскі Боркі Кіраўскага раёна. Сённяшняя гераіня публікацыі — адна са сведак той нечалавечай акцыі застрашвання мірнага насельніцтва. Алесь Адамовіч усё жыццё прысвяціў таму, каб праз лёс такіх, як яна, людзей нагадаць пра кволасць гэтага свету і пра тое, як важна захаваць мір. Аповесць стала асновай для фільма «Ідзі і глядзі». Некалькі гадоў таму яна была перавыдадзена ў Англіі і Францыі.


...15 чэрвеня 1942 года карнікі штурмбанфюрара СС Аскара Паўля Дырлевангера забілі і спалілі жыхароў беларускай вёскі Боркі Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У агні загінула больш за 1800 чалавек. Акрамя гэтай вёскі, спецбатальён (адзін са шматлікіх, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі) знішчыў яшчэ каля 200 вёсак — больш за 120 тысяч чалавек. У ліку гэтых вёсак і Хатынь...

Сведка карных аперацый фашыстаў Ніна Іванова дагэтуль жыве пад уплывам тых страшных падзей.

Яна з тых, хто сваімі вачыма бачыў увесь гэты жах, але застаўся жывы. Каб расказаць пра трагедыю сваім дзецям, унукам, усім нам. Жанчына да дробязяў памятае падзеі 75-гадовай даўніны. Кажа, можа забыцца пра тое, што з ёй было ўчора, але той дзень гатова аднавіць ледзь не па хвілінах. У 1942-м, калі карнікі спалілі вёску Боркі, ёй было 10 гадоў...

— Да вайны мы жылі ў вёсцы Хонава, да Борак рукой падаць — усяго толькі поле перайсці, — расказвае яна. — У нашай сям'і было шасцёра дзяцей, мы з братам Мішам старэйшыя. Запомнілася, што ў той ракавы дзень нізка над вёскай ляцелі нямецкія самалёты, і іх было шмат. Потым на вуліцы пачалася нейкая трывожная мітусня, людзі беглі, нешта крычалі. Маці выскачыла з хаты: што здарылася? Нехта пракрычаў: гора страшнае, Боркі гараць. Цераз лес з Борак прыбеглі перапалоханыя хлопчык з дзяўчынкай, якія з плачам паведамілі жудасную навіну: «У нас людзей б'юць і двары паляць...»

...Са сведчанняў былога карніка-дырлевангераўца:

«На гэтую аперацыю мы выязджалі з Чачэвіч на аўтамашынах і матацыклах. Прыкладна за тры кіламетры ад вёскі Боркі на шашэйнай дарозе Магілёў—Бабруйск мы прыпыніліся. Паступіла каманда ачапіць цэнтральную вёску і прылеглыя да яе пасёлкі з усходняга і паўночнага бакоў...»

— Да вайны мой бацька быў брыгадзірам калгаса. Дома ў нас быў конь і ўсё, што да яго прыкладаецца — калёсы, сані. А ў Борках жылі матуліны бацькі. Памятаю, як бабуля Аксіння напярэдадні карнай аперацыі завітала да нас з графінам малака і блінамі. Таты дома не было, і яна папрасіла перадаць, каб ён прыйшоў назаўтра паскародзіць бульбу. Тады яшчэ нічога не прадвяшчала бяды. Але мая маці, напэўна, нешта адчувала. Калі бацька на золаку пачаў збірацца ў Боркі, яна маліла яго не ехаць. Яны нават пасварыліся, але ён яе не паслухаўся. Болей мы жывым яго не бачылі...

...Са сведчанняў жыхароў «вогненных вёсак»:

«Расказаць вам як гэта ўсё пачыналася? Я ячмень жала, а жыта стаяла, і там перабілі 12 душ. А як сталі тых людзей біць, я вось так лягла ніцма і заснула. Я не чула, як іх білі, не чула ані піску таго, ані крыку. А потым, калі ўстала я — вой! — ужо мая хата ўпала, ужо і суседскія. Усё трашчыць, і свінні пішчаць, і ўся скаціна раве. Так я паднялася і стаю, а суседка ідзе і кажа: «Чаго ты тут стаіш? У нас жа ўсіх пабілі...»

— Немцы як раз акружылі вёску, калі тата прыехаў да бабулі. Тут іх усіх і забілі — і дзеда, і бабулю, і бацьку. Маці казала, што яго абгарэлае цела ляжала ля калёсаў. Ужо пасля, калі ўсё сціхла, дарослыя прабраліся ў спаленую вёску, сабралі ў скрыначку ўсё, што засталося ад родных, і пахавалі на сельскіх могілках. Карнікі не шкадавалі нікога, ні дзяцей, ні цяжарных, ні старыкоў. Загналі ўсіх у школу, аблілі яе гаручым і падпалілі. Зарава і чорны страшны дым былі бачны здалёк. Разам з жыхарамі былі спаленыя і суседнія пасёлкі — Пралетарый, Чырвоны Араты, Закрынічча, Доўгае поле, Хватаўка...

...Во жылі людзі пад дахамі і не ведалі, што самае небяспечнае месца цяпер — свой дах, свае сцены. Тут чалавек, як у пастцы. Дом паказвае, дзе цябе шукаць. Але людзі па звычцы лічаць, што свае сцены дапамагаюць. Хіба што гарэць!..

— На наступны дзень лёс Борак чакаў і Хонава. Але амаль усе паспелі сысці ў лес. І мы таксама. Маці засталася адна з шасцю дзяцьмі на руках, апошняе як раз толькі нарадзілася. Яна была ў разгубленасці. У нас быў вялікі ўтульны дом, гаспадарка. Шкада было дабро кідаць. Але маці сабрала неабходнае, і мы разам з іншымі рушылі ў лес. Назаўтра ўсіх, хто застаўся ў вёсцы, забілі. А хаты спалілі. Усе да адной. Мы ўсю вайну ў лесе жылі. Немцы туды баяліся сунуцца, міма праязджалі. Партызаны ім часта засады рабілі. Атрад, дарэчы, «Кіравец» называўся.

Як перажылі вайну, не ведаю. Голад быў страшны. У зямлянках ад насякомых не было спасу. Рукі свярбелі ад каросты. Калі немцы адступалі, пакідалі сваіх аўчарак. Яны нападалі на дзяцей і згрызалі іх да костак. Толькі пасля таго, як нашы мужчыны забілі двух сабак, дзеці перасталі знікаць.

...З хадайніцтваў карнікаў аб памілаванні:

...Перад арыштам на маім утрыманні было 8 дзяцей, але ні ім, ні жонцы я не расказваў аб маіх злачынствах, бо расказваць ім пра гэта было жахліва...

Ніна Сцяпанаўна з унукам Дзянісам

Памятаю, як пасля вайны нашы салдаты на конях дамоў ехалі. Мы з лесу выскоквалі, рвалі кветкі і на іх кідалі. Як мы рады былі, словамі не перадаць. На жаль, наша родная вёсачка Хонава так і не адрадзілася. Маці дапамаглі пабудаваць невялічкую хатку ў Грыбаўцы, што за кіламетр ад Борак. Так пачалося наша новае жыццё. Ежы не хапала, мы збіралі на полі гнілую бульбу, маці яе чысціла, таўкла ў ступе і пякла аладкі. А яшчэ, каб не памерці з голаду, мы са старэйшым братам хадзілі ў навакольныя вёскі «па міласці». Калі падраслі, маці адправіла нас у Бабруйск у нянькі. Працавалі ў асноўным за ежу. Пра тое, каб купіць нешта апрануцца, і размовы не было. Потым знайшла работу на хлебазаводзе, і стала лягчэй. І сама мела магчымасць пад'есці, і сясцёр з маці накарміць. А потым выйшла замуж і пераехала жыць у іншы населены пункт. Выхоўвалі з мужам дзяцей, шмат працавалі. Нават медаль ёсць за працоўныя заслугі. Усякае ў маім жыцці было, але нічога страшнейшага за тую трагедыю ў Борках і ўявіць сабе нельга. З тых вёсак, якія спалілі карнікі, яна адзіная была адноўлена пасля вайны. У гонар загінулых жыхароў на месцы трагедыі пабудаваны мемарыял з капліцай. А паабапал яго стаяць званы, як у Хатыні, сваімі жалобнымі гукамі нагадваюць пра нявінных ахвяр. Хаты ў Грыбаўцы, дзе мы жылі пасля вайны, таксама ўжо няма. На тым месцы браты паставілі вялікі валун — на памяць. Калі прыязджаем на могілкі, абавязкова прыходзім туды пастаяць, памаўчаць. Вакол толькі луг і лес шуміць, нібы нашы родныя аб нечым шэпатам размаўляюць.

Дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама

р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ «АСБ Беларусбанк», код 760, г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Увага! Падача назначэння плацяжу прынцыповая! Гэты доўгі сказ абавязкова павінны быць пазначаны на банкаўскім дакуменце.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

У тэксце выкарыстаны ўрыўкі з аповесці Алеся Адамовіча «Карнікі. Радасць нажа або жыццяпіс гіпербарэяў».

Фота з архіваў унука Ніны Сцяпанаўны Дзяніса Іванова.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.