Вы тут

«Звязда» выехала на ўборку аўса ў Чачэрскі раён


Уборка сёлетняга ўраджаю ідзе са спазненнем на 10—14 дзён.​Тым не менш прыкладна чвэрць збожжавых і зернебабовых абмалочана на Гомельшчыне на гэты час. І калі ў лідарах сёння Рэчыцкі раён, дзе гаспадаркі ўбралі практычна палову ад пасеянага, то на поўначы вобласці толькі пачалі масава збіраць збожжа. Але ж і тут, гавораць, разлікі на ўраджай зусім не дрэнныя.


Старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі аддзела ўнутраных спраў Чачэрскага райвыканкама Цімафей Шаршнёў з праверкай сельгастэхнікі на полі ААТ «Звязда».

З дырэктарам ААТ «Звязда» Чачэрскага раёна Галінай Трыбунах мы выязджаем на поле, дзе поўным ходам ідзе ўборка аўса. У кіроўцаў, якія працуюць на адвозе зерня, літаральна няма хвілінкі на перакур.

— Прастояў у нас няма, — кажа кіраўнік гаспадаркі. — Уборка збожжавых спакон вякоў — гэта асноўны заробак людзей. І яны самі разумеюць, што трэба працаваць з чатырох гадзін раніцы. Гэта такая пара, што адпачываць няма калі. Хаця мы заўсёды кажам: калі стаміліся — лепш перадыхніце гадзіну, а потым працуйце. Праблем тут не будзе, бо вельмі цяжкая праца ў камбайнераў. Сёння ж, калі добрае надвор'е, дарагая кожная хвіліна. Ёй і карыстаемся. Каб болей убраць, намалаціць.

Сёлета ў гаспадарцы пачалі ўбіраць збожжа толькі 27 ліпеня. Хоць летась камбайны на поле выходзілі ўжо трынаццатага. Дажджлівае надвор'е ўнесла свае карэктывы ў тэрміны, але ж перспектывы на ўраджай добрыя, гаворыць Галіна Трыбунах:

— Намалоцім дакладна больш, чым летась. І ўраджайнасць вышэйшая будзе. Цяпер авёс у нас ідзе дзесьці 60 ц/га. Пшаніцы і трыцікале, думаю, не менш за 50 будзе. Жыта яшчэ не пачыналі. Хаця, думаем, ураджайнасць за 40, як і ячмень, будзе. І, заўважце, гэта з улікам бала глебы ў нас толькі 24,8. Я люблю, калі відаць канчатковы вынік уборачнай пары, калі намалоты пайшлі. Задавальненне такое атрымліваеш, што душа радуецца. Калі надвор'е стаіць добрае — едзеш, любуешся і думаеш: Госпадзі, як добра колас наліваецца! Возьмеш бубачку зерня, глядзіш на яе — якая прыгажосць!

У паспяховай гаспадарцы, якую адзінаццаты год узначальвае член Савета Рэспублікі Галіна Трыбунах, клапоцяцца і пра бяспеку на ўборцы. Галіна Пятроўна пастаянна на сувязі з супрацоўнікамі МНС. Гаворка ідзе аб забяспечанасці сродкамі пажаратушэння. Сельгасугоддзі ўсёй Гомельскай вобласці падзелены на зоны патрулявання. Рэйды штодзень. Правяраецца спраўнасць вогнетушыцеляў, іскрагасільнікаў, уменне механізатараў працаваць бяспечна ў гарачы перыяд.

Сваю справу на жніве робяць і міліцыянеры. За імі замацавана прадухіленне злачынных замахаў на таварна-матэрыяльныя каштоўнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і крадзяжоў збожжа новага ўраджаю. Менавіта для гэтага супрацоўнікі МУС адпраўляюцца ў рэйды. Правяраюць работу варты ў вячэрні і начны час, кантралююць мэтавае выкарыстанне гаруча-змазачных матэрыялаў.

Старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі аддзела ўнутраных спраў Чачэрскага райвыканкама Цімафей Шаршнёў гаворыць, што пастаянна праводзяцца і маніторынгі стану сельскагаспадарчай тэхнікі:

— Глядзім, ці гатовыя сельгасмашыны да работы на полі. Высвятляем факты безгаспадарлівасці. Абследуем месцы захоўвання ўраджаю, выяўляем наяўнасць прычын і ўмоў, якія спрыяюць здзяйсненню правапарушэнняў і крадзяжу. Таксама звяртаем увагу на грузы, якія перавозяцца транспартнымі сродкамі па тэрыторыі раёна, правяраем суправаджальныя дакументы для выключэння выкарыстання фіктыўных бланкаў строгай справаздачнасці.

За гэты год на Чачэршчыне ў сферы абароту таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў парушэнні выяўляліся прыкладна двойчы на месяц. Пры гэтым, гаворыць супрацоўнік міліцыі, па лініі сельскай гаспадаркі, як правіла, парушэнні датычацца перасоўвання буйной рагатай жывёлы, коней, мясной і іншай падобнай прадукцыі:

— Яскравым прыкладам стаў выпадак, калі чачэрскія міліцыянеры затрымалі аўтамабіль з паўпрычэпам, у якім расіянін спрабаваў вывезці 24 кані без неабходных дакументаў. Коні былі канфіскаваны згодна з рашэннем эканамічнага суда Гомельскай вобласці і накіраваныя ў даход дзяржавы. Цяпер ідзе расследаванне крымінальнай справы па факце крадзяжу дзвюх кароў у адной з гаспадарак. Іх тры зламыснікі беспаспяхова спрабавалі выкрасці непасрэдна з загона. Яшчэ ў адной гаспадарцы Чачэрскага раёна затрымалі трох мясцовых жыхароў, якія спакусіліся на 12 мяшкоў камбікорму.

Сёлета земляробам Гомельшчыны неабходна ўбраць збожжа на рэкорднай для рэгіёна плошчы ўгоддзяў: больш за 385 тысяч гектараў. Летась было на 35 тысяч менш. На жніве задзейнічана каля 1,3 тысячы камбайнаў, у тым ліку і новая айчынная тэхніка, якая паступіла ў гаспадаркі напярэдадні. Па разліках спецыялістаў, валавы збор збожжа і зернебабовых культур (без кукурузы) у 2017 годзе павінен скласці 1,15 млн т, што больш, чым летась.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хвілінка, якая год корміць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?