Вы тут

Якім будзе дапрацаваны Дэкрэт №3


Існаванне краіны ў будучыні залежыць ад таго, ці будзе існаваць народ, які яе насяляе, ці не знікне ён і не асімілюецца з суседнімі. Існаванне паспяховай краіны сёння напрамую звязана з актыўнасцю, працаздольнасцю яе грамадзян. Тады паўнацэннымі членамі грамадства будуць адчуваць сябе не толькі ўсе дарослыя, якія працуюць, але і пенсіянеры, інваліды, дзеці... Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад, прысвечаны дэмаграфічнай сітуацыі і садзейнічанню занятасці насельніцтва.


15 мільёнаў — рэальнасць?

— Нам трэба абмеркаваць важныя пытанні развіцця нашай дзяржавы, прама скажу — бяспекі Беларусі на будучыню, — адразу акрэсліў маштаб тэмы кіраўнік дзяржавы. — Гэта, перш за ўсё, пытанні дэмаграфіі і занятасці насельніцтва краіны.

Асабліва Прэзідэнт звярнуў увагу на другое пытанне, да яго — у тым ліку ў Палацы Незалежнасці — звяртаюцца не першы раз. Занятасць уваходзіць у тройку найважнейшых для краіны сацыяльных пытанняў — разам з цэнамі і зарплатамі. Рашэнні адпаведных праблем, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, маюць першаступеннае значэнне.

— Стварэнне ўмоў для стымулявання нараджальнасці і забеспячэння людзей работай, росту іх дабрабыту — гэта асноўныя ўрадавыя задачы, задачы мясцовых органаў улады, якія патрэбна вырашаць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І, безумоўна, рашэнне гэтых сацыяльных пытанняў — патрабаванне вельмі жорсткае да любога чыноўніка. Наша галоўнае багацце — чалавечы капітал. У апошнія гады ў нас была станоўчая дынаміка прыросту насельніцтва, неабходна гэту дынаміку не проста захаваць, яе трэба павялічыць.

Кіраўнік дзяржавы ўжо не раз казаў пра тое, наколькі важны гэты фактар для паспяховага развіцця краіны:

— Я неаднаразова падкрэсліваў: Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек. А вось найгалоўнейшая наша задача, якую — не мы, дык нашы дзеці павінны вырашыць, — 15 мільёнаў насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, гэта магутнасць нашай дзяржавы. І мы абавязаны дзейнічаць на апераджэнне, прагназаваць будучыя працэсы і своечасова на іх рэагаваць.

Размовы пра адмену Дэкрэта №3 няма

Кожны, хто хоча працаваць, павінен мець такую магчымасць, заявіў Прэзідэнт. Таму органам улады трэба аказваць дапамогу ўсім, хто мае патрэбу ў гэтым. Актыўна наладжваць перанавучанне грамадзян, садзейнічаць ім у арганізацыі сваёй справы.

Праблемы ж, як правіла, з тымі людзьмі, якія не хочуць нікуды ўладкоўвацца:

— Вось гэтых спадароў трэба прымусіць працаваць. Яны не хочуць працаваць. Толькі размовы пра жаданне працаваць. Таму больш за ўсё трэба акцэнтаваць увагу на тых, хто сёння не працуе і працаваць не хоча, але павінен.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся таксама сітуацыяй на рынку працы. Асобна ён звярнуўся да тэмы Дэкрэта №3.

— Як мне далажылі, ужо завершана падрыхтоўка новай рэдакцыі Дэкрэта №3. Я хацеў бы грунтоўнага даклада на гэту тэму, і ўвогуле гэту праблему хаваць нельга. Калі ў некага ёсць жаданне гэту праблему схаваць — гэта няправільна. Не трэба яе хаваць у дэмаграфію, яшчэ ў нейкія пытанні. Грамадства павінна ведаць, што ніякай адмены Дэкрэта №3 быць не можа.

Як агучыў Прэзідэнт, каля паўмільёна чалавек — працаздольных — у нашай краіне не працуюць.

— З іх 200 тысяч мы можам вызваліць: шматдзетных, хворых, інвалідаў — людзей, якія можа і хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца — у сілу жыццёвых абставін. Але 300 тысяч дзе? Таму Дэкрэт №3 — гэта 300 тысяч тых, хто павінен працаваць, але не працуе. І мы іх павінны прымусіць працаваць. Хаваць тут ад народа нічога не трэба.

Работа па рэалізацыі гэтага дакумента, калі ён будзе дапрацаваны канчаткова, у першую чаргу будзе на плячах мясцовых органаў улады. Менавіта яны непасрэдна кантралююць рынак працы, ведаюць, чым займаецца кожны чалавек у канкрэтным горадзе, вёсцы.

— Выканаўчыя органы ўлады на месцах павінны мець усе паўнамоцтвы і рычагі ўздзеяння на гэтых людзей для рашэння згаданых праблем, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вось, што мы павінны зрабіць. І прапісаць у новай рэдакцыі Дэкрэта.

Кіраўнік краіны выказаў спадзяванні, што акрамя ўрада гэтым сур'ёзна зоймуцца дэпутаты:

— Гэта іх хлеб. Я быў дэпутатам і ведаю добра кірункі працы дэпутацкага корпуса. Добры дэпутат у сваёй акрузе ведае ўсіх гультаёў.

Аляксандр Лукашэнка агучыў і тэрмін, да якога дакумент павінен быць гатовы:

— Да першага кастрычніка мы павінны мець гэты дакумент — разам з іншымі па разняволенні бізнесу. У нас ёсць на выхадзе сур'ёзны дакумент, яшчэ шэраг дакументаў — прынцыповых, якія разлічаны на развіццё і станаўленне — не баюся гэтых гучных слоў — нашай дзяржавы. Таму давайце абмяркуем гэтыя пытанні.

У тэму

Ірына Касцевіч, міністр працы і сацыяльнай абароны, па выніках нарады адказала на пытанні журналістаў:

— Дэкрэт №3 не адмяняецца. Пры гэтым урад прапануе новыя падыходы па стымуляванні занятасці насельніцтва. Перш за ўсё акцэнт робіцца на органы выканаўчай улады на месцах.

Другі момант, звязаны з прынцыпам: не працуеш — плаціш за паслугі. Маюцца на ўвазе тыя паслугі, што субсідзіруюцца дзяржавай. Дакладны іх пералік пакуль адпрацоўваецца. Рэалізоўвацца гэты прынцып будзе праз стварэнне сучаснай базы даных, якая ўтрымлівае інфармацыю па кожным грамадзяніне. Стаіць задача па стварэнні беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмы — ІD-карты.

Пры дапамозе гэтай карты праз агульнадзяржаўную аўтаматызаваную сістэму можна будзе адразу ўбачыць: ці працуе сёння чалавек. У той жа час, карта будзе выконваць функцыі нашмат больш шырокія, чым названая.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.