Вы тут

12 метраў падмуркаў на старых могілках


У вёсцы Лаўрышава Навагрудскага раёна знойдзены фундамент манастырскага храма XVІ стагоддзя. Яго пашчасціла адшукаць удзельнікам валанцёрскага гісторыка-пошукавага летніка пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры.


На лаў­ры­шаў­скіх мо­гіл­ках.

Валанцёры займаліся расчысткай зараснікаў на старых вясковых могілках, якія раней былі манастырскімі, і акурат там адшукалі фундамент. Захаваліся ганак, контур прытвора, асноўнага памяшкання і алтарнай часткі. Цікава, што ўсё выкладзена з валуноў, якія змацаваны паміж сабой вапнавым растворам, — цэгла не выкарыстоўвалася. Капітальны фундамент быў разлічаны на высокую драўляную царкву даўжынёй больш 12 метраў і шырынёй каля 6 метраў.

Царква належала Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру, які быў заснаваны ў XІІІ стагоддзі вялікім князем ВКЛ Войшалкам і прападобным ігуменам Елісеем Лаўрышаўскім. Найбольш імаверны час, да якога адносіцца фундамент, — XVІ стагоддзе, калі манастыр дасягнуў найвышэйшага росквіту і ў дакументальных крыніцах названы лаўрай.

У праваслаўным летніку пры Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры на працягу двух тыдняў працавалі студэнты і старшакласнікі, многія з якіх у мінулыя гады ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках у Лаўрышаве. Мяркуецца, што ў наступным годзе на расчышчанай пляцоўцы будуць праведзены археалагічныя даследаванні.

Лаўрышаўскі манастыр — адзін з самых старажытных манастыроў Беларусі. Паводле царкоўнага падання, ён быў заснаваны сынам літоўскага князя Трайняты прападобным Елісеем Лаўрышаўскім каля 1225 года ў выгібе на левым беразе ракі Нёман каля падножжа высокай гары.

З часам у ваколіцах старажытнага манастыра Нёман змяніў рэчышча, і манастыр апынуўся на правым беразе ў асяроддзі непраходнай багны.

У XІІІ стагоддзі манастыр быў цэнтрам летапісання ў Беларусі. Каля 1329 года для Лаўрышаўскага манастыра было створана рукапіснае Евангелле — помнік беларускага кнігапісання, які захоўваецца цяпер у бібліятэцы імя Чартарыйскіх у Кракаве.

Вядома, што ў манастыры былі храмы Уваскрэсення Хрыстова і Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.