Вы тут

Вароты міру і бяспекі


Пагаршэнне расійска-амерыканскіх адносін не паўплывае на супрацоўніцтва Беларусі і ЗША.

Такое меркаванне выказаў ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у амерыканскім штаце Фларыда, палітолаг і пісьменнік Майкл МАРГУЛІС. Нагадаем, што нядаўна Расія ўвяла контрсанкцыі ў адносінах да ЗША, пазбавіўшы амерыканцаў пасольскай дачы і скараціўшы частку дыпламатаў, а Дональд Трамп падпісаў закон аб санкцыях супраць Расіі.


— У мяне парадаксальнае пачуццё, што непаразуменні паміж Расіяй і ЗША канчаюцца. Трамп не можа сказаць пра Расію, як сказаў калісьці прэзідэнт Рэйган пра СССР, што гэта «імперыя зла», бо цяпер гэта не адпавядае рэальнасці, — лічыць Майкл Маргуліс. — Таму, калі пункты кіпення ўжо дасягнулі краёў палітычнай каструлі інтарэсаў, я думаю, што пачнецца новы віток прыміральных адносін паміж ЗША і Расіяй. І ў сувязі з гэтым Беларусь уздыхне вальней. Бо для Беларусі, якая шукае выгадных дзелавых і палітычных кантактаў з усімі краінамі, найбольш спрыяльная абстаноўка — гэта мір і спакой.

На спецыяльнай прэс-канферэнцыі, прысвечанай перспектывам развіцця адносін Беларусі і ЗША ў сувязі з работай новай Адміністрацыі прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі, Майкл Маргуліс выказаў думку, што беларуска-амерыканскія адносіны палепшацца менавіта дзякуючы прыходу Дональда Трампа. «У яго мысленне не палітыка, які прывык усё прыкрываць прыгожымі словамі аб роўнасці, любві і справядлівасці. Ён — чалавек-практык. У яго ментальнасць бізнесмена, якая многім не падабаецца. Аднак я гэтаму рады, паколькі ён практычна глядзіць на рэчы», — сказаў пісьменнік.

Цяпер разглядаецца пытанне аб прызначэнні амерыканскага пасла ў Беларусь, нагадаў Майкл Маргуліс. «Акрамя таго, абмяркоўваецца рэзкае павелічэнне колькасці людзей у пасольстве ЗША ў вашай краіне, — дадаў ганаровы консул. — У сувязі з тым, што Адміністрацыя прэзідэнта цяпер новая, гэта пытанне адназначна будзе вырашана. Лічу, што гэта няправільна, што беларускія грамадзяне для адкрыцця візы павінны ехаць у Маскву, Кіеў ці іншыя гарады».

Па словах ганаровага консула, супрацоўніцтва Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі патрэбна не толькі беларускаму боку, але і амерыканцам. Менавіта Беларусь можа стаць для ЗША верным паплечнікам, які гатовы выконваць свае абавязацельствы, упэўнены палітолаг. «Ваша краіна і цяпер многімі сваімі праектамі паказвае адданасць дагаворам і кантрактам», — дадаў ганаровы консул.

Як сёння выглядае Беларусь у вачах амерыканскіх грамадзян? На думку Майкла Маргуліса, у апошні час сітуацыя змянілася ў сувязі з выхадам часопіса «US-Bеlаrus Оbsеrvеr», да выдання якога ён мае прамое дачыненне. «Раней у Кангрэсе мне задавалі такія пытанні: Майкл, а дзе Беларусь? На тэрыторыі Польшчы ці Расіі? — успамінае ганаровы консул. — Цяпер пра такое ўжо не пытаюць. Гэты часопіс расказвае пра жыццё ў краіне, паказвае Беларусь як цудоўную краіну з добрымі людзьмі, якія шмат перажылі, але, тым не менш, жадаюць міру і дабра іншым людзям».

У апошні час Беларусь усё часцей называюць донарам стабільнасці паміж Усходам і Захадам, паміж Еўропай і Расіяй, аднак Майкл Маргуліс пакуль не гатовы так назваць Беларусь у дачыненні да Злучаных Штатаў Амерыкі. Паводле яго слоў, амерыканская ментальнасць сур'ёзна адрозніваецца ад еўрапейскай, а еўрапейцам Беларусь усё ж бліжэйшая — і ў геаграфічным плане ў тым ліку.

— Я назваў бы Беларусь варотамі паміж Усходам і Захадам і лічу, што ў геапалітычным сэнсе Беларусь вельмі важная не толькі для Еўропы, але і для ЗША, — сказаў ганаровы консул. — Усё ў жыцці пазнаецца ў параўнанні: калі на тэрыторыі суседніх для Беларусі дзяржаў адбываюцца крывавыя сутыкненні, то раптам па-асабліваму ацэньваеш мір у краіне. Нядаўна ехаў па Мінску і бачу: ідзе малады бацька, трымае на руках маленькую дзяўчынку, а яна гладзіць яго валасы. Такія цудоўныя і простыя рэчы вельмі лёгка страціць. Мір ствараецца вельмі доўга, а руйнуецца імгненна.

Майкл Маргуліс з'яўляецца кіраўніком фонду «Духоўная дыпламатыя», які спрабуе спыніць розныя сусветныя канфлікты мірнымі спосабамі, а менавіта — праз духоўныя каштоўнасці. У апошні час палітолаг часта бывае ў Данецку з місіяй свайго фонду. «Паверце, калі ты трымаеш на руках хлопчыка-інваліда, які страціў канечнасць праз выбух, то ўсе твае праблемы адыходзяць на другі план», — сказаў Майкл Маргуліс.

На думку палітолага, Мінскія пагадненні выконваюцца вельмі цяжка — усімі бакамі, уцягнутымі ў канфлікт. Фонд «Духоўная дыпламатыя» прыкладае разнастайныя намаганні, каб дамоўленасці не заставаліся пустой формай, а працягвалі працаваць. Згодна з прагнозам Майкла Маргуліса, гэты канфлікт не будзе вырашаны без умяшання Злучаных Штатаў Амерыкі. Ідэальны сцэнарый развіцця падзей ганаровы консул бачыць такім: прэзідэнты Расіі, ЗША, Украіны і Беларусі збяруцца і вырашаць гэтае надзвычай цяжкае пытанне.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.