Вы тут

Можна надзяваць акуляры


Гэтым разам у пошце рубрыкі тры пытанні. «Як адрозніваюцца словы правільна і слушна, ці заўсёды яны ўзаемазамяняльныя?» — цікавіцца Аксана М. з Асіповічаў. З таго ж канверта: «Як правільна сказаць: апрануць сукенку альбо надзець? Ці можна і так, і гэтак? І яшчэ — у нашай мове сустракаюцца словы напрамак, кірунак і накірунак. Ці маюць яны адрозненні?»


На пытанні адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Леў Глушыцкі і Алесь Саламевіч.

Слова слушна  прыслоўе да прыметніка слушны, які ў тлумачальных слоўніках мае значэнне «разумны; абгрунтаваны; практычна карысны».

Таму, калі мы кажам, напрыклад, «ён слушна заўважыў», мы не сцвярджаем, што заўвага беспамылковая, а падкрэсліваем, што да яе варта прыслухацца, што яна, магчыма, не беспадстаўная.

Слова правільна — прыслоўе да шматзначнага прыметніка «правільны» і першае значэнне яго — «які адпавядае правілам, заснаваны на правілах; беспамылковы». Адсюль пра слова ў тэсце трэба казаць, што яно напісана правільна — у адпаведнасці з канкрэтным арфаграфічным правілам.

Розняцца сэнсам у нашай мове і словы апранаць, надзяваць (адзяваць). Апранаць можна толькі вопратку, гэта значыць верхняе адзенне, такое як куртка, паліто, плашч і г. д. Усё астатняе (майку, штаны, кашулю, спадніцу, сукенку, споднюю бялізну, а таксама шапкі, капелюшы, рукавіцы) мы надзяваем.

Заўважым, што па-беларуску (у адрозненне ад рускай мовы) пра адзенне можна казаць і надзяваць, і адзяваць.

Асобна варта адзначыць, што рэчы, якія да адзення не адносяцца (тыя ж акуляры, навушнікі, пярсцёнкі), можна выключна надзяваць.

Што датычыцца накірунку, то гэтае слова ў слоўніках не фіксуецца, ніякіх дадатковых сэнсаў, якіх не перадавалі б словы кірунак і напрамак, не перадае. Таму ўжываць яго не рэкамендуецца.

Слова напрамак лепш ужываць у значэннях, звязаных з рухам у прасторы, яно мае пэўнае адценне «геаграфічнасці»: мы ехалі ў напрамку горада, вецер заходняга напрамку. У Івана Мележа ёсць раман, які называецца «Мінскі напрамак». Яшчэ гэты назоўнік мае пераносныя значэнні «шлях развіцця чаго-небудзь», «грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка».

Па сутнасці, кірунак мае тыя ж самыя значэнні. Ён адрозніваецца ад напрамку толькі тым, што не мае значэння «ўчастак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які-небудзь бок», а таксама тым, што кірунак прыйшоў з польскай мовы, а напрамак, хутчэй за ўсё, з украінскай.

У абарону слоў

Сёння ў праве на існаванне адмаўляюць многім словам, якія былі ў беларускай мове з даўніх часоў або з'явіліся параўнальна нядаўна, але, што называецца, прыжыліся, пусцілі карані. У падрубрыцы «У абарону слоў» мы будзем «падтрымліваць» іх, абараняць ад незаслужаных крыўдаў.

Паколькі сёння закраналася тэма вопраткі-адзення, то згадаем, што словы штаны, майка, трусы (а не майткі, паколькі яны сінонім штаноў) належаць да агульнаўжывальнай лексікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Штаны яшчэ можна назваць нагавіцамі, порткамі. Майку — саколкай, футболкай. Сёння ўжываецца часам і слова цішотка. Але, улічваючы тое, што ўжо ёсць словы майка, саколка, футболка, «цішотку» можна разглядаць выключна як частку маладзёжнага слэнгу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».