Вы тут

500 гадоў таму распачалася гісторыя беларускага кнігадруку


Імя Францыска Скарыны сёння ведае кожны беларус. Яго постаць адна з найяскравейшых у пантэоне духоўнасці нацыі, нашай культуры. Складана нават уявіць, што быў час, калі дасягненні гэтага дзеяча еўрапейскага маштабу, асобы рэнесанснага тыпу нівеляваліся, ім не ўдзялялася належнай увагі. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ў бібліятэках складана было адшукаць хоць невялічкае выданне пра нашага першадрукара, факты з яго біяграфіі былі вядомыя толькі вузкаму колу навукоўцаў. А пра даступнасць кніг, выдадзеных паўтысячагоддзя таму, магчымасць шырокаму колу знаёміцца з імі і гаворкі не ішло. Забытыя, пакрытыя пылам непатрэбнасці, яны чакалі свайго часу ў сховішчах. І дачакаліся ж!


Над­звы­чай­ны і Паў­на­моц­ны Па­сол Гер­ма­ніі ў Бе­ла­ру­сі Пе­тэр ДЭ­ТМАР,  мі­ністр ін­фар­ма­цыі Лі­лія АНА­НІЧ і Над­звы­чай­ны і Паў­на­моц­ны Па­сол Чэ­хіі ў Бе­ла­ру­сі Мі­лан ЭКЕРТ.

Толькі летась і сёлета паліца скарыніяны папоўнілася дзясяткамі новых кніг — ад энцыклапедый для дзяцей да грунтоўных навуковых манаграфій. Спадчына першадрукара — а гэта 25 выданняў — пабачыла свет у факсімільным узнаўленні. Ды і сама постаць Скарыны з Полацка стала не такой чужой, бронзавай і статычнай. Магчыма, справа ў вялікай колькасці мастацкіх праектаў, рэалізаваных напярэдадні гэтага вялікага свята (і шэраг знакавых прэм'ер нас яшчэ чакае), а можа — у разуменні значнасці і грунтоўнасці ўнёску гэтай Асобы ў сусветную духоўную скарбонку. Хай не з усімі версіямі (некаторыя з іх увогуле фантастычныя) пагаджаюцца навукоўцы-медыевісты, тым цікавей разважаць, думаць, вывучаць.

Сапраўды, на працягу апошніх гадоў зробленая вельмі вялікая работа па даследаванні і папулярызацыі спадчыны першадрукара. І хоць кнігі, манаграфіі, альбомы адзін за адным выходзяць сёлета, праца па іх падрыхтоўцы пачалася намнога раней. Вось і выданне «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» ўжо мае сваю ўласную гісторыю, што доўжыцца каля пяці гадоў. Дыхтоўны фаліянт, падрыхтаваны «Беларускай Энцыклапедыяй імя Петруся Броўкі» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, прэзентавалі шырокай грамадскасці краіны акурат напярэдадні знакавага юбілею. Імпрэза прайшла пад светлымі зводамі Нацыянальнага мастацкага музея.

— Наша краіна, якая дала свету шматлікія імёны слынных землякоў, і сёння мае вялікія набыткі. 2017 год для нас — гэта не толькі Год навукі. Як вядома, навука стаіць на падмурку асветы, кнігі, таму год праходзіць пад знакам паўтысячагоддзя беларускага кнігадрукавання. Гэта безумоўна сведчыць пра вялікі клопат дзяржавы пра кнігу, — падкрэсліла міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Скарына здзейсніў подзвіг, бо слова дзякуючы яму стала зразумелае простым людзям, яно перасягнула межы краіны. Спадчына першадрукара — неўміручы подзвіг Беларусі, беларусам і ўсяму чалавецтву ў цэлым. Мы і сёння імкнёмся да ўзаемапавагі, міралюбства, справядлівасці. Многія з каштоўнасцяў, закладзеныя 500 гадоў таму ў кнігах першадрукара, не страцілі актуальнасці і ў наш час. У гэты год беларуская кніга шмат вандравала і яшчэ павандруе. Мы пабывалі ў Вільнюсе, Празе, Парыжы, рыхтуемся да прадстаўлення нацыянальнага кнігавыдання ў Кітаі, Сербіі, Германіі. Вельмі знакава, што паводле традыцый свае стасункі мы ўмацоўваем менавіта праз слова.

Так, кніга «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» паказвае, што постаць нашага земляка знакавая для культуры ўсяго свету, а яго здабыткі цэняць і вывучаюць на розных кантынентах. Як расказаў укладальнік выдання, адзін з аўтараў тэксту, вядомы скарыназнаўца, кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь СУША, усе пяць гадоў, што доўжылася работа па выяўленні, апісанні і даследаванні скарынаўскіх фаліянтаў, вялася актыўная перапіска з калегамі з розных краін. А ў падрыхтоўцы праекта прынялі ўдзел дзясяткі спецыялістаў з Расіі, Украіны, Германіі, Вялікабрытаніі, Даніі, ЗША, Літвы, Польшчы, Славеніі, Чэхіі — у кніжніцах гэтых краін сёння захоўваюцца арыгіналы скарынаўскіх выданняў.

Госці прэзентацыі звярталі ўвагу на розныя аспекты спадчыны Францыска Скарыны. Яго здабыткі важныя не толькі ў галіне распаўсюджвання інфармацыі, мастацкага перакладу, але, як зазначыў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл БАРАЗНА, Скарына заклаў асновы кніжнай культуры ў цэлым — гэта і падрыхтоўка цэласнага макета, ілюстрацый, культура прадстаўлення тэксту ў выданні. А Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэхіі ў Беларусі Мілан ЭКЕРТ і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў нашай краіне Петэр ДЭТМАР былі адзінадушныя ў меркаванні, што вельмі лёгка будаваць стасункі паміж краінамі, якія маюць агульных герояў. Скарына, клопат пра кнігу і рэвалюцыя свядомасці, перадачы інфармацыі сапраўды служаць масткамі паміж многімі народамі. І сёння, у час, калі ўладарыць слова віртуальнае, варта памятаць пра важнасць слова друкаванага, не страціць культуру кнігі і гэтага фармату чытання.

Фаліянт «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» можна назваць сапраўднай энцыклапедыяй, даведнікам па кнігах першадрукара. Тут падаюцца выявы старонак з розных асобнікаў, апісанне кожнай з кніг, месца і значэнне старадрукаў у спадчыне друкара і агульнанароднай. Падобныя выданні служаць вельмі важнай справе: яны паказваюць, што кнігі Скарыны — не нейкія міфічныя фаліянты, схаваныя далёка ад вачэй простых беларусаў, але і скарб, дакрануцца да якога можа кожны беларус.

Хоць выданне пабачыла свет параўнальна нядаўна, яно ўжо адзначанае на прэстыжных прафесійных конкурсах. Так, «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» атрымала Гран-пры міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі — 2017» і Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі Eurasіan Book Faіr — 2017.

Памылкова будзе лічыць, што святкаваннем вялікага юбілею кнігадрукавання справа завершыцца. Наперадзе — яшчэ многа адкрыццяў, прэзентацый, імпрэз. Імя і слова Скарыны будуць гучаць падчас Дня беларускага кнігадрукавання ў яго родным Полацку, а пра яго спадчыну і адкрыцці яшчэ раз згадаюць на вялікім міжнародным кангрэсе, што пройдзе ў сярэдзіне верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэтыя дата і постаць знакавыя для ўсіх нас, дык святкуйма ж разам!

Спалучыць гісторыю і сучаснасць, зрабіць кнігу актуальнай, але захаваць дух 500-гадовай мінуўшчыны, захаваць дробныя дэталі, разам з тым ахапіўшы шырокі комплекс фактаў. З гэтымі супярэчлівымі задачамі выдатна справіліся аўтары, а выдаўцы змаглі зрабіць сам фаліянт прыцягальным, грунтоўным, але не грувасткім.

— За дапамогу ў стварэнні гэтай кнігі мы ўдзячныя супрацоўнікам тых бібліятэк, музеяў краін, дзе захоўваюцца скарынаўскія выданні, — дадае дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір АНДРЫЕВІЧ. — Многія выдатныя спецыялісты садзейнічалі падрыхтоўцы фотаздымкаў, давалі кансультацыі і парады. Кніга «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» яшчэ раз засведчыла, што Беларусь — еўрапейская краіна, якая годна заняла свой пачэсны пасад між народамі. У многім дзякуючы друкаванай кнізе ў гістарычнай перспектыве і стаўленнем да кнігавыдання ў сучаснасці.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Vіvat, кніга! Vіvat, Скарына!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».