Вы тут

Адказы на пытаннi другога тура віктарыны «Мая Скарыніяна»


Мы наўмысна крыху зацягнулі з публікацыяй адказаў на пытанні другога тура, даўшы вам яшчэ крыху падумаць. І не памыліліся, бо некалькі пісьмаў атрымалі менавіта ў апошні тыдзень. Так, некаторыя пытанні ў нас «закручаныя», часам складаныя, але ж ніхто не абяцаў, што будзе лёгка. Да таго ж што за цікавасць разгадваць тыя, адказ на якія знойдзеш па першым «кліку» ў сеціве, праўда?

Што ўдзельнікі віктарыны не да гэтага імкнуцца, відаць па вашых допісах. Памылкі, канешне, сустракаюцца, але іх няшмат. Так што барацьба разгараецца не на жарт і вырашальным будзе трэці, апошні тур.

Яго пытанні мы прапануем вам на наступным тыдні. А пакуль звярайце свае адказы на пытанні другога, і калі яны правільныя — вашы шанцы трапіць на бясплатную адмысловую экскурсію па Нацыянальнай бібліятэцы значна павялічваюцца.


1. Вядома, што ў Вільні Скарына друкаваў свае кнігі ў доме Якуба Бабіча. А хто быў гаспадар дома па родзе заняткаў?

Якуб Бабіч быў гарадскім бурмістрам.

2. У якой навучальнай установе змешчана гэта фрэска з выявай Францыска Скарыны?

Гэта фрэска змешчана ў Італіі, у мемарыяльнай зале Падуанскага ўніверсітэта, дзе Францыск Скарына ў 1512 годзе атрымаў ступень доктара лекарскіх навук.

3. Хто з беларускіх дзеячаў у 20-х гадах ХХ стагоддзя напісаў пра Скарыну наступнае: «Ваганне паміж Захадам і Усходам і шчырая непрыхільнасць ні да аднаго, ні да другога з'яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народа. Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама, хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і пэўна, што і той, і другі разам, адбівае гэтае з'явішча беларускага духу ў індывідуальнасьці, у душы нашага першага інтэлігента».

Так называў Скарыну Ігнат Абдзіраловіч у сваім праграмным эсэ «Адвечным шляхам».

4. Праз 350 гадоў пасля выдання, у 1867 годзе, пражскі «Псалтыр» Скарыны быў куплены рускім аматарам старадрукаў Хлудавым, і гэта дало падставу рускім навукоўцам паглядзець на асобу Скарыны і яго дзейнасць з новай цікавасцю. А дзе купіў Хлудаў такую рэдкую кнігу?

Як сведчыць Уладзімір Пічэта ў артыкуле «Skorіnіana», змешчаным у кнізе «Чатырохсотлецьце беларускага друку», выдадзенай у 1926 годзе, «Псалтыр» купілі на Ніжагародскім кірмашы. Спасылаецца гісторык пры гэтым на работу
А. Віктарава «Замечательное открытие в русском книжном мире», апублікаваную ў Маскве ў 1867 годзе.

5. Адзін з томікаў Скарынавых кніг, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, асабліва цікавы — адразу некалькі выданняў першадрукара сплецены ў адзін пераплёт. Што гэта за выданне?

У такім арыгінальным пераплёце ў нас захоўваецца Кніга Царстваў.

6. У якім годзе ў Беларусі шырока адзначалі 400-годдзе беларускага кнігадрукавання?

У 1925-м.

7. У якім беларускім горадзе вышэйшая навучальная ўстанова носіць імя Францыска Скарыны?

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.

8. На якой плошчы ў Полацку стаіць помнік Францыску Скарыну?

Помнік стаіць на плошчы Францыска Скарыны.

9. А дзе стаіць гэты помнік?

Помнік Францыску Скарыну ў Празе, у раёне Градчаны, быў пастаўлены ў 1996 годзе. Вышыня яго разам з гранітным п'едэсталам больш за два з паловай метры.

10. Пытанне ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Калі і дзе ўзнікла другая пасля Скарынавай друкарня ў Вялікім Княстве Літоўскім?

Другая ў ВКЛ і першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарня з'явілася ў Бярэсці ў 1553 годзе. Яна была арганізавана пад заступніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага, берасцейскага старосты, віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага.


Пытанні і адказы першага тура віктарыны «Мая Скарыніяна».

Загаловак у газеце: «Мая Скарыніяна»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».