Вы тут

А што, калі б Скарыны не было?..


Для кожнага з нас постаць Францыска Скарыны і тое, што ён зрабіў, значаць штосьці сваё. Хтосьці захапляецца яго прадмовамі, іншы натхняецца біяграфіяй першадрукара, некаторыя бывалі ў тых жа, што і ён, мясцінах. Ёсць і такія, хто думае, нібыта з Францыскам ніяк не звязаны... Аднак насамрэч гэта асоба моцна паўплывала на нашу культуру, на лад жыцця.

...Часам хочацца пагуляць у антыўтопію і падумаць, а што было б, калі б Скарына не зрабіў таго, што ён зрабіў? Што было б, калі б Францыск усё жыццё быў заняты нейкай іншай справай, напрыклад лекарствам? Як бы тады развівалася наша гісторыя?.. Спробу асэнсавання нашага мінулага, пачынаючы з 500-гадовай даўніны, — са Скарынам і без яго — мы зрабілі разам са знанымі даследчыкамі, людзьмі сапраўды апантанымі першадрукаром!


«Галоўны фагатыст» краіны, дырыжор, складальнік музычнай праграмы да 500-годдзя беларускай Бібліі з прысвячэннем Францыску Скарыну, Аляксей ФРАЛОЎ:

— Скарына падарыў беларусам кнігу, галоўную кнігу! Для мяне гэта найважнейшая асоба ў нашай культуры за 1000 гадоў! Каб не было анічога і анікога яшчэ ў беларускай гісторыі, а быў толькі ён — ужо можна было б сказаць, што беларускі народ «быў, ёсць, будзе»!

Скарына — найпрыгажэйшы рэнесансны партал у нашу гісторыю, гледзячы праз які сучаснаму беларусу ўжо ня трэба мучыцца комплексамі «непаўнавартасці». Ён — высокі партал у свет перадавога еўрапейскага Рэнесансу — у культуры, навуцы, усёй свядомасці. Наш герой — велічны партал у духоўнае, адукаванае, прагрэсіўнае (не фармальнае) хрысціянства, у біблеістыку, у саму Біблію на зразумелай ужо, блізкай роднай мове.

Скарына — гэта наш манументальны культурны мост паміж Полацкам і Вільняй з аднаго боку і Кракавам ды Прагай, Падуяй ды Венецыяй з другога, паміж Беларуссю і Захадам.

Памятаю, завяршаючы год Агінскага, наша вялікая культурная дэлегацыя з Беларусі разам з ансамблем салістаў «Вытокі» ехала ў Фларэнцыю. Па дарозе мы не маглі абмінуць славутую Падую... Тады як уся група ўжо выйшла з той самай залы, дзе Скарына абараняўся як двойчы доктар Падуанскага ўніверсітэта, нам з калегамі па ансамблі, дзеля нейкай асаблівай павагі, дазволілі застацца і пасядзець на тых самых легендарных месцах і нават там сфатаграфавацца...

Што, каб Скарыны не было б? Да XVІ стагоддзя ў нас мелася б тая ж старажытная культура, сярэднявечная гісторыя, гатычнае мастацтва. А вось Рэнесанс ужо быў бы не такі... Неба стала б іншым, каб на ім раптам знікла самая яркая зорка галактыкі!.. А пазнейшыя творцы наступных эпох не мелі б такой апоры, такога арыенціра, такой «пуцяводнай зоркі», як «сонца маладзіковае»!

Прафесар, пісьменнік, даследчык дзейнасці Скарыны Адам МАЛЬДЗІС:

— Калі б Скарына не даў беларускаму народу на яго старабеларускай мове кнігі — гэта ўсё адно як не даць хлеб чалавеку! Мы апярэдзілі многіх і чацвёртымі ў свеце атрымалі Біблію на нацыянальнай мове.

Пару гадоў таму ў Парыжы я ўдзельнічаў у канферэнцыі ЮНЕСКА, якую праводзіў Іран (ужываюць арабскі алфавіт). І вось для іх самай вялікай сенсацыяй было, калі я дастаў адну з кніг, выдадзеную ў нас, дзе пад адной вокладкай надрукавана Біблія на беларускай мове, але напісаная арабскай вяззю, а ўнізе — па-беларуску. За аль-кітабы мне прапаноўвалі надзвычай вялікія грошы, але я не змог іх прадаць.

Калі б Скарына не выдаў Біблію ў свой час, мы б дагэтуль жылі ў паганстве. Лёс чалавечы развіваецца так, што цяжка сказаць, што было б. Пэўна ж, было б дрэнна. Бо чым бліжэй чалавецтва ведала Слова Божае, тым яму было лепей. Калі Слова Божае патрэбна чалавеку, а ён яго не ведае, то, значыць, ён не спасцігнуў і пэўную ісціну...

Паэт, аўтар кнігі пераствораных прадмоў Скарыны «Маем найбольшае самі» Алесь РАЗАНАЎ:

— Скарына прамаўляе да нас з глыбіні стагоддзяў, ён над палітыкай, над эканомікай, над канфесіямі, над падзеламі на творчыя саюзы, над асабовымі стасункамі. За гэтыя вякі шмат змянілася, шмат адбылося, але таму, што ён сказаў сваё слова, мы гаворым з ім, уваходзім з ім у размову.

Я пачаў чытаць Скарыну — яго прадмовы і пасляслоўі, — і тэксты пачалі адгукацца. У іх нешта было — яны гаварылі, прамаўлялі, адгукаліся, у іх была паэзія. Калі пільна ўчытвацца ў прадмову да «Псалтыра», першай кнігі, з якой Скарына пачынаў выдавецкую дзейнасць, то словы там суадгукаюцца, аб'яўляюцца, нават пяюцца. Вазьміце які-небудзь пасаж з прадмовы да Псалтыра, складзіце гэтыя радкі ў слупок — і выявіцца верш...

У сваёй творчасці я выйшаў за межы сілаба-танічнай сістэмы вершаскладання, знадворнае не засланяла ўнутраны змест, а ўнутраны змест Скарынавых прадмоў паэтычны. Адчуў гэта, заўважыў, захапіўся і недзе ў сярэдзіне 1980-х гадоў пачаў пераствараць іх на сучасную беларускую мову... А сёлета вынікам працы стала кніга «Маем найбольшае самі».

Ёсць законы фізічныя і надфізічныя, а чалавек — не толькі цела, а яшчэ нешта, што не менш істотна за само цела, — душа, дух і нават сам Бог... Ведаць, разумець — гэта мала, трэба, каб веды пераходзілі ў веру. Веды і вера блізкія, але ў веры свеціцца наступнасць. Наступнасць — гэта выйсце з сябе. Ведаў недастаткова, патрэбна нешта яшчэ, каб увайсці ў наступнасць, і Скарына гаворыць пра гэта неабходныя словы — мякка, разважна, далікатна, як настаўнік. Пераказвае вядомае альбо пачутае, зведанае, прачытанае — але робіць гэта на новым узроўні, мае адметную інтанацыю. Справа асветніцтва мусіць доўжыцца, набываць новае аблічча і новыя выяўленні. Скарына падыходзіў да боскіх ісцін — і цяпер мы падыходзім да Скарыны.

Мы жывём у пераломным часе і маем патрэбу ў вяршынях, куды скіроўвацца душою, бо калі не зможам узняцца, то і не выканаем нейкай сваёй ролі, дзеля якой пакліканыя ў гэты свет.

Аўтар кнігі «Залаты век Беларусі», пастар царквы «Ян Прадвеснік» Антоній БОКУН:

— Напачатку я вельмі скептычна ставіўся не тое каб да культу Скарыны, але да прыўзнясення гэтай асобы. Але чым больш сутыкаўся з вынікамі яго працы (асабліва апошнія 20 гадоў, робячы ўласныя пераклады Бібліі), уражваўся веліччу асобы. Бо ён зрабіў тытанічную працу, арганізаваўшы пераклад Бібліі і выданне біблейных кніг. Нават на сённяшні дзень гэта даволі няпростая праца, якая патрабуе вялікіх як часавых, так і матэрыяльных рэсурсаў. Тое, што зрабіў Скарына 500 гадоў таму — сапраўды тытанічны ўчынак.

Гаворачы пра Францыска, цяжка сказаць штосьці большае за тое, чаго ён насамрэч варты. Ад усякай працы ёсць карысць. Акурат прыклад Скарыны паказвае, што з цягам часу яна набывае ўсё большае і большае значэнне. Калі ты робіш правільныя рэчы, гэта абавязкова прынясе плён — можа, не такі, як ты чакаў, не тады, калі ты чакаў, але вынік будзе...

У свой час я патрапіў у кавярню «У Францыска». І там на ўваходзе сустрэў Францыска Скарыну, які сядзеў і ці то пісаў, ці то чытаў нешта. Для мяне гэта было вельмі нечакана. Дзе-дзе, а ў рэстарацыі не думаў з ім перасячыся!..
Я бачыў Францыска на фрэсках, на мазаіках, ва ўніверсітэтах, на помніках. А такая сустрэча стала прыемнай нечаканасцю! Ён убачыўся мне як чалавек, а не як помнік...

Скарына зрабіў дзве важныя рэчы: пераклаў Біблію і надрукаваў яе. Уся гісторыя сведчыць, што гэта немагчыма зрабіць аднаму чалавеку. Мусілі быць аднадумцы, якія падтрымлівалі і дапамагалі яму. Таму можна сказаць, што, калі б гэтага не зрабіў Скарына, то, напэўна, штосьці падобнае зрабіў бы нехта іншы, пазней на 10, 20 гадоў. У той жа час менавіта ён пачаў новую эпоху — тое, што называецца «залаты век Беларусі». Значную ролю ў тым, што XVІ стагоддзе атрымала найбольшы росквіт за ўсю нашу гісторыю, адыграла распаўсюджванне Слова Божага. Іначай гэтае стагоддзе зусім згубіла б свой бляск.

З аднаго боку, гэта мог бы зрабіць хтосьці іншы, але з іншага, яно магло і не адбыцца. Я са свайго вопыту ведаю, што часам адчуваеш, нібы час настаў і нехта мусіць зрабіць пэўную рэч... Але гэта залежыць і ад канкрэтнага чалавека. Здараецца, ёсць патрэба, а няма таго, хто яе выканае. Могуць праходзіць гады... У памерах стагоддзяў яно, верагодна, і адбудзецца. Аднак цэлыя дзесяцігоддзі можа заставацца нявыкананым... Калі няма чалавека, які скажа: «Вось я — і я зраблю».

У гэтым сэнсе Скарына — вялікі прыклад для нас. Як таго, хто адгукнуўся і прысвяціў жыццё вялікай справе.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Даў нам хлеб

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.