Вы тут

Прадпрымальнікі дайшлі да... лібералізацыі?


У дзелавых людзей краіны — дзве добрыя падзеі. Адна ўжо здарылася: Мінскаму сталічнаму саюзу прадпрымальнікаў і работадаўцаў 1 жніўня споўнілася 20 гадоў. Столькі ж часу беларускія бізнесмены спрабуюць знайсці агульную мову з уладай. І, як відаць, яны гэта робяць паспяхова. Якраз тут размова заходзіць пра другую падзею, якая чакаецца. Гаворка ідзе пра тое, што неўзабаве будзе падпісаны пакет дакументаў па лібералізацыі бізнесу. А гэта прамое пацвярджэнне таму, што дзелавая ініцыятыва краіне патрэбна.


Час для падвядзення вынікаў?

У Еўропе малыя і сярэднія прадпрыемствы ствараюць каля 50% ВУП. У Беларусі гэтая лічба амаль удвая меншая, але пры гэтым на бізнес ускладаюцца вялікія надзеі і яго вызначаюць асноўным драйверам росту нашай эканомікі. Дык чаго ж чакаць ад новага дакумента? Прарыву? Рэвалюцыі?

На прэс-канферэнцыі 1 жніўня старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Карагін расказаў пра дасягненні за два дзясяткі гадоў дзейнасці грамадскага аб'яднання: «Зараз у аб'яднанне ўваходзяць заснавальнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў малога, сярэдняга і буйнога прыватнага прадпрымальніцтва. Члены саюза — людзі з праверанай дзелавой рэпутацыяй, якія маюць доўгатэрміновыя інтарэсы ў бізнесе. У арганізацыю ўваходзяць больш за 800 удзельнікаў і партнёрскіх прадпрыемстваў. На працягу 20 гадоў арганізацыя прымала ўдзел у стварэнні спрыяльнага дзелавога асяроддзя, у якім прадпрыемствы і прадпрымальнікі ў розных формах могуць развіваць і ўмацоўваць свой бізнес. Саюз удзельнічае ў экспертызе праектаў нарматыўных дакументаў».

Важнай падзеяй для ўсяго бізнесу краіны з'яўляецца тое, што саюз прасунуў у 2005 годзе ініцыятыву аб распрацоўцы і стварэнні зборніка прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства, якое рэгулюе развіццё прадпрымальніцтва, — «Нацыянальную платформу бізнесу Беларусі». «Гэтую ініцыятыву падтрымалі вядучыя рэгіянальныя бізнес-асацыяцыі краіны. Да першага жніўня 2017 года на заканадаўчым узроўні выканана больш за 420 прапаноў з «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі», — паведаміў кіраўнік аб'яднання.

Але самым значным дасягненнем саюза з'яўляецца ўдзел у распрацоўцы пакета дакументаў па лібералізацыі бізнесу краіны. Рашэнне аб разняволенні прадпрымальніцкай ініцыятывы будзе прымацца ў Беларусі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы ў найбліжэйшыя дні. «У гэтым пакеце дакументаў, які распрацоўваецца сумесна з экспертамі бізнес-асацыяцый Беларусі, адлюстроўваюцца ідэі, якія даваліся фактычна дзесяць гадоў запар на нацыянальных платформах бізнесу. Гаворка ідзе аб спрашчэнні рознага роду адміністрацыйных працэдур і аб карэнным паляпшэнні дзелавога клімату ў краіне», — растлумачыў Уладзімір Карагін.

Паводле слоў першага віцэ-старшыні Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў, члена Савета па развіцці прадпрымальніцтва Віктара Маргелава, гэта беспрэцэдэнтна прарыўны пакет дакументаў для беларускага бізнесу: «Ён вырашае мноства праблем. Там прадугледжаны прынцыпы, па якіх дзяржава будзе ўзаемадзейнічаць з бізнесам больш цесна і на больш справядлівых і перспектыўных прынцыпах. Ёсць пункты па паляпшэнні ўмоў гаспадарання па санітарных, супрацьпажарных правілах у такіх галінах, як гандаль, вытворчасць, рэклама, будаўніцтва. Ёсць шэраг нормаў, якія з'яўляюцца ключавымі для паляпшэння стану дзелавога асяроддзя. З'яўляецца пасада ўпаўнаважанага па справах прадпрымальнікаў у краіне. Разглядаецца таксама змяненне ў кантрольна-нагляднай дзейнасці. На іншы ўзровень пераводзяцца праверкі. Гаворка ідзе пра сапраўды папераджальны характар іх працы. Таксама колькасць праверак павінна скараціцца. Спадзяёмся, што і колькасць штрафаў у выніку будзе паніжаная».

На думку віцэ-старшыні, дадзены пакет дакументаў ужо дастаткова глыбока прапрацаваны. Разам з тым на ўсе пытанні прадпрымальнікаў, якія яны адрасуюць дзяржаве, такім чынам урад краіны не адкажа. Новыя дакументы задаюць патрэбны вектар для эфектыўнага развіцця дзелавога асяроддзя. «Наперадзе яшчэ шмат рэальнай працы для паляпшэння дзелавога клімату. Жыццё мяняецца хутчэй, чым мы паспяваем знаходзіць рашэнні. Для гэта мы і працуем», — рэзюмаваў Віктар Маргелаў.

ПВТ пры кожнай машынабудаўнічай кампаніі

Дзяржаўныя чыноўнікі і самі гэта разумеюць. Таму яны не спыняюць работу па фарміраванні ўмоў для стымулявання бізнес-ініцыятывы. Ствараюцца новыя працоўныя групы, якія будуць дэталёва разглядаць пытанні дзелавой ініцыятывы. Так, напрыклад, пры Адміністрацыі Прэзідэнта створана група экспертаў у галіне права. У склад групы ўключаны аўтарытэтныя навукоўцы і высокакваліфікаваныя практыкі.

Адзін з яе ўдзельнікаў дэкан эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Міхаіл Кавалёў тлумачыць, што задача вучоных і практыкаў-юрыстаў — абагульніць усе спрэчныя моманты і выказаць сваё меркаванне па канчатковай версіі любога нарматыўнага акта. Гаворачы аб развіцці беларускага бізнесу, ён адзначыў, што ў краіне стварыліся пазітыўныя ўмовы для дзелавой ініцыятывы. «Пацвярджэнне таму — досыць высокае месца нашай краіны ў рэйтынгу Сусветнага банка Doіng Busіness — 2017 — 37-е са 190 краін свету. Іншая рэч, што малы бізнес актыўна і дынамічна развіваецца ў краіне, якая знаходзіцца на стадыі эканамічнага росту і ў якой актыўна працуюць буйныя транснацыянальныя кампаніі. Галоўны рухавік эканомікі краіны не малы бізнес, а буйныя карпарацыі», — лічыць Міхаіл Кавалёў. Ён таксама выказаў меркаванне, што буйныя дзяржаўныя кампаніі нашай краіны баяцца цесна супрацоўнічаць з малым бізнесам з-за магчымасці стаць аб'ектам праверак дзяржкантролю.

«Інавацыйны малы бізнес у ЗША менавіта так і развіваецца — яны атрымліваюць кантракты ад найбуйнейшых кампаній дзяржавы. Мы сёння ўсё чакаем дакументаў аб лібералізацыі бізнесу, але я хацеў бы ўсё ж больш увагі ўдзяліць малому інавацыйнаму бізнесу. На жаль, большая частка малых прадпрыемстваў краіны — гэта тыя, што працуюць у сферы аптовага або рознічнага гандлю. Яны патрэбныя. Але будучыня краіны і эканамічны рост залежаць не ад іх. Нам неабходна абапірацца на малы інавацыйны бізнес. У нас ужо існуе парк высокіх тэхналогій. Аднак трэба, каб свае паркі высокіх тэхналогій былі створаны пры кожнай буйной беларускай кампаніі, напрыклад пры МТЗ, Амкадоры, МАЗе, БелАЗе», — пракаментаваў сітуацыю прафесар.

Ён выказаў меркаванне, што ў такіх кампаніях патрэбныя інкубатары малога інавацыйнага бізнесу, каб у іх арбіце ствараліся новыя ідэі. Эксперт таксама лічыць, што трэба істотна прасунуць пытанне з іх фінансаваннем. «Трэба больш актыўна ствараць венчурныя фонды. Яны існуюць у форме беларускага інавацыйнага фонду, Банка развіцця, які крэдытуе стартапы. Але ўсё гэта толькі на пачатковай стадыі і не мае масавага характару, як гэта адбываецца, скажам, у Кітаі. Там за мінулы год венчурныя фонды інвеставалі ў стартапы 31 млрд долараў. Калі мы ў год пачнём укладваць у стартапы хоць бы паўмільярда долараў, тады мы можам сказаць, што Беларусь будуе эканоміку ведаў», — падкрэсліў Міхаіл Кавалёў.

Як эксперт у групе ў галіне права пры Адміністрацыі Прэзідэнта, прафесар плануе прасоўваць ідэю падтрымкі ў першую чаргу навукаёмістага і інавацыйнага бізнесу. Ідэю стварэння дзясяткаў паркаў тэхналогій у розных галінах прамысловасці, каб Беларусь праз некалькі гадоў падключылася да працэсу Іndustrіal revolutіon 4.0, які ідзе ва ўсім свеце. А гэта ўсяго толькі адзін з тых напрамкаў, якія трэба будзе ахапіць удзельнікам групы. Як бы там ні было, наперадзе работы яшчэ сапраўды шмат. Спыняцца і падводзіць вынікі яшчэ вельмі рана.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».