Вы тут

Тут лунала душа Максіма


Ужо 40 гадоў мінула з таго часу, як фальварак Ракуцёўшчына стаў адметным месцам на літаратурнай карце Беларусі. 


Паэтэса Валянціна Гіруць-Русакевіч.

Каб папіць вады з Максімавай крыніцы — трэба правільна назваць расліну. А каб пакатацца на возе, на якім, паводле легенды (але мы ў яе не паверылі) уладальніка, ездзіў яшчэ сам Багдановіч, варта толькі папрасіць кіроўцу. І калі ласка — вас пакатаюць задарма. Каб пачуць народную песню ў перанятай ад носьбітаў манеры — дастаткова ўсміхнуцца спявачкам са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства...

Ракуцёўшчына, гэтыя маляўнічыя мясціны на Маладзечаншчыне, нездарма вось ужо колькі гадоў прывабліваюць сваёй паэтычнасцю і неверагоднай чароўнасцю. Таму і фэст «Ракуцёўскае лета», які штогод ладзіцца ў фальварку, дзе сёння месціцца філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, адрозніваецца неверагоднай душэўнасцю, шчырасцю і цеплынёй.

Тут, на Маладзечаншчыне, Багдановічу добра пісалася. У 1911 годзе паэт правёў лета на беларускай зямлі. Яго гасцінна прыняў у сваім маёнтку Вацлаў Лычкоўскі, дзядзька Антона і Івана Луцкевічаў. Мясціны неверагоднай чысціні і прыгажосці сталіся для паэта крыніцай натхнення, новых уражанняў, а час, праведзены тут у сям’і шляхціца, — магчымасцю сустрэцца з радзімай, пагутарыць з беларусамі і палюбавацца прыродай. Здаецца, што і сёння, у адноўленым доміку арандатара, які паўтарае той будынак, што паэт наймаў на сядзібе, можна адчуць неверагодную атмасферу творчага пошуку.

Гурт спявачак Студэнцкага этнаграфічнага таварыства

Музеефікацыя гэтых мясцін пачалася ў 1977 годзе, калі на ўспамін аб гасцяванні паэта ў фальварку было ўстаноўлена два валуны. Праз чатыры гады непадалёк вырас «Максімаў сад», пасаджаны паэтамі, а ў 1994 годзе адчыніў дзверы для наведвальнікаў філіял Літаратурнага музея паэта.

Максімавы мясціны не могуць не зачароўваць. Тут шумяць дрэвы, бруіцца крынічка, каля якой любіў бавіць час паэт, а самі будынкі музея нібыта пераносяць нас у часе на стагоддзе таму. Сюды на свята і проста па натхненне завітваюць паэты, музыкі з розных куткоў Беларусі, гучаць беларускія песні, вершы. І гэта неабавязкова творы Максіма ці прысвячэнні яму. Па завядзёнцы натхненне тут шукаюць і мастакі: непадалёк ад цэнтральнай сцэны святкавання разгортваецца пляцоўка для пленэру. Вось і сёлета адмысловымі гасцямі «Ракуцёўскага лета» сталі пісьменнікі Анатоль Бутэвіч, Навум Гальпяровіч, Валянціна Гіруць-Русакевіч, Міхал Бараноўскі, Віктар Лупасін. Народнымі песнямі аздобілі свята выдатныя спявачкі са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».