Вы тут

Анатоль Бутэвіч: «Пасеянае прарасце»


Калі толькі заходзіць гаворка пра ўспаміны, амаль кожны пачынае фразай: «Мне пашчасціла...» І як бы гэта трывіяльна ні гучала, мне пашчасціла быць знаёмым з Іванам Антонавічам. Нашая літаратурная сувязь пачалася, вядома, яшчэ са школы, дзе я, хутарскі школьнік з Нясвіжчыны, чытаў творы Брыля. Калі ж, трапіўшы ў Мінск, убачыў на свае вочы тых «хрэстаматыйных» пісьменнікаў, чые творы захаплялі ў школе, — Максіма Танка, Пімена Панчанку, Аркадзя Куляшова, Івана Шамякіна, Янку Брыля, некаторых іншых, — мяне ўразілі і здзівілі найперш іх простасцьзвычайнасць і незвычайная чалавечнасць. Было вялікае адкрыццё, бо калі вывучаў творы пісьменніка ў школе, уяўляў, што гэта ўсімі шанаваная асоба, да якой цяжка падступіцца. А тут раптам сустракаешся з чалавекам і бачыш, што ён такі ж звычайны, як і ўсе. Толькі, наадварот, гэтыя высокія асобы яшчэ больш адкрытыя, шчырыя, вабяць да сябе, на роўных размаўляюць з табой, а не ўзвышаюцца недаступнасцю.


Янка Брыль з калегамі Анатолем Бутэвічам, Максімам Танкам і Вольгай Іпатавай.

Мне сапраўды пашчасціла мець цесныя і плённыя стасункі з Іванам Антонавічам — падчас працы ў сектары мастацкай літаратуры ЦК партыі, у Міністэрстве інфармацыі, Міністэрстве культуры і друку, выдавецтве «Мастацкая літаратура» — асабліва. У той час нашыя афіцыйныя адносіны «ачалавечыліся», я ўбачыў Івана Антонавіча звычайным, зусім простым чалавекам. Часам нават з хітрынкай назіраў: вось гэты чалавек, з якім мы размаўляем пра звычайныя жыццёвыя і творчыя справы, напісаў такія выдатныя творы, і хаця ў размове здаецца, што ён глядзіць на свет гэтак жа, як і любы іншы, на самай справе гэта няпраўда: ён здольны ўбачыць, адчуць, зразумець болей, чым кожны з нас.

Калі ў 1971 годзе я пачаў працаваць у БелТА па размеркаванні пасля філфака Белдзяржуніверсітэта, сустрэў там журналістаў, якія прыехалі з-за межаў Беларусі і беларускай мовы не ведалі. Аднойчы я прыхапіў на працу кнігу Янкі Брыля «Жменя сонечных промняў». Адзін з такіх журналістаў узяў гэтую кнігу пачытаць і так захапіўся, што не мог з ёю расстацца, — давялося яму «Жменю…» падараваць. Гэтая кніжачка была заўсёды з ім у любой вандроўцы і камандзіроўцы, у нас нават своеасаблівы «пароль» склаўся: «Ну, як там жменя сонечных промняў?» — «Грэе!»

Брылёўскія назіранні, карацелькі, філасафізмы сталіся своеасаблівым адкрыццём. Да яго амаль ніхто так не пісаў, ён быў адкрывальнікам глыбокай сэнсоўнасці ў кароткім слове. Але тут была і пэўная цяжкасць: кожнае слова нясе надзвычайную нагрузку, у караценькім сказе трэба стварыць густую сэнсавую і стылёвую скандэнсаванасць… Мабыць, толькі Брыль мог так пісаць.

 Не кажу, што мы з Іванам Антонавічам пасябравалі: усё-ткі розны ўзрост, іншы жыццёвы ўзровень. Але ў пэўным сэнсе мы сталі блізкімі, сустракаліся і фармальна, і нефармальна, і на працы, і ў Саюзе пісьменнікаў, і ў гасцях адзін у аднаго. Мабыць, менавіта гэтыя ўспаміны — сапраўды тыя непаўторныя, унікальныя залацінкі, якія і сёння не прыцьмелі.

Дапамог мне Іван Антонавіч і ў 1996 годзе, калі я збіраўся ехаць у Гданьск Генеральным консулам Беларусі. Тады я быў дыпламатам-пачаткоўцам, сфера была для мяне новая, таму я з удзячнасцю прыняў дапамогу: Янка Брыль даў «рэкамендацыі» да знакамітага пісьменніка з беларускімі каранямі Збігнева Жакевіча, які жыў у Гданьску, і радыёжурналісткі, таксама біяграфічна звязанай з Беларуссю, Ганны Шчапаньскай. Гэтыя знаёмствы і сустрэчы вельмі паспрыялі ў чалавечых і прафесійных стасунках. Пра нашыя непарыўныя «замежныя» стасункі сведчаць ягоныя пісьмы, паштоўківіншаванні. І, вядома, нямала шчырых аўтографаў на кнігах Брыля.

Аднойчы, падчас майго адпачынку як пасла Беларусі ў Румыніі, на нашай мінскай кватэры сабралася цэлая пісьменніцкая кампанія: песні, спевы, дзе саліраваў Янка Брыль. Былі іншыя гаворкі-дыскусіі і на кватэры Янкі Брыля, і ў ягонай наднёманскай хаціне. Было, вядома, гасцяванне, чаяванне, гутаркі-спрэчкі пра літаратуру і… ярка выяўляўся характар Івана Антонавіча: ён выказваўся шчыра, адкрыта, нават крытычна і пра творчаць прысутных. На шчасце, у мяне захаваўся паўтарагадзінны відэазапіс той сустрэчы, праўда, да гэтага часу ён не пакладзены на паперу. Такім чынам, маем магчымасць паслухаць народныя песні ў выкананні Янкі Брыля і ягоныя развагі.

Нават у такіх прыязных адносінах я заўсёды ставіўся да Івана Антонавіча з піетэтам. І гэта праўда. Варта сказаць, што дзякуючы і яму я стаў афіцыйным сябрам Саюза пісьменнікаў: у 1993 годзе мне далі рэкамендацыю Янка Брыль, Адам Мальдзіс і Алег Лойка. Для мяне гэта было вельмі каштоўна, Іван Антонавіч станоўча ацэньваў маю перакладчыцкую працу, хаця выказваў і крытычныя заўвагі, напрыклад, адносна перакладу «Над Нёманам» Элізы Ажэшкі.

 Ацэнку Брыля я прыняў як хрышчэнне, як арыенцір на творчы саюз, якога трымаюся ўсё жыццё. Хаця, вядома, не прыналежнасць да нейкай арганізацыі вызначальная для пісьменніка — яшчэ ні адзін творчы саюз ні за кога не стварыў ні рамана, ні паэмы, ні карціны, ні песні, ні фільма. Калі ты нешта маеш за душой, то і створыш нешта вартае, калі не — то ніякі творчы саюз за цябе гэтага не зробіць.

Нашыя літаратурныя стасункі з Янкам Брылём не перарываліся да яго апошніх дзён, бо Іван Антонавіч цікавіўся літаратурным жыццём, усё чытаў, усіх ведаў. Калі я праглядаў кнігі, якія прыносіў яму, то па заўвагах, зробленых на палях, бачыў, што ён не проста праглядаў, а сапраўды ўчытваўся. Калі яму ставала часу? На стале ў ягонай кватэры заўсёды былі кнігі Талстога, Чэхава, іншых рускіх класікаў, якія ён, вядома, перачытваў шмат разоў. Гэта значыць, што яго цяга да слова была натуральная, не паказная, што яму патрэбна было, магчыма, зверыць нейкія свае думкі з класікамі, а можа, паглядзець, як суадносіцца сэнс беларускай літаратуры і з еўрапейскім кантэкстам, і з рускай класікай.

У жыцці і дзейнасці многіх нашых вялікіх творцаў, пачынаючы ад Скарыны, дагэтуль разгаданы не ўсе загадкі. У Янкі Брыля таксама ёсць свая загадка, і яна, на мой погляд, таксама сёння не разгаданая. Ненадрукаванымі і невядомымі чытачу застаюцца надзвычай аб’ёмныя дзённікі пісьменніка. Магчыма, нас чакаюць цікавыя адкрыцці. Не хібячы ў слове публічным, Іван Антонавіч не мог схібіць і ў слове інтымным, дзе ён мусіў быць шчырым толькі перад самім сабой. Тыя дзённікі мо таксама хаваюць таямніцы і загадкі, мо некаторым з нас давядзецца не згаджацца, спрачацца. Ацэнкі, выказаныя Брылём, які добра ведаў жыццё ва ўсіх яго праявах, не могуць быць прадузятымі, а праўда, як вядома, часам бывае горкай. Вядомы і невядомы Янка Брыль чакае сустрэчы са сваім чытачом. І гэта добра: раз ёсць яшчэ нешта невядомае, значыць, ёсць і цікаўнасць.

Калі мы шанавалі пісьменніка пры жыцці, не варта выракацца гэтага звычаю і пасмяротна, трэба і далей глыбока вывучаць і аналізаваць творы, перавыдаваць кнігі, адзначаць памятныя даты. Не губляць з поля зроку творчую спадчыну тых асобаў, якія праз усё жыццё дбалі пра Беларусь і зрабілі для яе станаўлення невымерна шмат. Шануючы папярэднікаў, будзем смялей рассыпаць жмені сонечных промняў па беларускім полі. А пасеянае, вядома ж, прарасце.

Падрыхтавала Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?