Вы тут

Сусвет Янкі Брыля


Яго для сябе я адкрыў яшчэ ў Пугачоўскай школе. Па школьнай праграме. Знаёмства было кароткім і не вельмі запамінальным, бо на кожным новым уроку мы рухаліся далей і далей па падручніку. Сёння адзін пісьменнік, праз пару дзён другі, а там трэці, чацвёрты, пяты, шосты, сёмы… І ўсё ж у душы заставалася святло ад прачытанага. Часцінка святла ад аднаго пісьменніка, ад другога, ад трэцяга, ад чацвёртага, і, глядзіш, ты ў сабе носіш вялікі сусвет беларускай літаратуры. Праўда, запраграмаваны. І толькі потым, ужо калі прыехаў у Мінск вучыцца, я мог спакойна і самастойна папаўняць свой літаратурны сусвет новымі пісьменнікамі і творамі. І сярод любімых пісьменнікаў быў нязменна Янка Брыль. Я палюбіў яго за мініяцюры, за дзённікавыя запісы. Бывала, што некаторыя з іх перачытваў па некалькі разоў на дзень і кожным разам адкрываў нешта новае.


Адкрываў Беларусь

Самога Янку Брыля ўпершыню ўбачыў недзе гадоў трыццаць пяць таму. Магчыма, у снежні 1981 года, калі з Дома літаратара ехаў на семінар маладых пісьменнікаў у Каралішчавічы. А магчыма, на нейкай літаратурнай імпрэзе ці пасяджэнні ў Саюзе пісьменнікаў. Але гэта не галоўнае. Галоўнае — размовы з Янкам Брылём. Напачатку я нярэдка сустракаў Івана Антонавіча ў рэдакцыі «ЛіМа», куды прыходзіў з вершамі да Юрася Свіркі. А там у кабінеце з паэтам яшчэ працавалі Анатоль Сідарэвіч і Уладзімір Ягоўдзік. І вось Брыль з імі падоўгу гаварыў. Мне, маладому, слухаць было вельмі цікава. Бывала, Брыль і мяне падключаў да размовы. Пытаўся, як у нас у вёсцы якое слова гавораць, як мае дзяды жылі за Польшчай. І ўжо калі я ў 1995 годзе прыйшоў працаваць у «ЛіМ», Янка Брыль заходзіў наўпрост да мяне. Ад Івана Антонавіча я даведаўся, што мая стрыечная сястра замужам за адным з яго пляменнікаў.

З Брылём было добра. Каля яго я адчуваў сябе хлапчуком, да якога прыйшоў дзед, каб даведацца, як тут ягоны ўнук расце. Брыль чытаў шмат. І мне прыемна было чуць ягоную ацэнку маіх новых публікацый у перыёдыцы. Праляталі дні, гады. І ўсё, што здавалася вечным, сыходзіла ў вечнасць. Я думаў, што Янка Брыль пражыве 100 гадоў. Памыліўся. 25 ліпеня 2006 года ў маім дзённіку з’явіўся запіс:

«Аўторак. Дзесяць дзён як у адпачынку. Ні хвілі не адпачываў душой — пішу вершы пра каханне і няма той мяжы, за якой няма рыфмаў. Люда з Веранікай у Чарнагорыі на моры. Хочацца, каб хоць яны адпачылі. Учора было 19 гадоў, як мы з Людай пажаніліся! Свята. Прыедуць дамоў, адзначым. А пакуль хваляванні, чаканні і вершы… Недзе ў гадзін 14 патэлефанаваў Леанід Галубовіч: “Ці праўда, што памёр Янка Брыль?” Памёр… Так ужо атрымліваецца, што кожнае лета, калі я ў адпачынку, даведваюся пра сумныя навіны. Калі былі на Нарачы — памёр Быкаў. Адным летам атамная лодка патанула, другім — Ельцын Белы дом расстрэльваў. Цяпер — Янка Брыль памёр. Не магу ўспрыняць яго смерць як трэба, бо і так сперажываўся…»

 У гэты ж дзень, 25 ліпеня, у мяне напісаўся верш:

 

Балада Янкі Брыля

А ён спакойна жыў… Памёр спакойна,

Як неба памірае над зямлёй,

Дзе цішыня, як шкло, дзе вечна войны,

Дзе рэчак вены з нашаю крывёй

Парэзаны, як брытваю, мяжой.

І неба зноў спатоліцца душой,

А нам, як свечкам, ля крыжа застацца

Пад сонцам, як пад божаю слязой,

Дзе толькі на сябе нам спадзявацца,

Бо аніхто, ніхто не дапаможа

Прайсці зіму і гэта бездарожжа,

Якім сябе мы часта суцяшаем,

І наша неба з намі памірае…

 

А ён пайшоў, як Заўтра памірае,

Дзе цішыня, як на іконе шкло,

Дзе жыў ён светла, дзе расце святло,

Дзе нашага і ценю не было…

Працуючы ў «Мастацкай літаратуры», некалькі разоў рыхтаваў да друку творы Янкі Брыля. І сёлета да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка ўклаў кнігу выбранай прозы, якую назваў «Яшчэ раз пра вечнае…». Складаючы томік, увесь час адчуваў прысутнасць Івана Антонавіча ў сваім кабінеце. Ён сядзеў насупраць мяне, сачыў за тым, што выбіраю для друку з ягоных тамоў, і ўсміхаўся. Мне з Брылём, як з аўтарам новай кнігі, было добра працаваць. І кніга «Яшчэ раз пра вечнае…», па-мойму, атрымалася цудоўнай. Яна выйдзе ў свет неўзабаве, у жніўні.

 

Жнівень Янкі Брыля

тваё жніво пачалося ля мора

далёка ад роднай зямлі

зямлі дзе птушкі і гнёзды

чакалі цябе

і нёманскія казкі

у затоках рачных

жылі ў гарлачыках белых

як перліны ў ракавінках

і чакалі цябе

 

і ты прыехаў

і ў Забалацці стала днець

і ў золак, убачаны здалёк,

ты сыпануў жменю сонечных промняў

як спелых каласоў

і асвяціліся

сцежкі дарогі прастор

і сівыя валуны і курганне

і рэшткі замкаў княства

Вялікага Княства Любові

і сонца ўзышло высока

над мілым Загор’ем

і сонца было тваім

як маміна песня

як бацькава слова

як дзедава малітва

 

і ты слухаў вечнасць

у пошуме траваў і дрэваў

і кожны твой жнівень

быў Храмам

у якім твае вітражы

створаныя з любові і жалю

напаміналі ўсім

 што ёсць Вера Надзея Любоў

 

 і Каханне

і сірочы хлеб

 

і вераснёвая рунь

затапляла твой свет

па якім ты ідзеш

як Ной тутэйшы

у якога ёсць каўчэг

і акраец хлеба

каб усіх пакарміць

і даць Слова

 якое было ёсць і будзе

як жнівень

калі ты пачуў

крык чаек над морам

далёка ад роднай зямлі

дзе цябе ўжо чакалі

 і птушкі і гнёзды

і нёманскія казкі

і людзі

Віктар ШНІП

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.