У нашай краіне спорту традыцыйна аддаецца асаблівая ўвага, прычым самым розным яго відам. Учора кіраўнік дзяржавы сустрэўся з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынары Ватанабэ.
Днямі ў Мінску прайшоў этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы.
— Я найпадрабязнейшым чынам інфармаваны пра ўсе падзеі апошніх трох сутак у Беларусі, асабліва што датычыцца нашага спорту, мастацкай гімнастыкі, — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі ўдзячны за падзею, якая адбылася ў Мінску.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мастацкая гімнастыка — гэта той від спорту, дзе яшчэ вельмі шмат суб'ектывізму. Ён выказаў спадзяванне, што спадар Ватанабэ можа пераламіць гэту тэндэнцыю.
— Вы, відаць, упэўніліся, што Беларусь трымае слова, — звярнуў увагу кіраўнік краіны. — Гэта адказная краіна, і ўсе нашы людзі, якія спрычынены — у прыватнасці, да мастацкай гімнастыкі, — таксама трымаюць сваё слова. Я вам хачу цвёрда паабяцаць, што ў гэтым працэсе, на гэтым шляху вы заўсёды знойдзеце падтрымку Беларусі і можаце ёй скарыстацца ў любы час. Мяркую, што так думаю не толькі я. Так думае пераважная колькасць спецыялістаў, спартсменаў, трэнераў, якія непасрэдна займаюцца гімнастыкай.
У той жа час ёсць і іншыя кірункі для супрацоўніцтва Беларусі і Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі.
— Я вельмі разлічваю, што вы нам дапаможаце вярнуцца ў эліту спартыўнай гімнастыкі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце, што ў нас была цудоўная школа, але, на жаль, мы яе страцілі — у адрозненне ад Японіі, краіны, якая была на вяршыні і засталася на гэтай вяршыні.
Яшчэ адзін нюанс, якому ўдзяліў увагу кіраўнік краіны — асаблівасці сучаснай мастацкай гімнастыкі:
— Можа быць, вам удасца мастацкую гімнастыку павярнуць у бок мастацтва. Я калі гляджу мастацкую гімнастыку і бачу лірычныя, спакойныя практыкаванні... Гэта сапраўдная мастацкая гімнастыка. А там, дзе патрэбны звышчалавечыя намаганні — гэта адштурхоўвае і спартсменаў, і асабліва бацькоў.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Марынары Ватанабэ, які родам з Японіі і які даволі працяглы час быў генеральным сакратаром Японскай асацыяцыі гімнастыкі, з паспяховым выступленнем на этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы японскіх спартсменаў.
— Вы за кароткі прамежак часу дасягнулі вельмі высокіх рэзультатаў. Таму вы нас навучаеце спартыўнай гімнастыцы, а мы вам дапамагаем у мастацкай гімнастыцы. Добры абмен будзе — разам будзем трэніравацца, — прапанаваў беларускі лідар.
У канцы свайго ўступнага слова Аляксандр Лукашэнка ўручыў спадару Ватанабэ ганаровы знак Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі «За заслугі ў развіцці алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь». На сустрэчы прысутнічала і Нэлі Кім, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. У свой час яна трэніравала нацыянальную зборную нашай краіны па спартыўнай гімнастыцы, з'яўляецца заслужаным трэнерам Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ёй ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.