Вы тут

«Звязда» паназірала за падзеямі свята «Рыцарскі фэст — 2017»


Металічны грукат мячоў, пах прыгатаванай на вогнішчы ежы, танцы пад поўным месяцам пад чароўныя мелодыі скрыпкі і старадаўняй валынкі — гэтыя гукі, пахі і ўражанні шчодра дарыла ў першыя выхадныя жніўня яркае і вельмі шчырае на эмоцыі свята «Рыцарскі фэст» у Мсціславе. Каля 300 рыцараў з 40 клубаў Беларусі і Расіі з'ехаліся ў беларускі старажытны горад, каб паспрачацца адзін з адным у вынослівасці, майстэрстве і храбрасці.


Настой ад мсціслаўскіх аптэкараў.

Пешыя і конныя, у даспехах і туніках, з мячамі і алебардамі — парад рыцараў, дзе яны ідуць разам са сваімі вернымі спадарожніцамі, адбываецца кожны раз, калі князь Расціслаў Мсціслававіч са сваёй прыгожай жонкай адкрывае фэст і запрашае публіку ацаніць прадстаўніцтва. Потым большая іх частка накіроўваецца на Замкавую гару. Менавіта ў цэнтры старажытнага Мсціслава, дзе за драўлянай сцяной створана імітацыя былога замка, адбываюцца ўсе рыцарскія паядынкі. А яшчэ тут можна паназіраць за прадстаўнікамі розных рыцарскіх фарміраванняў, у якіх нават палаткі на сярэднявечны манер. Пакуль жанчыны гатуюць на вогнішчах ежу (для лянівых падвоз першага, другога і трэцяга арганізоўваюць мсціслаўскія арганізацыі грамадскага харчавання), мужчыны адукоўваюць грамадзянскіх. Вунь малайцаваты прадстаўнік шатландскай пяхоты бойка камандуе вольнанаёмным, як паводзіць сябе ў баі. Галоўнае — ісці плячом да пляча і дэманстраваць ваяўнічасць.

Дзякуючы магілёўскім археолагам на Замкавай гары сёння любы ахвотны можа паглядзець кавалачак маставой ХІ—ХІІ стагоддзяў і знаходкі, якія былі зроблены падчас раскопак. Усё гэта знаходзіцца пад дахам, каб надвор'е не сапсавала ўнікальны кавалачак даўніны. Музейныя супрацоўнікі заўсёды нагадваюць наведвальнікам, каб яны трымалі свае мабільныя тэлефоны, фотаапараты і іншыя рэчы далей ад раскопу, бо, калі яны ўпадуць уніз на глыбіню некалькі метраў, з імі проста прыйдзецца развітацца. Культурны слой закансерваваны і парушаць яго нельга. Гэтым разам, напрыклад, на маставую ХІІ стагоддзя трапіла дзіцячая кепка...

Свята адкрыў Расціслаў Мсціслававіч са сваёй жонкай.

Для паўнаты ўражанняў на замчышчы нават складзена печка, дзе гэтым разам супрацоўнікі Мілейкаўскага клуба Любоў Кабалік і Надзея Іванчанка гатавалі бліны і кулеш і раздавалі ўсім ахвотным.

Наогул дух Сярэднявечча можна было адчуць у любым куточку горада. На тэрыторыі езуіцкага манастыра працавала старадаўняя школа, дзе можна было паспрабаваць пісаць пяром, паназіраць за наваколлем у падзорную трубу або павучыцца майстэрству выканання мелодый. Тут жа былі створаны ўмовы для гульні ў гарадкі, паядынку на бервяне з дапамогай мяшкоў з сенам, стаяла калода з драўляным мячом і кошыкам зялёных дробных яблыкаў, каб папрактыкавацца ў меткасці. А ў падвальным памяшканні мясцовы аддзел адукацыі частаваў гасцей смачнай гарбатай і пірагамі. «Рэцэпт старажытны, — усміхалася суразмоўніца Ларыса Сцепанюк. — Толькі цукру ў пірагі паклалі болей чым трэба».

Гаспадары свята.

Смачна паесці, дарэчы, запрашалі шматлікія палаткі спажыўкааперацыі. Мсціслаўскіх калег падтрымалі суседзі з Дрыбіна, Горак, Крычава. Сур'ёзную канкурэнцыю ім складалі літоўцы, якія прыехалі на свята са сваёй паходнай кухняй упершыню. У 100-літровах чанах і на гіганцкіх патэльнях шкварчала, булькала і распаўсюджвала неверагодна прыемныя пахі агародніннае рагу з лісічкамі, бульбінас блінас, або па-нашаму дранікі, залацістыя каўбаскі. Нарасхват ішлі караімскі кібінай, або піражкі з сечанай свінінай, якія гатуюцца па асобым рэцэпце. Усё гэта запівалася цудоўным півам або хатнім квасам з літоўскага чорнага хлеба.

— Мы робім выключна нацыянальныя стравы, — распавялі газеце сужэнцы Эрнестас і Вольга. — У нас у Вільнюсе ёсць трохпавярховы рэстаран-музей, дзе мы працуем. Там захоўваюцца рэчы часоў нашых бабуль і дзядуляў, грае нацыянальная музыка, а афіцыянты ходзяць у нацыянальных строях.

Адной з любімых народных забаў на фэсце былі парасячыя скачкі. Адрэналін у азартных грамадзян падымала разам са сваімі гадаванцамі мсціслаўская аграгаспадарка «Віхра». Прынесці ўдачу і некалькі рублёў у прыдачу мог любы з трох сімпатычных парсючкоў — Сняжок, Рыжык або Чарныш. Карэспандэнт «Звязды» паставіла 3 рублі на Рыжыка і ... прайграла. Рыжык, на жаль, аказаўся ленаватым. «Грошы пойдуць на ўтрыманне «спартсменаў», а вам пашчасціць наступным разам», — супакоіла намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі таварыства «Віхра» Вольга Дубяга.

Дарэчы, пераможным аказаўся Чарныш. Той, хто на яго паставіў, атрымаў 5 рублёў! Менавіта за столькі можна было зрабіць фотасесію ў поўнай рыцарскай амуніцыі. І нават на фоне прылад катаванняў. Ахвотныя мелі магчымасць азнаёміцца з больш поўнай калекцыяй гэтых жудасных прыстасаванняў на выставе беларускага майстра Сяргея Аўгуста «Твары Смерці». Маскі ганьбы, пояс цноты, іспанскі бот, крэсла ведзьмы — чалавецтва праявіла зайздросную вынаходлівасць ў стварэнні прадметаў для пакут сабе падобных.

Творча падышлі да свята арганізацыі і прадпрыемствы Мсціслава. Ім трэба было прадэманстраваць, як выглядалі іх службы ў Сярэднявеччы. Прыемна было зноў сустрэцца з даўнімі прыхільнікамі «Звязды» — супрацоўнікамі мсціслаўскай Цэнтральнай раённай бальніцы, якія запрашалі ў аптэку сярэдзіны ХVІ стагоддзя «Вось добры народны сродак, — патрэсла крапівой перад маім носам фармацэўт Алена. — Добра дапамагае ад усіх істэрык, рэўматызму, артрыту, поліартрыту».

Тое, што мсціслаўскі фэст свята не толькі рыцарскае, але і духоўнае, арганізатары падкрэсліваюць кожны раз. Гэтым разам шмат людзей прыйшло ў храм Тупічэўскай іконы Божай Маці пакланіцца часціцам мошчаў святой Матроны Маскоўскай. Іх у горад прывезлі смаляне.

— Свята накіравана не толькі на адраджэнне духу даўніны, але і дэманстрацыю патрыятычных адносін да сваёй радзімы, прапаганду духоўных каштоўнасцяў, якія змацоўваюць пакаленні, — падкрэсліў старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Аляксандр Пракопаў.

Завітала ў гасцінны Мсціслаў і дэлегацыя горада-пабраціма Сіламяэ з Эстоніі на чале з віцэ-мэрам. Праўда, пакуль у якасці наведвальнікаў. Не выключна, што налета сюды прыедуць і ўдзельнікі ад гэтай краіны. Цікавасць праяўляюць і немцы. Па словах намесніка старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Ігара Мельнікава, напярэдадні свята ў горадзе пабываў прадстаўнік Германіі.

— Наш фестываль карыстаецца вялікай папулярнасцю і ў гасцей, — адзначае Ігар Аляксандравіч. — Мсціслаў прэтэндуе на званне музея, і мы цяпер актыўна супрацоўнічаем з вопытнымі калегамі па гэтай частцы ў рамках праекта СОMUS.

Галоўнай падзеяй рыцарскага свята, вядома, стала ўзнагароджанне рыцараў. Гэтым разам пераможны меч дастаўся камандзе зборнай клубаў з Магілёва, Брэста і Баранавіч. Яны аказаліся мацнейшымі ў турніры баёў пешых рыцараў у фармаце 5 на 5 .

Рыцару лягчэй, калі дама яго сэрца побач.

Завяршылася свята, як заўжды, эфектна. Спачатку містыкі начному гораду дадало неонавае шоу з казачнымі гіганцкімі матылькамі, а потым тэатр агню здзейсніў на цэнтральнай плошчы захапляльны вогненны паказ. А на замкавай гары пасля спектакля «Ведзьміна лысіна» адбылася сярэднявечная дыскатэка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Меч ад Мсціслава

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.