Вы тут

Урыўкі з твораў празаікаў-лаўрэатаў “Брамы Мар”


У №9 за гэты год “М”ы пазнаёмім вас з плёнам сёлетняй “Брамы Мар”. Уражанні ўдзельнікаў, уражанні журы, уражанні арганізатараў. Таксама – мастацкія тэксты, вядома.

А пакуль чакаем верасня – лавіце ўрыўкі з твораў празаікаў-лаўрэатаў. “М”ы маем надзею, што гэтыя імёны з’явяцца на старонках “Маладосці”.

Некаторыя ўжо нават ў №9.

Таму заставайцеся з “Маладосцю”.


Аліса Скамароўская

Вёска-Дзяцінства-Горад

(са зборніка “20 трамвайных прыпынкаў”)

…я сядзела на заднім у машыне, якая імчала па магілёўскай трасе звыклым маршрутам: вёска – горад. Як у дзяцінстве, ела цукеркі. Шакаладныя, таму яны хутка раставалі на пякучым сонцы, пэцкалі рукі. А потым і ногі, якія бязлітасна свярбелі ад камароў. Адна за адной цукеркі так захаплялі мяне, што я нават забылася папрасіць ў мамы руля. Не сачыла, якая была FM-хваля.

Бо ў мяне, як кажуць, яна была свая. Мае абгарэлыя шчокі нагадвалі памідоры, якімі можна ганарыцца падчас зборкі ўраджаю. Вочы заплюшчваліся, бо ў дарозе мяне звычайна хіліць да сну. Са мной ехалі нарцысы, сабака, кадры ў савецкім фотаапараце, пах лета і пах вёскі. А ў суседняй машыне везлі расаду.

Неяк міжвольна я выцягнулася на задніх сядзеннях і паснула. Апошняя думка была аб тым,  што расаду яны ўсё ж такі ператрымалі, відавочна.

Калі прачнулася, мы ўжо былі ў горадзе каля нашага пад’езда. Убачыла ногі ў цукерках і адразу адчула,  што  маршрут быў не такім звыклым, як раней. Кажучы дакладна – калі, канечне, пра пачуцці можна казаць нешта дакладнае, то гэта была не вёска – горад, а вёска – дзяцінства – горад.


Дар’я Значонак

***

– Давай сюды, Ліда.

Яна хуценька спусцілася па прыступках, прайшла міма бледнага сувязіста, які напружана адстукваў нешта ключом, і моўчкі спынілася. Камандзір палка рэдка патрабаваў чыста ваенных зваротаў, асабліва калі яго нешта трывожыла. Па яго словах, уся гэта афіцыйнасць толькі забірала час, які можна было выкарыстаць на важную размову.

Абапіраючыся рукамі на стол, Якімовіч стаяў над вялікай мапай мясцовасці, цьмяна асветленай керасінавай лямпай. Ён нават не ўзняў галавы, калі Ліда апынулася насупраць.

– Пакажы яшчэ раз, дзе праходзіў учарашні бой.

Ліда таксама схілілася над мапай, толькі са свайго боку стала. Не было розніцы, што яна глядзела на яе дагары нагамі: з паветра ўсё роўна бачыш арыенціры ў самых розных ракурсах.

– Бой пачалі ў гэтым квадраце, – хутка вызначыла яна і, звыкла ўзяўшы са стала аловак, паказала патрэбнае месца. – Тут жа былі збіты два першыя “месеры” ў выніку нечаканай атакі зверху.

Учора ёй было цяжэй узгадаць падзеі, бо ў галаве ўсё блыталася з-за адчаю і гора, але за мінулы час паслядоўнасць дзеянняў паспела добра ўлегчыся ў памяці. Гэтаму паспрыяла і напісанне рапарту, у якім Ліда пералічыла ўсе падрабязнасці бою...


Алёна Астаповіч

Падазраю, што дыктоўка напісаная дрэнна

…цьмянае святло настольнай лямпы і кубак гарачай кавы. Гартаю старонку за старонкай новай кнігі па беларускай мове. Спрабую знайсці выратаванне ад уласных думак у правілах і абсалютна непатрэбных цяпер словах. Дарэмна. Радкі расплываюцца ад слёз, якія зноў і зноў сцякаюць па шчоках і падаюць на белыя старонкі, пакідаючы вялікія мокрыя плямы. Я ўсё зрабіла правільна. Мне няма пра што шкадаваць. Тады чаму ў душы толькі нейкая жахлівая цемра? Не важна. Гэта ўсё глупства. Што ж гэта са мной сёння? Спакойна, Оля, не трэба эмоцый. Трыццаць гадоў трымацца і вось так проста сарвацца? Ва ўсім вінавата халодная восень, што абмывае дажджамі брудныя вуліцы і малюе сваім чорным пэндзлем сум на людскіх тварах. Восень наганяе тугу.

Падыходжу да акна і адсоўваю фіранкі. Зоркі з неба глядзяць на мяне яркімі, мігатлівымі агнямі. Горад выглядае таямнічым і загадкавым. Бяру плед з крэсла, якое стаіць побач, і ахінаюся. Мне ўжо амаль пяцьдзесят, а я зусім адна. Ні дзяцей, ні сям'і. Вітаю, чарговая бяссонная ноч. Вітаю вас, сумныя думкі.

— Цік-так-цік-так, — толькі насценны гадзіннік парушае цішыню і з'яўляецца нябачным сузіральнікам маёй адзіноты.


Яўген Чукаў

***

…крывадушнасць, двудушнасць, неадназначнасць. Успомніце грэкаў. Зеўс быў вышэйшым за ўсіх, нават за іншых багоў, бо ён меў доступ да агню і маланак – першаснага пачатку. Зразумела, гэта толькі метафара старажытных апавядальнікаў. Людзі лічылі сябе дурнямі, невукамі, яны жылі ў цемры, без святла. Праметэй злітаваўся над імі, выкраўшы і падарыўшы агонь, які людзі перадавалі адзін аднаму. Гэтая ўлада, гэтыя веды распаўсюджваліся, разрасталіся, а Зеўс губляў сваю магутнасць.

Таму веды – тое, што нельга знішчыць. Гэтую ўладу нельга адабраць. Зеўс баяўся гэтага, але не адважваўся знішчыць людзей. Хай нават у іх і было тое, што, як ён лічыў, належала толькі яму. Бо без людзей ён цалкам пазбавіўся б сваёй улады.

– …людзі лічылі, што калі яны не ахвяруюць дар багам, то іх будзе пераследваць неўраджай і няшчасце. І гэта было цалкам абгрунтавана. У ранніх тэкстах майя паміж радкоў чыталася іншая ідэя, чым тая, якую распаўсюджваюць цяпер. Зямля і матэрыяльны свет існаваў і існуе не для таго, каб заслужыць уваход у рай і вечнае жыццё.

Бо вечнае жыццё і так забяспечана для кожнага. Усё залежыць толькі ад выніковага выбару чалавека.


Ксенія Крывецкая

Падполле

− Ты яшчэ замалы, Паўлік, каб гэта разумець ...

Так кажа мама. Яна шмат пажыла.

Мы засталіся ўтрох: я, мама і дзядзька Мікалай − у нашым старым доме, дакладней, у падполлі.

Мы хаваемся. Заўсёды хаваліся.

Пуста: і навокал, і ў жываце. Я прызвычаіўся да бесперапыннай валтузні і таўканіны, і цяпер цішыня здаецца загучнай.

Часцяком гэтую цішыню парушае дзядзька, якога мы клічам проста Мікалаша. У яго нешта з галавой. Ці то з голаду, ці то яшчэ з чаго, але ён увесь час нешта грызе: алоўкі, галінкі, кардонкі. І пагляд у яго пры гэтым такі...

Карацей, ён забываецца. Страшна прызнавацца, але я яго разумею. Бывае, самому так хочацца ўсадзіць зубы ў гэты аловак і жаваць яго, жаваць, пакуль ад яго нічога не застанецца. Мама кажа, што гэта ад «безвыходнасці». Я зноў нічога не разумею. Але ведаю, што Мікалаша нас загубіць сваім шоргатам. Гэта нам яшчэ шанцуе, што той таўстун зверху нас не застукаў тут. Можа, ён састарэў, аглух. Можа, яму проста лянота спускацца. Але да гэтага часу ён сюды не заяўляўся. Калі ён сюды завітае – нам канец.


Арамаіс Міракян

Танчы са мною да скону кахання

…Зміцер з'ехаў з горада на тры дні ў камандзіроўку, забыўшыся на тэлефон, а калі вярнуўся, яго ўвагу прыцягнуў ліст, які ляжаў на маленькім століку каля уваходных дзвярэй. Беласнежны канверт на чорнай паверхні не меў ніякіх шанцаў застацца незаўважаным.

Ліст быў горкім, прачытаўшы яго, Зміцер нібы забыўся, як дыхаць. Яго свет, які раней гарэў, пераліваўся сотнямі розных колераў і адценняў, ізноў стаў манахромным, як да знаёмства з Хрысцінай.

Чырвоны. Чорны. Сіні. Чырвоны. Чорны. Сіні. Гэтыя колеры зноў і зноў успыхвалі перад вачамі. Агаломшаны новым ударам болю, (хто б мог падумаць, што ад сыходу каханай пакута можа быць фізічна вострай?), Зміцер падышоў да прайгравальніка, наўздагад паставіў у яго дыск, зачыніў вечка і націснуў "Play". Голас Леанарда Коэна, які загучаў з дынамікаў, стаў апошняй кропляй. Хлопец абхапіў галаву рукамі і горка заплакаў. Музыка створана для таго, каб дзяліць яе з самымі дарагімі людзьмі. Танец створаны для таго, каб падзяліць яго з тым, каго ўпусціў у сваю душу.

Зайграла Dance me to the end of love. Плач перайшоў у стогн.

Мала хто ўмее ісці па жыцці, танчачы ў адзіноце.


Яўген Чарнышоў

Гэта скончылася, так?

…яна прашаптала мне на вуха: «Я не хачу, каб гэта заканчвалася...»

Гэтай фразы было дастаткова, каб забыцца на тое, што сёння апошні вечар, калі тут бліскацела вясёлкавая музыка нашых сэрцаў.

Яна не плакала. Толькі яшчэ больш захуталася ў мае абдымкі. Я адчуваў мелодыю яе дыхання.

П’едэстал сцэны нашага шчасця быў усё яшчэ запоўнены. На ім стаялі мы ў люстраным святле зорак. Гэтае святло біла з вокнаў цёмнага памяшкання, дзе не было сэнсу ў вокнах. Тым не менш, вокны былі.

Будзёнасць падлогі гэтай зямлі была далёка адсюль – яна прыйдзе толькі разам з рэжучым вочы золкам. Але пакуль што ў гэтым пакоі ляжала цемра для нас дваіх.

Прысутнасць ночы або дзяўчыны, як і заўсёды, расколвала на шчэпкі ўсю логіку маёй існасці і рацыяналізм думкі. Хаця, калі задумацца...

Але я не задумваўся. Я станавіўся з ёй (з ноччу або Янай) такім жа ірацыянальным практыкам, як і ўсе. Лічбы сэрца рабіліся простымі, – адмаўляліся быць падзеленымі, разарванымі на часткі бессэнсоўнасцю раскладання думкі.

І гэта значыць, што ў мяне замірала дыханне. А вертыкаль выражэння перацякала ў жаданую гарызанталь. І гэта значыць...


Дар’я Якімовіч

Палон

…на дванаццаты дзень народзінаў маці прынесла Паланэі ваўка.

Срэбны маленечкі кулон паказваў, як спрытна бяжыць гэты звер. Пярэднія лапы падціснуліся пад грудзі, заднія – выцягнуліся ў бок ужо прамінулага кроку. Святло таршэра грала на рысачках срэбнай поўсці, кулон гайдаўся перад тварам зачараванай падарункам Паланэі.

– Паглядзі, гэта воўк. Ён будзе вазіць цябе на спінцы, калі ты будзеш паслухмянай і добрай, – маці прыўзняла Паланэю з ложка, паставіла на падлогу і падшурхнула да вялікага люстэрка. Маленькі воўк заззяў на белай начной кашулі Паланэі.

Кажуць, што ваўкі – гэта не да добрага, але інфармацыя не дакладная.

Аднойчы Паланэі прысніліся кросны і шум акіяна.

Паланэя сядзела ў атачэнні жанчын з чужынскаю цішаю паміж вуснаў. Белыя вопраткі, цяжкія акружнасці золата на шыях і прыдалоннях, аднолькава пустыя твары.

– Ты павінна чакаць, бо ты жанчына, – ваўкалак падштурхнуў Паланэю да кроснаў. Ваўкалак, як вядома, – гэта воўк, сапсаваны чалавечымі думкамі, страхамі і прымхамі. Гэта той, хто мог бы вырасці ваўком – годным, самадастатковым – але вырашыў жэрці кроў і палохаць.

Срэбная падвеска нагрэлася ад гарачай скуры Паланэі – палоннай ва ўласным сне.

Маленькі воўк дрыжэў ад крывавага непакою яе сэрца.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».