Вы тут

Мемарыяльная «Звязда»


Няма ніводнай газеты ў свеце, якой народ паставіў бы столькі помнікаў!

Найстарэйшая рэспубліканская газета краіны — «Звязда» — увекавечана ў абелісках, манументах, мемарыяльных шыльдах. І, напэўна, не было б гэтых каменна-гранітных напамінаў, каб у цяжкі для краіны час — у гады Вялікай Айчыннай вайны — «Звязда», як і большасць выданняў, спыніла б свой выхад...


Але гэтага не адбылося. За выдавецкую дзейнасць у акупаваным Мінску і на партызанскім востраве Зыслаў народ аддзячыў газеце. Акрамя таго, у 1965 годзе «Звязда» была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені. За працоўныя дасягненні выданню прысвоілі і ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Імя «Звязды» носіць адзін з найпрыгажэйшых мінскіх праспектаў. Сталічная вуліца названа ў гонар галоўнага рэдактара першага падпольнага нумара выдання Уладзіміра Амельянюка.

Прапануем своеасаблівую карту гэтых сімвалічных для звяздоўцаў мясцін. Магчыма, і ў вас з'явіцца жаданне прайсціся па гэтым маршруце.

Каля Чырвонага касцёла

Помнік Герою Савецкага Саюза, які ў свае няпоўныя 25 гадоў рэдагаваў першы падпольны нумар «Звязды», а таксама іншым журналістам-падпольшчыкам, што падчас акупацыі ўдзельнічалі ў выданні газеты, знаходзіцца каля Чырвонага касцёла ў Мінску.

Па ўспамінах сведак, менавіта ў гэтым месцы 26 мая 1942 года загінуў Уладзімір Амельянюк. У той дзень падпольшчык якраз ішоў у аптэку, каб набыць лекі для партызанаў. Калі выйшаў, адчуў, што за ім сочаць. Пачалася перастрэлка. Журналіст-патрыёт не паспеў схавацца ад варожай кулі...

Тут жа, на плошчы Незалежнасці, побач з помнікам — мемарыяльныя дошкі. Імёны, выгравіраваныя на іх, залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю беларускай журналістыкі.

На Караля

Па адрасе Рымарская, 13 (цяпер вуліца Караля), у хаце Міхаіла Пятровіча Воранава і яго сына Міхаіла 18 мая 1942 года быў надрукаваны першы нумар падпольнай «Звязды». Цікава, што набіраўся ён у нямецкай друкарні! Вядома ж, гітлераўцы не ведалі, чым пад прыкрыццём асноўнай дзейнасці займаюцца супрацоўнікі друкарні. У прыватнасці, малодшы Воранаў, які працаваў там электраманцёрам.

Акрамя таго, у Воранавых на кватэры друкаваліся хлебныя карткі, карткі для дадатковага пайка, пашпарты, біржавыя карткі, даведкі з месца працы, падробліваліся пячаткі і штампы. Менавіта дзякуючы Міхаілу Воранаву мінскім падпольшчыкам удалося здабыць два экзэмпляры спісу шпіёнаў у СССР, якія праз партызанскую брыгаду «Дзядзькі Колі» былі адпраўлены ў Маскву.

Але за гэта была заплачана вельмі высокая цана. Ад рук фашысцкіх катаў загінула сям'я з трох чалавек: бацька, сын і яго жонка. Па ўспамінах падпольшчыка Васіля Сайчыка, выдала іх родная цётка: «Яе затрымалі ў краме, у яе было дзесяць картак хлебных. Спыталі, дзе яна іх бярэ, тая і сказала, што Воранаў даў...»

Галоўны праспект сталіцы

Ко­ліш­ні рэ­дак­тар «Звяз­ды»  Ула­дзі­мір НАР­КЕ­ВІЧ і яго на­мес­ні­ца Люд­мі­ла РЫ­ЖАН­КО­ВА на­пя­рэ­дад­ні Дня дру­ку і на­ра­джэн­ня на­шай га­зе­ты заўж­ды ўша­ноў­ва­лі па­мяць сва­іх ка­лег, якія не здра­дзі­лі пра­фе­сіі ў цяж­кі для кра­і­ны час.

Мемарыяльная дошка на будынку сучаснага Дома друку (а перад вайной — друкарні імя Сталіна), які знаходзіцца на праспекце Незалежнасці, распавядае, што тут у першыя месяцы вайны таемна друкаваліся падпольныя ўлёткі, а ў маі 1942 года быў набраны першы нумар падпольнай «Звязды». Сёння нават цяжка ўявіць яшчэ і тое, як падпольшчыкам удалося вынесці з фашысцкай друкарні амаль усё, што патрэбна было для выпуску газеты: наборныя касы, паперу, фарбы, вярстаткі, гранкі...

Вось што расказваў пра тагачасную «Звязду» адзін з удзельнікаў падпольнага руху Георгій Сапун: «Першы час выпускалася нерэгулярна, тыраж яе быў невялікі, але абслугоўвала даволі вялікае кола чытачоў. Першы, хто яе атрымаў, пасля прачытання перадаваў суседу, знаёмаму, той іншаму, і так яна ішла па ланцужку і зачытвалася да дзірак. Нярэдка былі выпадкі, калі яна так ідучы па ланцужку, вярталася зноў у першыя рукі. Але з кожным выданнем тыраж яе рос».

Кульман/Выдавецкая

Сын на­бор­шчы­ка пад­поль­най «Звяз­ды» Ба­рыс АЛЕК­САНД­РО­ВІЧ, па­куль быў жы­вы, рэ­гу­ляр­на на­вед­ваў гэ­тае мес­ца.

Той, хто часта бывае на Камароўцы, ведае, што існуе помнік «Звяздзе» і на вуліцы Кульман. Толькі ў гады вайны яна мела досыць красамоўную назву — Выдавецкая.

Падчас акупацыі ў хаце пад нумарам 10 кіпела сапраўдная выдавецкая дзейнасць. Гаспадарыла тут жонка чырвонаармейца Таццяна Якавенка. Адзін з пакойчыкаў у жанчыны здымаў Арсеній Грышын. Там і размясцілася падпольная друкарня, у якой убачылі свет 2-гі і 3-ці нумары падпольнай «Звязды». І гэта нягледзячы на тое, што цераз дарогу знаходзілася гестапа! Але немцы нават не здагадваліся, што ў іх пад носам — у суседнім доме — набіралася і друкавалася газета, друкарню якой яны так старанна шукалі.

Як і многіх падпольшчыкаў, Арсенія Грышына чакаў трагічны лёс. Арыштаваны гітлераўцамі, ён трапіў у фашысцкі засценак. Там яго сляды губляюцца... Таццяне Якавенцы нейкім цудам пашанцавала. Яна дачакалася Перамогі і ў 1967 годзе нават перадала ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны некаторыя прадметы інтэр'ера — у прыватнасці, стол, крэсла і табурэт, за якімі працавалі журналісты-падпольшчыкі.

Цікава, што першапачаткова помнік «Звяздзе» на Кульман стаяў не на тым месцы, дзе знаходзілася хата Таццяны Якавенкі. На гістарычнае месца пераставілі яго якраз у той час, як адзначалася 60-годдзе «Звязды». І ўсё дзякуючы тагачаснаму рэдактару газеты Аркадзю Тоўсціку. Было б добра, каб гістарычная справядлівасць цалкам была адноўлена і гэтай вуліцы вярнулі яе ранейшую назву.

Беламорская

На вуліцы Беламорскай, дзе разам са сваімі сынамі Косцем і Паўлам жылі Пётр і Альбіна Хадасевічы, ствараўся чацвёрты нумар выдання. Сёння таблічка на доме №7 не толькі выдае былую падпольную друкарню, а і гаворыць аб тым, які лёс напаткаў людзей, што дапамагалі выданню выходзіць у свет.

За дапамогу падпольшчыкам усё сям'ю чакаў Трасцянец. Вядома, што не стала іх у канцы 1942 года. Тыя, хто выжыў, пасля ўспаміналі, што Хадасевічы былі надзейнымі людзьмі — толькі такія і былі звязаны з газетай.

Пяты нумар падпольнай «Звязды» таксама набіраўся ў іх на кватэры, але ў сувязі з масавымі арыштамі падпольшчыкаў так і не ўбачыў свет. У ноч на 26 верасня гітлераўцы арыштавалі 21 падпольшчыка, сярод якіх быў і Вячаслаў Нікіфараў, на якім у значнай ступені ляжала адказнасць за выхад газеты. Многіх з арыштаваных закатавалі да смерці, лёс некаторых невядомы і дагэтуль...

Востраў Зыслаў

У мемарыяльным комплексе на востраве Зыслаў, што на Любаншчыне, увекавечана і памяць журналістаў-падпольшчыкаў, якія ў студзені 1943 года аднавілі выхад «Звязды» ў партызанскай зоне.

Нягледзячы на тое, што ў лютым 1944 года ад тыфу памёр рэдактар газеты-«партызанкі» Міхаіл Барашкаў і ад хваробы зляглі некаторыя супрацоўнікі выдання, «Звязда» працягвала выходзіць. Газета наводзіла страх на ворага, узнімала беларускі народ на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пасля вызвалення першых раёнаў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў яе выпуск стаў штодзённым. Усяго за час выдання ў партызанскай зоне ўбачыла свет 105 нумароў «Звязды».

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?