19 Кастрычнік, чацвер

Вы тут

«Звязда» - авангард партыі, ардэнаносец і заканадаўца газетнай моды


Як працавала рэдакцыя ў розныя гады

«Звязда» дарагая чытачам сваёй традыцыйнасцю. У той жа час, за многія дзесяцігоддзі свайго існавання наша газета — як жывы арганізм — шмат што перажыла. І змянялася! Не раз, хоць, відаць, не заўсёды кардынальна. Прапануем вам невялікую экскурсію па вехах жыцця нашага выдання. Безумоўна, яны трошкі ўмоўныя, бо немагчыма прымусіць гісторыю ісці так, каб было зручна пра яе пісаць.


 

1917—1937. Нараджэнне, станаўленне і... лінія партыі

Як вядома, першы нумар «Звязды» выйшаў на рускай мове. На ёй, дарэчы, газета выходзіла даволі-такі доўга. Калі пагартаць падшыўку за 1917, 1918 або 1919 гады — а нумары, дарэчы, захаваліся далёка не ўсе — цяперашнюю «Звязду» ў іх пазнаць вельмі і вельмі складана. У рэвалюцыйным 1917-м некалькі нумароў выйшлі пад назвай «Молот» і «Буревестник». Некаторы час з-за грамадзянскай вайны газета друкавалася ў Смаленску і Вільні, але потым рэдакцыя канчаткова пераехала ў Мінск. Падчас узбуйненняў БССР газета распаўсюджвалася ў тым ліку і авіяцыяй.

У 1925-м у газеце з'яўляюцца першыя публікацыі па-беларуску. А ў 1927 годзе «Звязда» цалкам становіцца беларускамоўнай. Такім чынам, сёлета ў нас двайны юбілей — і абедзве лічбы вельмі паважныя: 100-годдзе з дня выхаду першага нумара і 90-годдзе газеты як беларускамоўнай.

Што цікава, у 20-я гады «Звязда» мела праблемы з тыражом. У сярэдзіне 20-х ён знізіўся з сямі з паловай тысяч экзэмпляраў да шасці тысяч. Аднак дзякуючы энергічным мерам рэдакцыі за даволі кароткі тэрмін ён вырас больш чым у два разы! Да 15 тысяч асобнікаў. Тады ж у адным з урадавых лістоў з Масквы газету назвалі ўзорнай.

Калі казаць пра ўмовы, асаблівасці працы, то 20 верасня 1929 года ЦК КП(б)Б ухваліў рашэнне тагачаснага галоўнага рэдактара Івана Асьмова перавесці рэдакцыю на бесперапынны працоўны дзень. Так што тагачасным нашым калегам сумаваць не прыходзілася.

У 1932 годзе рэдакцыя адзначыла сваё 15-годдзе — даволі, як тады прынята было казаць, ударна. У працоўных калектывах арганізоўваліся лекцыі аб рабоце «Звязды», а тыя прысвячалі газеце свае рабочыя дасягненні.

У цэлым гэта былі няпростыя часы і для краіны, і для газеты. Тон задавалі партыйныя ўстаноўкі з Масквы, але, так ці інакш, галоўныя рэдактары часта па даволі сумных прычынах на пасадзе не затрымліваліся. Так, за дзясятак гадоў — з 1927-га па 1937-ы — у газеце змянілася дзесяць рэдактараў. Лёс многіх склаўся трагічна. Безумоўна, гэта не дадавала працоўнага аптымізму супрацоўнікам рэдакцыі.

Шмат ахвяр — у прамым сэнсе — рэдакцыя панесла падчас барацьбы з трацкізмам. Леў Троцкі быў адным з самых уплывовых палітыкаў Савецкага Саюза першай паловы 20-х гадоў, але пасля «калегі» па партыі палічылі яго небяспеным сапернікам. Адпаведна, цень упаў і на тых людзей, якія мелі хоць якое дачыненне да Троцкага. Навум Ленцнэр, галоўны рэдактар «Звязды» з чэрвеня 1934-га па студзень 1935-га, у 20-я гады быў рэдактарам поўнага збору твораў Троцкага. У красавіку 1935-га яго арыштоўваюць як контррэвалюцыянера-трацкіста. А праз год прыгаворваюць да вышэйшай меры пакарання... І гэта яшчэ не ўсё: «справа Лейцнэра» пацягнула за сабой звальненне з рэдакцыі каля 30 чалавек! Двух загадчыкаў аддзелаў прысудзілі да расстрэлу...

1937—1967. Вайна і аднаўленне краіны

Нягледзячы на імклівае прасоўванне нямецкай арміі на ўсход, «Звязда» не пераставала выходзіць. Да 13 жніўня 1941 года рэдакцыя яшчэ працавала ў Магілёве і Гомелі, потым стала друкавацца падпольна. Пра гэта больш падрабязна — у іншых матэрыялах сённяшняга нумара.

А ўжо з ліпеня 1944-га «Звязда» зноў — легальна — вярнулася ў Мінск. І рэдакцыя, і краіна працавалі на аднаўленне. У пасляваенныя гады ў большасці сваёй карэспандэнтамі абласных, раённых газет былі новыя людзі. Былыя партызаны, падпольшчыкі, франтавікі. Натуральна, ім не хапала журналісцкага досведу... Тут ім у дапамогу была падшыўка «Звязды» — узорнай газеты і ў плане партыйнай лініі, якая на той час з'яўлялася вельмі важнай для СМІ, і ў плане прафесійнага майстэрства.

1960-я — адзін з самых плённых перыядаў для газеты. Яна была сапраўдным членам сям'і, памочнікам і дарадцам для сваіх чытачоў. З кожным годам пісьмаў у «Звязду» прыходзіла ўсё больш і больш. Калі ў 1956-м іх было 14 550, у 1961-м — 22 097, то ў 1966-м — 30 202! Чытачы пісалі ў газету, каб падзяліцца сваімі праблемамі і сваімі радасцямі або расказаць пра нейкую мясцовую навіну, якая, на іх думку, мела значэнне для ўсёй краіны.

Гэтае дзесяцігоддзе прынесла нашай газеце ўзнагароды, якімі яна ганарыцца і цяпер. У 1965 годзе «Звязда» была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Пазней, у 1967-м, — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

1967—1987. На ўздыме

Супрацоўнікі «Звяз­ды» з літоўскімі калегамі. Пачатак 80-х.

Рэдакцыя «Звязды» тады працавала на тагачасным Ленінскім праспекце (цяпер — праспект Незалежнасці) у Доме друку на другім паверсе, а вось фоталабараторыя знаходзілася ўнізе — у цокальным памяшканні. Як успамінае наш фотакарэспандэнт Яўген Пясецкі, які прыйшоў у «Звязду» ў студзені 1971 года, адносіны ўнутры калектыва былі вельмі прыязныя. Калегі разам святкавалі і асабістыя, і, безумоўна ж, вялікія дзяржаўныя святы. У тыя часы людзі часта атрымлівалі кватэры, і дапамагчы калегу пераехаць было нармальнай справай. Такой жа звычайнай, як пасля разам адсвяткаваць наваселле ўжо на новай кватэры.

«Звязда» была вядучым выданнем рэспублікі, і таму журналісты мелі магчымасць падарожнічаць і па Савецкім Саюзе, і па свеце. Тагачасны галоўны рэдактар Аркадзь Тоўсцік быў членам ЦК кампартыі і ездзіў на асамблеі ААН. Пасля расказваў калегам пра тое, што бачыў, дзяліўся ўражаннямі.

Што да рэжыму работы рэдакцыі, то ў 70-я гады ён часам бываў кругласутачным — падчас высокіх з'ездаў, канферэнцый, дзяржаўных свят... Хуткасць выхаду «Звязды» была звязана з матэрыяламі, якія ў рэдакцыі атрымлівалі з Масквы па тэлетайпе — а гэта даволі марудная рэч. Такім чынам, часам здаралася, што дзяжурныя рэдактары разыходзіліся ў гадзіны чатыры-пяць раніцы.

У 80-я гады былі спробы абсталяваць рэдакцыю пнеўматычнай поштай, якая звязвала б яе і друкарню. Гэта дыктавалася неабходнасцю. Дагэтуль аддрукаваныя на машынках тэксты для наступнага нумара праз увесь корпус насілі ў друкарню, часта гэты шлях трэба было праходзіць уначы, па паўасветленых калідорах... Тое, безумоўна, займала час. Таму паспрабавалі зрабіць пнеўматычную пошту, якая звязала ўсе паверхі Дома друку і друкарню. У кожнай рэдакцыі ў сакратарыяце меўся спецыяльны пульт, пры дапамозе якога можна было адправіць у спецыяльнай капсуле неабходныя паперы. Ужо праз хвіліну іх атрымлівалі друкары.

Некаторы час навацыя працавала, але, на жаль, не прыжылася. Пошта паламалася. Пасля ў будынку пачаўся капітальны рамонт, і сістэму дэманціравалі...

1987 — наш час. Новая эпоха

Ка­лек­тыў «Звяз­ды» на 79-ы дзень на­ра­джэн­ня га­зе­ты  (в. Шчорсы, «Дуб Міцкевіча»). Калгас «Звязда» Навагрудскага раёна, 1996 год.

90-я гады — відаць, самы незвычайны перыяд у гісторыі «Звязды». З аднаго боку — праблемы з грашыма. Прынамсі, гэта было па ўсёй краіне. З іншага — высокі тыраж, высокі рэйтынг у вачах чытачоў і пераход да новага — ужо не савецкага — падыходу да падачы матэрыялу. Тое атрымалася не адразу, але атрымалася. Маладыя журналісты імкнуліся прыўносіць на старонкі газеты сваё меркаванне, прапускаць праблему праз сябе.

Тады ж «Звязда» першай стала ўводзіць практыку прамых ліній. У тыя часы ў рэдакцыі пабывалі літаральна ўсе вышэйшыя асобы краіны. Менавіта ў 90-я гады ў Беларусі ўпершыню прайшлі прэзідэнцкія выбары. Адным з кандыдатаў быў Аляксандр Лукашэнка, падчас перадвыбарнай кампаніі ён двойчы наведаў рэдакцыю, каб адказаць на пытанні чытачоў падчас прамых ліній.

Калі ўзнікалі праблемы з выплатай грошай, супрацоўнікам «Звязды» прыходзілася цяжка, бо многія працавалі ў рэдакцыі сем'ямі. Вольга Мядзведзева, намеснік галоўнага рэдактара, у 90-я сваю журналісцкую кар'еру толькі пачынала. Яна ўспамінае, што ў тыя гады ў рэдакцыі прадавалі... пінскі трыкатаж. І не толькі. У краіне не было грошай, і прадпрыемствы за рэкламу расплачваліся той прадукцыяй, якую яны выраблялі. Таму ў рэдакцыю свабодна прыходзілі людзі і набывалі тое, што ім было патрэбна.

У 90-я ў «Звяздзе» — відаць, у першай рэдакцыі ў краіне — з'явіўся камп'ютарны набор. Чатыры машыністкі перадрукоўвалі ўсе рукапісныя журналісцкія тэксты. Тады, дарэчы, далёка не ва ўсіх карэспандэнтаў былі дыктафоны. Галоўнае «ўзбраенне» — блакнот і ручка.

«Звяз­да» свят­куе свой 90-га­до­вы юбі­лей. Ла­гойск, 2007 год.

Далей наступаюць часы, калі з'яўляюцца першыя мабільныя тэлефоны. Прычым, у рэдакцыі яны спачатку меліся ў адзінак і тыя, каб ім не зайздросцілі, нікому не прызнаваліся, што з'яўляюцца гаспадарамі маленькага тэхнічнага цуду. Тагачасныя супрацоўнікі ўспамінаюць: калі да іх дайшлі чуткі, што ў Ізраілі, у Штатах мабільны ёсць у кожнага школьніка, яны не верылі, не маглі сабе такога ўявіць.

У 2000-я ў газеты з'яўляецца ўласны сайт, а ў кожнага супрацоўніка — персанальны камп'ютар. Краіна выходзіла з фінансавай прорвы, жыццё наладжвалася...

* * *

«Звязда» па-ранейшаму выходзіць штодзень, праўда, колькасць старонак заўважна павялічылася. Сёння мы — не орган партыі, а, хутчэй, орган, які звязвае прадстаўнікоў розных галін улады з людзьмі. Сёння адно з самых вострых пытанняў для газеты — тыраж — час патрабуе больш мабільнай інфармацыі, з гэтым, на шчасце, спраўляецца наш інтэрнэт-партал, — але мы па-ранейшаму з радасцю працуем для тых, каму важны вынік нашай працы.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Які шлях абраць, каб не адстаць ад канкурэнтаў.

Грамадства

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У мінулую нядзелю прайшоў хросны ход у гонар Абраза Багародзіцы Адзігітрыі. 

Грамадства

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

«Інтэрв'ю? Ну, толькі калі хутка, а то ў мяне вельмі шмат работы», — сказаў адзін з нашых герояў, калі тэлефанавалі дамовіцца на сустрэчу.