Вы тут

«Натхнення, плёну, вострага пяра!..»


Са 100-годдзем газету віншуюць дзяржаўныя дзеячы.


Паважаны Павел Якаўлевіч!

Паважаныя работнікі газеты «Звязда»!

Ад імя Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста дазвольце павіншаваць вас са 100-годдзем газеты «Звязда».

На працягу стагоддзя, з нумара ў нумар «Звязда» вядзе летапіс развіцця нашай краіны, славутай гісторыі беларускага народа. На старонках газеты знайшлі адлюстраванне значныя падзеі — індустрыялізацыя, подзвіг ваенных гадоў, адраджэнне краіны з руін, развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі, небывалы ўзлёт навукі і тэхналогій. Выданне займала актыўную пазіцыю пры станаўленні незалежнасці Беларусі, прадстаўленні нашай дзяржавы на міжнароднай арэне і цяпер па праве можа лічыцца адной з галоўных газет краіны.

Можна з упэўненасцю сказаць, што «Звязда» прайшла выпрабаванне часам і, захоўваючы вернасць сваім найлепшым традыцыям, працягвае дынамічна развівацца.

Калектыў выдання знаходзіць арыгінальныя спосабы падачы матэрыялаў, адлюстроўваючы глыбіню і актуальнасць падзей, якія адбываюцца ў краіне і за яе межамі.

Не спыняйцеся на дасягнутым, з гонарам нясіце высокае званне журналіста, заставайцеся адданымі свайму прафесійнаму і грамадзянскаму абавязку.

Шчыра жадаю вам творчага натхнення, павелічэння ўдзячнай аўдыторыі, добрага здароўя і дабрабыту.

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. У. Мясніковіч.


Дарагія сябры!

Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мяне асабіста прыміце шчырыя віншаванні са 100-годдзем газеты «Звязда».

Гісторыя «Звязды» непарыўна звязана з гісторыяй нашай краіны. Супрацоўнікаў выдання нязменна вылучала ўменне простымі і яркімі словамі расказаць чытачам пра сацыяльна значныя, палітычныя і культурныя падзеі ў жыцці рэспублікі.

Сёння гэта ўнікальнае выданне, адзіная штодзённая беларускамоўная грамадска-палітычная газета ў Беларусі. Звяздоўцы заўсёды ў курсе апошніх падзей, у пошуку адказаў на самыя актуальныя пытанні грамадства. Праўдзівасць, аператыўнасць, канструктыўнасць былі і застаюцца асноватворнымі прынцыпамі калектыву выдання.

Асаблівай удзячнасці вартыя журналісты «Звязды» за актыўнае асвятленне шматпланавай дзейнасці парламентарыяў, за прадастаўленне магчымасці выказаць сваю пазіцыю і данесці яе да грамадзян Беларусі.

Упэўнены, што багаты творчы патэнцыял, талент і прафесіяналізм калектыву дазволяць яшчэ больш умацаваць рэпутацыю аднаго з самых годных медыябрэндаў краіны, паспрыяюць развіццю лепшых традыцый перыядычнага друку ў нашай рэспубліцы.

Жадаю ўсім супрацоўнікам газеты здароўя, шчасця, дабрабыту і поспехаў у вашай высакароднай дзейнасці на карысць роднай Беларусі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка.


Калектыву рэдакцыі газеты «Звязда»
рэдакцыйна-выдавецкай установы
«Выдавецкі дом «Звязда»

Паважаныя сябры!

Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды 100-годдзя выхаду першага нумара газеты «Звязда».

Гісторыя газеты непарыўна звязана з гераічным мінулым нашай краіны. Яе старонкі — дакладны і праўдзівы летапіс жыцця беларускага народа.

На працягу свайго існавання газета адыгрывае асаблівую ролю ў кансалідацыі беларускага грамадства, cтварэнні станоўчага іміджу краіны, а таксама ў захаванні найлепшых традыцый нацыянальнай журналістыкі.

Сёння газета «Звязда» — шматпланавае выданне са сваім адметным, непаўторным стылем. Газета заваявала давер чытачоў грунтоўнымі аналітычнымі матэрыяламі, артыкуламі пра дасягненні ў сацыяльна-эканамічнай і культурнай сферах жыцця краіны.

Творчы падыход да справы, дынамічны стыль працы, увага да новых ідэй вылучаюць ваш калектыў аднадумцаў і прафесіяналаў.

Упэўнены, «Звязда» і надалей будзе заставацца авангардам беларускага друкаванага слова.

Жадаю ўсім супрацоўнікам і чытачам газеты «Звязда» здароўя, дабрабыту, невычэрпнага натхнення і творчага плёну на карысць роднай Айчыны.

Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь А. У. Кабякоў.


Калектыву рэдакцыі газеты «Звязда»

Дарагія калегі!

Сардэчна віншуем вас са 100-годдзем выхаду ў свет першага нумара газеты «Звязда».

На працягу стагоддзя газета была сапраўдным летапісцам найноўшай гісторыі Беларусі. «Звязда» была са сваім народам і ў часы рэвалюцыйных узрушэнняў, і ў няпростыя часы пабудовы новага дзяржаўнага ладу, і ў ваеннае ліхалецце. Карэспандэнты газеты працавалі на сацыялістычных будоўлях, зброяй і словам змагаліся з ворагам у падполлі і партызанскіх атрадах, узнімалі краіну з руін, падтрымлівалі ўсе важныя для рэспублікі пачынанні, разам з усім грамадствам будавалі незалежную Беларусь. Праца некалькіх пакаленняў журналістаў «Звязды» — сведчанне адданасці сваёй Радзіме і сваёй прафесіі.

Добрыя звяздоўскія традыцыі працягваюць сённяшнія супрацоўнікі газеты. «Звязда» застаецца для свайго чытача аб'ектыўнай крыніцай кампетэнтнай інфармацыі, добрым сябрам і шчырым суразмоўнікам. У дзяржаўнай інфармацыйнай палітыцы газета займае сваё адметнае значнае месца, аператыўна, паслядоўна асвятляючы ўсе з'явы і працэсы, што адбываюцца ў краіне і грамадстве.

Жадаем вам здароўя, натхнення, цікавых тэм і герояў, плённай працы дзеля нашай роднай краіны.

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.


Паважаны Павел Якаўлевіч!

Ад імя Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь сардэчна віншую Вас і ўвесь калектыў «Звязды»
са 100-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара газеты.

За многія дзесяцігоддзі існавання ў выдання склаўся свой непаўторны стыль, зразумелы почырк, яму належыць асаблівая роля ў станаўленні і развіцці айчынных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.

Вы па праве можаце ганарыцца слаўнай гісторыяй і добрымі традыцыямі, а таксама таленавітымі журналістамі і рэдактарамі — бязмежна адданымі сваёй справе людзьмі. Менавіта ад іх майстэрства, мудрасці і гатоўнасці аператыўна даносіць дакладную інфармацыю залежыць фарміраванне грамадскай думкі ў розных галінах жыцця, у тым ліку — у сферы аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Таму вось ужо шмат гадоў мы поплеч працуем на карысць захавання прыроды Беларусі. Спецыяльны выпуск «Карані і кроны» на старонках газеты і сумеснае дзецішча Мінпрыроды і Выдавецкага дома «Звязда» — часопіс «Родная прырода» — выдатны прыклад сумеснай плённай працы.

Выказваю ўпэўненасць, што ў будучыні наша супрацоўніцтва ў вырашэнні прыярытэтных задач у галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання працягнецца.

У гэты ўрачысты дзень ад усёй душы жадаю газеце «Звязда» далейшага росквіту і вялікіх тыражоў, а супрацоўнікам выдання здароўя, натхнення і творчых перамог!

Першы намеснік міністра І. В. Малкіна.


Газета «Звязда» святкуе стагоддзе з дня заснавання. 100 гадоў — гэта цэлая эпоха, якая ўвабрала ў сябе яскравыя старонкі гісторыі барацьбы і стваральнай працы беларускага народа.

На працягу стагоддзя газета «Звязда» была разам са сваім народам. З часу свайго заснавання і па сённяшні дзень газета ўносіць значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці, развіццё нацыянальнай культуры і адукацыі, гарантаванне ваеннай бяспекі нашай краіны.

Падчас Вялікай Айчыннай яна адной з першых пачала выдавацца на тэрыторыі акупіраванай фашыстамі Беларусі ў якасці друкаванага органа Мінскага гарадскога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі.

У мірны час газета заўсёды шырока адлюстроўвала на сваіх старонках армейскія будні, уздымала актуальныя для арміі пытанні, выхоўвала ў новых пакаленнях патрыятызм, гонар за гераічнае мінулае Радзімы — ставячы надзейную заслону фальсіфікатарам гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Самая важная і дакладная інфармацыя аб сучасным беларускім войску становіцца здабыткам грамадскасці, што ў поўнай меры садзейнічае вырашэнню сумесных задач па гарантаванні бяспекі Рэспублікі Беларусь, павышэнню маральнага духу беларускага народа, патрыятычнаму выхаванню грамадзян краіны.

Я ўдзячны карэспандэнтам «Звязды», якія шчыра цікавяцца працэсамі, што адбываюцца ў войску, за прафесіяналізм і журналісцкае майстэрства, жывыя і цікавыя рэпартажы, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Упэўнены, што наша даўняе і плённае супрацоўніцтва будзе працягвацца і надалей.

Сардэчна віншую калектыў газеты, усіх тых, хто ў розныя часы меў дачыненне да яе стварэння, з юбілеем. Шчыра жадаю шчасця, моцнага здароўя і новых творчых поспехаў на карысць нашай Радзімы — Беларусі!

Міністр абароны Беларусі  генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ.


Паважаны Павел Якаўлевіч!

Сардэчна віншую Вас і ўвесь творчы калектыў аднаго з найстарэйшых нацыянальных выданняў з векавым юбілеем!

На працягу стагоддзя «Звязда» разам са сваім народам прайшла праз усе выпрабаванні часу. Яе артыкулы — гэта сапраўдны летапіс станаўлення і развіцця нашай краіны. Дзякуючы ім выхоўвалася любоў да культуры мовы і фарміравалася нацыянальная самасвядомасць.

І сёння газету «Звязда» любяць людзі самых розных прафесій і ўзростаў. Уменне зацікавіць чытача, непаўторная манера зносін з аўдыторыяй дазваляюць ёй займаць вядучыя пазіцыі на медыйнай арэне.

Знаходзячыся заўжды ў цэнтры падзей, газета асвятляе ўсе бакі развіцця моцнай і квітнеючай Беларусі. Не застаецца без увагі і праваахоўная сфера. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму журналістаў, грамадзяне атрымліваюць якасную і аб'ектыўную інфармацыю пра дзейнасць міліцыі, якая ў гэтым годзе таксама адзначыла стагадовы юбілей. Увесь гэты час мы былі побач.

Упэўнены, што плённае ўзаемадзеянне паміж міністэрствам і рэдакцыяй будзе развівацца і ў далейшым. Пацвярджэнне таму — сумесны спецпраект «Фарпост спакою». Дзякуючы яму ўжо не першы год грамадзяне даведваюцца пра жыццё міліцыі, дасягненні, таленты і захапленні людзей у пагонах.

Ад імя кіраўніцтва і асабовага складу Міністэрства ўнутраных спраў яшчэ раз віншую са святам. Здароўя, шчасця і дабрабыту. Цікавых вам навін, высокіх тыражоў, удзячных чытачоў і лёгкага пяра!

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.