Вы тут

Як адпачываецца ў санаторыі «Прыазёрны»


На рынку санаторна-курортных паслуг запатрабавана аздараўленне з адпачынкам — 3—4 лячэбныя працэдуры на дзень ды прагулкі па ўпарадкаванай тэрыторыі...

Звыш 100 тысяч чалавек штогод адпачываюць і ўмацоўваюць здароўе на тэрыторыі нацыянальнага парку «Нарачанскі», галоўнай здраўніцы краіны. На Мядзельшчыне, на беразе самага вялікага беларускага возера Нарач размяшчаецца і адна з найлепшых айчынных санаторна-курортных устаноў — санаторый «Прыазёрны», у якім адпачывалі ўжо грамадзяне практычна ўсіх краін былога Саюза, а таксама з Ізраіля, Германіі, ЗША. Часцей за ўсё сюды імкнуцца расіяне ды мы самі. Стаўка ў санаторыі робіцца зараз на рускамоўных, аднак паступовае ўдасканаленне і пашырэнне лячэбнай базы павінна прыцягнуць і большую колькасць прадстаўнікоў далёкага замежжа.


У гэтай санаторна-курортнай установе Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь трэба пабываць. Таму што тут створаны цалкам сучасныя ўмовы, ніякага «саўка». Па-другое, варта нарэшце дазволіць сабе рэлакс. Калі возьмеце 7-дзённую СПА-праграму «Сон Пасейдона», вас чакаюць плаванне ў басейне з мінеральнай вадой, адпачынак у пясчаным пакоі (можна пахадзіць басанож па пяску — выдатная кампенсацыя паездкі на мора), наведванне воскавага пакоя (у ім на сцены нанесены натуральны воск, карысны для скуры, органаў дыхання), пілінг цела, хаджэнне басанож па сцяжынцы Кнэйпа, скандынаўская хада, абгортванні ў тэрмакоўдры, гарбата з зёлкамі... Наогул, калі ўжо гаварыць пра СПА-цэнтр, то ў дадатак да пуцёўкі можна набыць малазійскі або тыбецкі масаж, шакаладатэрапію, тэрмальнае аздараўленне — бальнеа-, фанга- і таласатэрапію ў адной працэдуры (спалучэнне тэрмальнай вады, тэрмальнай гразі, кааліну і водарасці літатамніум аказвае агульнааздараўленчае ўздзеянне на арганізм). Толькі не варта думаць, што ўсё гэта жаночыя забавы. Мужчынам даўно наспеў час пазбаўляцца стрэсу, асвойваць перазагрузку з дапамогай старадаўніх методык свету.

На тэрыторыі санаторыя знаходзіцца і адзіная ў краіне градзірня, або саляварня — інгаляторый пад акрытым небам. Такія павільёны, сцены якіх выраблены з галінак бярозы, ёсць у шэрагу суседніх краін, а вось у нас не было. Зверху па галінках сцякае мінеральная вада, якая на сваім шляху выпарваецца, а соль застаецца на іх (раней, дарэчы, соль так і здабывалі). Ад нас патрабуецца толькі стаяць або сядзець і... дыхаць паветрам, насычаным іонамі солі.

Калі ўжо ёсць захворванні, напрыклад, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, апорна-рухальнага апарату і шэраг іншых, то па рэкамендацыі ўрача прапануюцца медыцынскія працэдуры — іх налічваецца больш за сотню. Новы лячэбны корпус аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем, тут прымяняюцца найноўшыя методыкі — імпульсная ўдарна-хвалевая тэрапія, крыятэрапія, азонатэрапія, гідракінезатэрапія і інш.

У двух сяміпавярховых спальных карпусах і сямі камфартабельных катэджах адпачывае на працягу года каля 13 тысяч чалавек. Найбольшая запатрабаванасць прыпадае на летні сезон і пад Новы год.

— Фактычна кожныя паўгода мы мяняем што-небудзь у паслугах, харчаванні або добраўпарадкаванні, — адзначае дырэктар санаторыя «Прыазёрны» Аляксей ШАПЕЦЬКА. — Хутка адкрыем павільёны з дзіцячымі гульнявымі пакоямі, дзе ў міжсезонне можна будзе гуляць у тэніс. Папраўляць здароўе можна круглы год, не толькі летам, тым больш пачынаючы з другой паловы жніўня цэны ўжо зніжаюцца, а ў лютым наогул змяншаюцца працэнтаў на 20-30. Пастаянныя кліенты атрымліваюць картку госця, і сёння яе мае палова нашых пастаяльцаў.

За апошнія два гады цэны выраслі ўсяго працэнтаў на 10. Самая дарагая пуцёўка з пражываннем у катэджы абыдзецца прыкладна ў 200 долараў за суткі (пражываць можна і аднаму, і сям'ёй). Базавая пуцёўка ў міжсезонне каштавала для беларусаў 60 рублёў у суткі, а цяпер — 86. Сюды ўваходзіць каля 3—4 медыцынскіх працэдур у дзень (па паказаннях урача), штодзённае наведванне басейна і трохразовае харчаванне па прынцыпе «шведскага стала».

«Калі мы са свайго боку захаваем падыходы, закладзеныя некалі ў стварэнне санаторна-курортнай базы краіны, а гэта ў першую чаргу развіццё нашай лячэбнай базы, дададзім камфортнае пражыванне, то нам удасца прыцягнуць большую колькасць турыстаў з краін далёкага замежжа, — кажа Аляксей Аляксандравіч. — Аднак неабходна думаць і крыху шырэй — напрыклад, пра зручны трансфер. Чалавек, які прыляцеў у аэрапорт, не павінен турбавацца аб тым, як яму без ведання мовы дабрацца за 150 км ад Мінска».


Другая маладосць

У кардыялогіі, гастраэнтэралогіі, рэўматалогіі, дэрматалогіі і стаматалогіі для лячэння цукровага дыябету, вірусных і венерычных захворванняў, запаленчых захворванняў палавых органаў можа прымяняцца азонатэрапія — немедыкаментознае лячэнне, прафілактыка, рэабілітацыя, ачышчэнне і амаладжэнне арганізма. Азон — асаблівая форма кіслароду, але ў параўнанні з ім валодае большай актыўнасцю. Трапляючы ў арганізм, хутка распадаецца на два асноўныя складнікі: радыкалы і актыўны кісларод. Колькасць радыкалаў настолькі малая, што арганізм з імі лёгка спраўляецца, пры гэтым антыаксідантная сістэма загартоўваецца. Карбоксітэрапія — падскураное ўвядзенне стэрыльнага медыцынскага вуглякіслага газу — насычае тканкі кіслародам. Працэдура спрыяе вывядзенню таксінаў, расшчапленню тлушчу, нармалізуе адток лімфы. Выдатна мабілізуе ўласныя рэсурсы арганізма імпульсная ўдарна-хвалевая вакуумная тэрапія. Яна паляпшае харчаванне скуры і мышцаў, спрыяе дэтаксікацыі, стымулюе абменныя і аднаўленчыя працэсы. У выніку паляпшаецца скарачальная функцыя і тонус мышцаў, узрастае рухавасць звязак, павышаецца імунітэт.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота Юрыя БАРАДУНА

Загаловак у газеце: Рэлакс па-беларуску

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.