У Гомельскім раёне на палетках, што належаць ААТ «Рассвет», камбайны ідуць шарэнгай — быццам для прыгожага фотаздымка. Прыпыняюцца, толькі калі лямпачка на кабіне пачынае сігналіць пра поўны бункер. Гэтым момантам карыстаюцца не толькі кіроўцы машын, якія прымаюць і адвозяць сабранае зерне, але і спецыялісты пажарнай аховы і міліцыі.
Камбайнер Віталь Андрусеў і яго памочнік Юрый Жура дастаюць дакументы, якія сведчаць, што механізатары маюць поўнае права кіраваць вялізнай збожжаўборачнай машынай. Афіцэр дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Гомельскага райвыканкама Ягор Кананенка ўважліва разглядае не толькі паперы, але саміх мужчын і камбайн, на якім яны працуюць:
— Правяраем у першую чаргу фізічны стан кіроўцаў. Наяўнасць пасведчанняў кіроўцы адпаведнай катэгорыі. Глядзім, каб тэхагляд на транспартны сродак быў пройдзены. Таксама звяртаем увагу на спраўнасць машыны ўвогуле, у тым ліку светлавых прыбораў і гукавой сігналізацыі.
Клопат старшага інспектара Гомельскага раённага падраздзялення МНС Ігара Паўлянкова — праверка наяўнасці першасных сродкаў пажаратушэння побач з кабінай і іскрагасільнікаў на выхлапных трубах. Вогнетушыцелі — не пратэрмінаваныя і на месцы, скрыня з пяском і рыдлёўкі — таксама. Слядоў падцякання паліва і масла няма.
Галоўны інжынер ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет» Сяргей Парукаў хвалюецца за падначаленых, якім пастаянна з самага ранку перад выхадам на поле яшчэ і яшчэ раз нагадваюць пра бяспеку:
— Да пачатку ўборачнай кампаніі нашай гаспадаркай была праведзена комплексная падрыхтоўка ўборачнай тэхнікі. У тым ліку ўкамплектавалі яе супрацьпажарнымі сродкамі. З людзьмі правялі пажарна-тэхнічны інструктаж. Рабочаму персаналу выдалі спецадзенне. Пры рабоце ў палявых умовах заўсёды забяспечваецца наяўнасць супрацьпажарнага транспарту і спецыяльная тэхніка для тушэння пажараў. Да таго ж ратавальнікі праводзяць перыядычныя праверкі ў палявых умовах і на сушыльных комплексах. Яны даюць рэкамендацыі супрацоўнікам гаспадаркі. Пры неабходнасці мы разам з імі прымаем аператыўныя рашэнні.
Галодны механізатар — дрэнны работнік. Каб перапынкі на абед ва ўмовах жніва зрабіць мінімальнымі, гарачую ежу дастаўляюць людзям у поле двойчы на дзень. Гэта даўно стала правілам, але ж сітуацыю працягваюць кантраляваць, у тым ліку і прафсаюзы.
Літаральна на нашых вачах на поле ААТ «Калінінскі», што ў Добрушскім раёне, механізатарам падвезлі гарачае харчаванне і бутэлькі з халоднай вадой. Яны скарысталіся перапынкам і сабраліся, каб не толькі перадыхнуць крыху ад спякотнай работы, але і паслухаць парады прадстаўнікоў МНС. Першы намеснік начальніка Добрушскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Шаршнёў нагадвае механізатарам правілы бяспекі і дзеянні пры ўзнікненні ўзгарання.
Сямнаццаць гадоў узначальвае гаспадарку «Калінінскі» Віктар Байдаў. Ён кажа, уборка, якая сёлета пачалася са спазненнем на два тыдні, дала магчымасць праверыць усю тэхніку на 100%:
— Камбайны стаялі падрыхтаванымі і толькі чакалі выхаду ў поле. Вядома, напярэдадні праводзілі адпаведную работу з камбайнерамі па ахове працы і супрацьпажарных мерапрыемствах. Супрацоўнікі Добрушскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правяраюць нашу тэхніку пастаянна. На полі заўсёды дзяжураць бочка з помпай і трактар з плугам. Апошні — гэта калі раптам, у выпадку ўзгарання, спатрэбіцца хутка абворваць зямлю. Людзі праінструктаваны. Яны разумеюць, што трэба своечасова, якасна і без страт убраць вырашчаны ўраджай.
Трактарыст Фёдар Грышчанка — сёння і ёсць той чалавек, які гатовы ў любы момант увагнаць плуг у глебу, каб не дапусціць распаўсюджвання агню. Сам ён доўгі час працаваў камбайнерам. Гаворыць, на яго памяці пажары на полі здараліся:
— У такой сітуацыі трэба дзейнічаць вельмі хутка і кампетэнтна. Тады паспееш выратаваць жыццё людзей, тэхніку і ўраджай.
Хоць апошнім часам не адбывалася надзвычайных сітуацый, механізатар разумее, што расслабляцца нельга. Таму на пытанні старшага інспектара нагляду і прафілактыкі Добрушскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Паўла Ліпава адказвае ўпэўнена.
— У гэты раз парушэнняў мы не знайшлі, — падводзіць вынікі рэйду афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Марыя Клязовіч. — На шчасце, па ўсёй Гомельскай вобласці за перыяд уборачнай таксама нічога сур'ёзнага не адбылося. Самае галоўнае ў рабоце ратавальнікаў — нагадаць пра бяспеку. У спісе галоўных патрабаванняў — сачыць пастаянна за тэхнічным станам машын і механізмаў, кожны дзень ачышчаць іскрагасільнікі ад нагару, мець пад рукой вогнетушыцель і памятаць нумар 112, па якім трэба выклікаць ратавальнікаў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.