Вы тут

Школу закрылі. Што ўзамен?


У новым навучальным годзе базавая школа №14 у Гродне ўжо не будзе прымаць вучняў. Усе 50 школьнікаў размеркаваны па некалькіх школах абласнога цэнтра. Драўляны будынак былой навучальнай установы не будзе пуставаць — яго зоймуць пенсіянеры. Тут плануюць уладкаваць аддзяленне для арганізацыі вольнага часу пажылых гродзенцаў.


Раней школа знаходзілася ў вёсцы Грандзічы. Зараз гэту тэрыторыю далучылі да горада і замест вёскі з'явіўся мікрараён. А базавая школа набыла статус гарадской навучальнай установы.

Вось ужо роўна 50 гадоў, як яна знаходзіцца ў былым панскім маёнтку. Аднапавярховы будынак быў драўляным, але праз некаторы час яго абклалі белай цэглай. Пакуль школа яшчэ на балансе аддзела адукацыі, але да 1 верасня будынак павінен быць перададзены сацыяльнаму цэнтру Ленінскага раёна Гродна.

Першае ўражанне атрымліваем не столькі ад самой школы, колькі ад школьнага двара. Стройныя туі ўзвышаюцца каля сцен будынка, а ўся тэрыторыя зіхаціць ад яркага колеру кветак і розных раслін. Па ўсім відаць, сюды ўкладзена нямала працы і зроблена гэта з душой.

Пакуль навучальная ўстанова яшчэ працуе, хоць класы і расфарміраваны. Усе вучні ўладкаваны па некалькіх школах Гродна, паведаміла дырэктар Таццяна Галавенка. Яна праводзіць мяне па школе, якой кіравала 17 гадоў. Некалькі памяшканняў, дзе ішлі заняткі, зусім пустыя, але даволі акуратныя — сцены пафарбаваныя, на падлозе — ламінат. У холе стаіць піяніна. Гэта адзін з нямногіх прадметаў, якія тут застануцца. Практычна ўсё ўжо вывезена. Напрыклад, свой музейны пакой школьнікі перадалі мясцоваму праваслаўнаму храму. Экспазіцыя расказвае аб лёсе жыхароў былой вёскі ў гады вайны.

Таццяна Аляксандраўна паведаміла, што размова аб закрыцці школы вялася ўжо гадоў пяць. Колькасць дзяцей змяншаецца, і ўтрыманне ўстановы становіцца вельмі затратным. Адзінае, што стрымлівала закрыццё, — гэта навучанне па інтэграванай сістэме. У школе займалася 70% дзяцей з асаблівасцямі развіцця, і тут дабіліся значных поспехаў у інклюзіўнай адукацыі. Вопыт ездзілі пераймаць у Расію і Польшчу.

Зараз колькасць класаў з інтэграваным падыходам павялічылася. У Гродне такіх навучальных устаноў некалькі, і яны здольны прыняць грандзіцкіх школьнікаў.

У сваю чаргу педагагічны калектыў перадаў туды сваю напрацаваную базу і міжнародныя кантакты па гэтым напрамку. На думку дырэктара, матэрыял сабраны актуальны, бо дзяцей з асаблівасцямі развіцця становіцца з кожным годам усё больш.

У размове закранулі і лёс самога будынка. Таццяна Аляксандраўна ведае пра тое, што яго плануюць перадаць сацыяльнай службе, і ўпэўнена, што былая школа пуставаць не будзе. Тут змогуць арганізаваць свой вольны час пажылыя гродзенцы. Яны зараз даволі актыўныя і шукаюць новыя магчымасці пасля выхаду на пенсію. Асаблівыя спадзяванні дырэктар звязвае са школьным дваром, які цяпер выглядае такім квітнеючым. Аматары-кветкаводы змогуць праявіць тут сваю фантазію.

— У нас на тэрыторыі школы тры будынкі, — заўважае Таццяна Галавенка, — вялікі двор, ёсць сажалка, усё дагледжана, і будзе шкада, калі такая прыгажосць прыйдзе ў заняпад.

У Гродзенскім гарвыканкаме паведамілі, што мэр прыняў рашэнне перадаць аб'ект Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб стварыць тут нешта накшталт клуба для пенсіянераў. Маўляў, у Еўропе вельмі запатрабавана такая форма, калі пажылыя людзі сустракаюцца і разам праводзяць час за якім-небудзь заняткам.

У мікрараёне Грандзічы такі сацыяльны пакой ужо існуе. Ён знаходзіцца ў былым памяшканні фельчарска-акушэрскага пункта. Тут ёсць магчымасць авалодаць камп'ютарнай граматай, наведаць школу танцаў, музычную гасцёўню, прыйсці на аздараўленчыя заняткі, падвучыць англійскую і польскую мовы. Праўда, месца не так многа — для гэтых мэт адведзена ўсяго два пакоі. З пераходам сацыяльнай установы ў былую школу магчымасці значна пашырацца.

— Такія ўстановы вельмі запатрабаваны, — кажа Наталья ГАГАУЗАВА, якая ўзначальвае аддзяленне для пажылых людзей у мікрараёне Грандзічы, — у нас займаецца каля ста чалавек. Многія прыходзяць на адкрытыя мерапрыемствы, якія мы ладзім. Каляндар ёсць на нашым сайце, таксама звонім людзям асабіста.

Самыя папулярныя — камп'ютарныя курсы. На другім месцы — аздараўленчы гурток. Праўда, яго база знаходзіцца ў самім горадзе. Магчыма, ён пераедзе потым сюды. Але для заняткаў трэба будзе набываць і свой інвентар.

Зрэшты, гэта не самая вострая праблема будучага цэнтра. Сацыяльныя работнікі занепакоены раскладам транспартнага руху. Хоць гэта гарадская тэрыторыя, але даехаць сюды складана. Пенсіянерам трэба патраціць на праезд 2 рублі. Калі карыстацца маршруткай, будзе яшчэ даражэй. Аўтобусы ходзяць раз на гадзіну, і заняткі ў аддзяленні прымеркаваны пад іх расклад.

Магчыма, сітуацыя ў будучыні палепшыцца, бо мікрараён з'яўляецца перспектыўным у плане забудовы. Тут вызначаны плошчы як пад жылыя дамы, так і пад інфраструктуру. У прыватнасці, ёсць намер пабудаваць у ім і новую школу.

Што датычыцца старой навучальнай установы, то, на думку тых жа сацыяльных работнікаў, тут мэтазгодна стварыць такое месца, куды можна прыехаць на цэлы дзень. Напрыклад, для састарэлых, якім патрэбны догляд. Дапамогу гатовы аказаць Чырвоны Крыж. Умовы для гэтага ёсць — гарачая вада, санвузлы ў памяшканні. Неабходна толькі арганізаваць гарачае харчаванне. Гэта можна зрабіць на былой кухні.

Дарэчы, будынак школы быў на прыкмеце і ў гродзенскіх бізнесменаў. Таццяна ЧЫСЦЯКОВА, кіраўнік фермерскай гаспадаркі і ўдзельнік трансгранічных праектаў, лічыць, што тут добра было б размясціць турыстычную базу для веласіпедыстаў. Ёсць месца і для тэхнікі, і для адпачынку турыстаў. Будынак знаходзіцца недалёка ад трасы, якая вядзе ад Гродна да пункта пропуску «Прывалка» на беларуска-літоўскай мяжы. У гэтым раёне нямала веласіпедных маршрутаў, а базы для такіх турыстаў няма. Але ўзяцца за такі праект Таццяна не рызыкуе — занадта шмат бюракратызму на гэтым шляху, кажа яна.


Раманія СКАМАРОШКА, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа:

— Будынак былой школы знаходзіцца ў маляўнічым месцы. Не ва ўсіх пенсіянераў ёсць дачы, таму знаходжанне ў гэтым куточку прыроды будзе для іх вельмі карысным. Наколькі мне вядома, павінна адбыцца вывучэнне меркаванняў саміх пажылых людзей — што ім цікава? У любым выпадку Чырвоны Крыж гатовы рэалізаваць тут свае праграмы. У прыватнасці, весці заняткі па аказанні першай дапамогі, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, прафілактыцы захворванняў. Таксама мы гатовы накіраваць сюды і нашы валанцёрскія атрады.

Таццяна СЛАБЫШ, начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці:

— У 2016 годзе планавалася ўвесці ў гаспадарчы абарот 36 былых аб'ектаў адукацыі, у асноўным школ. Але графік выкананы толькі на 25% (задзейнічана 9 былых устаноў). Астатнія 27 аб'ектаў адукацыі непрыстасаваны і прыходзяць у заняпад. Напрыклад, у Гродзенскім, Дзятлаўскім, Лідскім раёнах былыя школы і іншыя ўстановы адукацыі пустуюць па 5—10 гадоў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.