19 Кастрычнік, чацвер

Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Як я была знахаркай

За жыццё, згадзіцеся, кім толькі не пабудзеш, чаму не навучышся!

Афіцыйна я працавала прадзільшчыцай, бібліятэкарам, выхавацелем і настаўніцай, неафіцыйна, як і большасць нашых жанчын (шкада, што запісаў аб гэтым у працоўнай кніжцы ніхто не зрабіў і стажу не прыбавіў), кухаркай, прыбіральшчыцай, прачкай, швачкай, вязальшчыцай, даяркай, свінаркай, птушніцай, паляводам, садаводам, будаўніком... Ды што там — нават знахаркай.

Вось аб гэтым зараз і раскажу.

Лета 1964-га. У мяне канікулы, а сястра сваёй бабскай галавой надумала будавацца. Гэта ёй і праўда трэба было, бо тая хатка, што зляпілі пасля вайны, абы не зімаваць у зямлянцы, была надта халоднай ды і страха працякала.

Але ж працы колькі... Ды і грошы якія...

Адкуль яны ўзяліся ў маёй сястры, аднаму толькі богу вядома. Але ж яна адважылася. Можа, таму, што паблізу працавала брыгада экскаватаршчыкаў. Жэня ім есці варыла, лічы, са свайго. Вось гэтыя мужчыны і згадзіліся дапамагчы ёй — і парадай, і працай: лес нарыхтавалі і вывезлі, зруб паставілі, а потым і накрылі...

Я на гэтай будоўлі была рабсілай — дармавой і безадмоўнай: зранку абмяркуем, што і як зрабіць, хтосьці пакамандуе, і я — за справу, бо Жэні ж трэба ў калгас: яна ж і там стаханаўкай была.

...У той дзень у старой хаце мне трэба было печ разабраць, пасартаваць цэглу (бо яшчэ спатрэбіцца).

Дурная работа, а ўжо ж брудная...

Як сёння ў памяці, цэлы дзень шчыравала! Яшчэ і друз з хаты вынесла. А потым ужо схапіла чыстую адзежу, мыла, ручнік — і лётам да рэчкі: хутчэй, хутчэй абмыцца, бо скура аж смыліць ад пылу і сажы!

Лячу, карацей, але ж бачу, што насустрач, гледзячы пад ногі, ідзе нейкі хлопец. Падлятаю бліжэй, ён падымае галаву, тут жа разварочваецца на 180 градусаў і дае та-ко-га драпака...

Я — у рогат, бо разумею, што гэта ж ён мяне спалохаўся. І меў каго: босая, мурзатая, валасы растрапаныя, з нейкім клункам...

Назаўтра даведалася, што тым «баязліўцам» быў тапограф (надоечы ў вёску прыехаў), што пасяліўся ён у суседкі цёткі Дусі, што ў дапамогу яму старшыня выдзеліў двух хлапцоў, у тым ліку і цётчынага Алеся.

Ідзе той назаўтра паўз нашу хату. Я пытаюся:

— Ну як табе працуецца? Не крыўдзіць начальнік?

Алесь у адказ:

— Не, ён хлопец харошы, не ганарысты, тлумачыць, што як рабіць. Вось толькі да ракі не ідзе. Можа, хворы які? Ці баіцца чаго?

Хацела сказаць: «Не чаго, а каго», але ж прамовіла іншае:

— Ты прывядзі яго да нас... Скажы, што дапамога патрэбна ці што... Я палячу яго. Але ж сам тады не заходзь і нікому нічога не расказвай.

На тым і разышліся. Праз нейкі час той хлопец з'яўляецца. Я пытаю ў яго:

— Бачыў пазаўчора страшыдлу, што бегла да рэчкі?

— Б-бачыў, — заікаецца ён.

— Дык гэта ж, — кажу, — я там была: печ разбірала, а потым мыцца панеслася...

Разам з хлопцам мы ад душы парагаталі.

А вечарам да нас забег Алесь, шэпча:

— Цётачка Люба, Сяргей ад вас такі вясёлы выйшаў... І адразу ж на рэчку. Ён так плавае, так нырае! Я і не ведаў, цётачка, што вы лячыць умееце! Гэта ў вас ад бацькі, відаць? Ён, кажуць, добры знахар быў?

— Так, — сказала хлопцу.

А сама падумала, што зусім не ведаю, ці шмат каго ён вылечыў... Але ж гумарыст быў, — значыць насмяшыў многіх.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Не бяры чужога і не бойся нікога

...Гэта сёння наяўнасцю «талеркі» (чытай — спадарожнікавай антэны) ужо нікога не здзівіш. А некалі ж і яны толькі ўваходзілі ў побыт, у моду, павесіць яе над уласным акном было прэстыжна і нават «крута». Многія, магчыма, гэтага хацелі, ды не ўсе маглі.

У тым трохпавярховым дамку Алег быў першы, каму, можна сказаць, пашчасціла: узбіўся на грошы, прыдбаў «талерку», паспрабаваў замацаваць, але на сваёй сцяне на ўзроўні другога паверха яна — хоць ты мры, сігнал не прымала.

Прыйшлося шукаць месца, а ўрэшце перанесці антэну аж на другі бок дома, павесіць воддаль ад сваёй кватэры. На гэта шмат кабелю пайшло, але гаспадар усё роўна быў задаволены: у яго столькі каналаў ідзе, столькі праграм...

Карацей, тэлевізар ён глядзеў, а вось антэну...

Што там адбылося, цяжка сказаць: магчыма, замацавалі няякасна, магчыма, вецер замоцны быў... Факт, што неяк суседзі Алега прачнуліся ад незразумелага грукату. Уражанне было такое, што нехта крышыць іхнюю сцяну.

Каб разабрацца, што адбываецца, двое мужчын ледзь не ў споднім выйшлі на лесвічную пляцоўку, потым — у двор, асвятлілі сцяну ліхтаром і ўбачылі, што моцным ветрам сарвала «талерку», што яна цяпер матляецца на кабелі і грукоча па цэгле.

— Пайшлі да гаспадара, скажам, каб зняў, — прапанаваў адзін з мужчын.

Разам яны падаліся будзіць Алега. Доўга званілі таму ў дзверы, але ўсё было марна: уладальнік «талеркі» ім не адчыніў: мусіць, дома не было.

Вырашылі дзейнічаць самі: прынеслі драбіну, адрэзалі кабель, знялі «талерку», занеслі ў гараж, каб раніцай аддаць гаспадару, а самі разышліся па дамах ды на радасцях (бо нічога не грыміць-не грукае) палеглі спаць.

Але ж адпачыць у тую ноч ім, відаць, не лёс быў: хутка прачнуліся зноў і зноў ад шуму: пад вокнамі ў іх стаяла міліцэйская машына, Алег, гаспадар «скрадзенай» (?!) «талеркі», раскінуўшы пальцы веерам, даводзіў праваахоўнікам, што ўсе тут зайздросцяць яго багаццю, а таму гатовы на любое паскудства, нават на крадзеж...

Суседзям нічога не заставалася, як пайсці з павіннай ды потым тлумачыць, што ў думках не мелі ні зайздросціць, ні квапіцца, што талерку знялі не наўмысна, а толькі для таго, каб... спакойна паспаць.

Аляксандр Матошка, в. Янкавічы, Расонскі раён


Плач, галасі, а рады не дасі

У пачатку 70-х гадоў мы з мужам перабраліся ў новы прасторны дом (самі пабудавалі!) Старая хаціна стаяла пустая. «Можна я пажыву ў ёй?» — папрасілася каляжанка, настаўніца нямецкай мовы. «Ды калі ласачка», — вырашылі мы.

Засялілася жанчына, жыве, нават, бачым, гасцей прымае: сястра да яе прыехала — здалёку, аж з самага Хабараўска! Удзвюх — ведама, родныя ды даўно не бачыліся — нешта робяць, ходзяць купацца на Бесядзь, загараюць у двары на траўцы і размаўляюць, размаўляюць...

Але ж вось непрыемнасць ці нават бяда: прапала ў сястры завушніца, а калі і дзе згубілася, ніхто не ведае. Ператрэслі ўсю хату, абпоўзалі двор, прыгледзеліся да ўсіх сцяжынак... Як скрозь зямлю правалілася! І так ім абедзвюм крыўдна! І гэтак шкада — ну проста да слёз, бо яна ж залатая, дарагая, а ўжо дэфіцытная... (Тады не купіць было ні пярсцёнкаў, ні ланцужкоў, ні завушніц...)

Карацей, вырашылі сёстры папрасіць гаспадара (гэта значыць мужа майго), каб ён узарваў падлогу ў сенцах: там паміж дошак шчыліны былі, завушніца магла закаціцца...

Шукаць яе там, што іголку ў стозе...

Але ж да гэтага, дзякуй богу, справа не дайшла. А ўсё таму, што неяк на досвітку выскачыла тая госця з хаты: патрэба ў яе была — маленькая... Ва ўсякім разе далёка з такой не ходзяць. Вось і яна ў двор выбегла...

А сонейка тут як тут: асвятліла двор, гародчык, росную траву...

Нешта бліснула ў ёй... Як быццам, не вада? Маладзіца прыгледзелася, а там... Вачам не паверыла — золатам гарыць яе мокрая завушніца!

Радасці ў сясцёр было мора. І ўспамінаў, дарэчы, таксама. Расказвалі нам, што, калі яны малыя былі ды браліся плакаць без дай прычыны, і маці, і бабуля, злуючыся, казалі ім, каб у прыбіральню лепей схадзілі...

Гэта, як высветлілася, і сапраўды мае сэнс.

Дзіна Дубадзелава, в. Леніна, Добрушскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Арыгінальныя лекі ці джэнерыкі?

Які шлях абраць, каб не адстаць ад канкурэнтаў.

Грамадства

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У старажытным Нясвіжы распачалася новая праваслаўная трыдыцыя

У мінулую нядзелю прайшоў хросны ход у гонар Абраза Багародзіцы Адзігітрыі. 

Грамадства

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

Гісторыі беларусаў, якія працуюць пасля 90 гадоў

«Інтэрв'ю? Ну, толькі калі хутка, а то ў мяне вельмі шмат работы», — сказаў адзін з нашых герояў, калі тэлефанавалі дамовіцца на сустрэчу.