Вы тут

Прэзідэнт ставіць задачу паскорыць тэмпы ўборачнай на 10—15%


Учора ў Івацэвічах было каля трыццаці градусаў вышэй за нуль па Цэльсію, сонечна. Ідэальны дзень для хлебароба. Праўда, прайшоў невялікі дожджык... Але тут ужо выбіраць не прыходзіцца. Калі прыходзіць час — хлеб павінен быць сабраны. Інакш будуць праблемы і з кормам для жывёл, і з коштам хлеба ў крамах.


Кіраўнік дзяржавы з рабочай паездкай наведвае Брэсцкую вобласць. Учора ён пабываў у Івацэвіцкім раёне. Першым пунктам праграмы стала поле адкрытага акцыянернага таварыства «Квасевічы».

10 мільёнаў тон — рэальнасць

Трэба сказаць, што жніво на Брэстчыне ідзе добрымі тэмпамі. Па стане на ўчора ў рэгіёне ўбралі каля 78% збожжавых і зернебабовых культур — Брэсцкая вобласць упэўнена трымае лідарства па ўборцы ўраджаю. Як далажылі Аляксандру Лукашэнку, сёлета плануецца сабраць ураджай збожжавых — без кукурузы — у памеры восем мільёнаў тон. З кукурузай і рапсам павінны сабраць каля 10 мільёнаў тон.

У асноўным усе вобласці (за выключэннем Віцебшчыны) выйдуць, як і даручаў кіраўнік дзяржавы, да 20 жніўня на завяршальную стадыю. На поўначы сёлета складаная ўборка.

— Нам трэба перастаць слухаць супакойванні кіраўнікоў, губернатара Віцебшчыны, — заявіў Прэзідэнт. — Калі мы бачым, што там добры хлеб, яго трэба збіраць. Трэба перакідаць туды тэхніку. Узнікне праблема з сушылкамі. Таму я ўжо сказаў, што мы забіраем зерне, вязём на элеватар, перапрацоўваем яго... Хлеб з палёў трэба ўбраць.

Сапраўды, выбару тут асаблівага няма: або мы прыбіраем хлеб так, або зерне папросту згніе.

— Я ўжо адчуваю, што ва ўборку ўсе ўцягнуліся, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: — Ужо нікога папракаць не трэба, але неабходна на 10—15% дадаць хуткасці. Трэба хутчэй.

Паліва і эксперыменты

Падчас размовы з прадстаўнікамі ўрада, кіраўніцтвам вобласці, раёна кіраўнік дзяржавы закрануў і яшчэ адно праблемнае для сельскай гаспадаркі пытанне — кантроль над расходам паліва:

— Мы пра гэта не кажам, але ў Беларусі бяда. У нас у механізатараў у асобных гаспадарках зарплата мізер, але з трактара не прагнаць. Пракантралявалі: зліваюць салярку, прадаюць. Кіраўнікі не кантралююць. І на крадзяжы ён можа зарабіць дзесяць сваіх зарплат. У нас ёсць гэта праблема.

Кіраўніку дзяржавы паведамілі, што найбольш эфектыўнае рашэнне — датчыкі расходу паліва. Ён жа паабяцаў пракантраляваць, як сітуацыя будзе вырашацца.

Сельская гаспадарка ў нейкім сэнсе — творчасць. Парада Прэзідэнта гаспадарнікам — эксперыментаваць:

— Трэба эксперыментаваць: пазней, раней пасеялі, менш, больш — гэта твая ўжо справа. І тады можна паглядзець — што будзеш мець.

У той жа час застаецца традыцыйны падыход: у вёсцы на прадпрыемстве многае — калі не ўсё, як слушна заўважыў кіраўнік краіны, — залежыць ад людзей. Калі чалавек ставіцца да тэхнікі па-чалавечы, то яна працуе эфектыўней і яе хапае на больш доўгі тэрмін. Кіраўнік дзяржавы паглядзеў, як убірае збожжа камбайн вытворчасці «Гомсельмаш». Машына сапраўды працавала добра і якасна, хоць і не была новай. Вось і адказ: калі клапаціцца пра тэхніку, будзе лепшым і ўраджай, і яго якасць. Ды і грошы для гаспадаркі зэканомяцца.

Адказнасць старшыні

І падчас селектарнай нарады, што адбылася на мінулым тыдні, і літаральна днямі, падчас новых прызначэнняў, Прэзідэнт папярэдзіў: у першую чаргу ён будзе цікавіцца праблемнымі гаспадаркамі. Таму старшыні райвыканкамаў галоўную ўвагу павінны надаваць менавіта ім. Вось і падчас учарашняй паездкі ў Івацэвіцкі раён Аляксандр Лукашэнка спытаў:

— Тут у вас у раёне якія гаспадаркі праблемныя? Тры, чатыры, пяць, колькі іх?

У Івацэвіцкім раёне такіх тры. Паступова яны падцягваюцца да годнага ўзроўню.

— Гэта тыя гаспадаркі, у якіх ты практычна жывеш? — пацікавіўся Прэзідэнт у старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандра Грыцука. — Мы дамаўляліся, што старшыня райвыканкама павінен перш за ўсё з усімі кіраўнікамі ўзяць гэтыя гаспадаркі на кантроль.

Прэзідэнт пацікавіўся: «У якую з трох складаных гаспадарак накіруемся?» Дарэчы, праграмай паездкі гэта не прадугледжвалася. У выніку спыніліся на адкрытым акцыянерным таварыстве «Косава». Але пра гэта трошкі пазней.

Малако як гарантыя дабрабыту

Далей Аляксандр Лукашэнка паглядзеў малочнатаварную ферму «Квасевічы», дзе была праведзена рэканструкцыя. Прэзідэнт падкрэсліў: будаўніцтва і рэканструкцыя падобных прадпрыемстваў маюць для дзяржавы, яе эканомікі асаблівае значэнне.

— Вы ўжо паспяхова забылі пра тое, што я ад вас патрабаваў: пабудаваць 1200 малочнатаварных фермаў — кроў з носа, — нагадаў кіраўнік краіны. — Трэба выканаць гэтую задачу як мага хутчэй.

«За паўтара года гэтыя пытанні неабходна зняць, — акрэсліў тэрмін Прэзідэнт. — Будаваць трэба дазволіць любымі метадамі. Хоча гаспадарчым спосабам — трэба дазволіць, гэта танней значна. Галоўнае — якасць».

— Але ў нас жа другая праблема, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы зараз пабудуем фермы — не пытанне. Павінна быць і высокаўдойная скаціна.

Увогуле, падобныя фермы — будаўніцтва, рэканструкцыя якіх пачаліся адносна нядаўна, — цяпер адны з самых прыбытковых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Некалькі гадоў таму, калі работа ў гэтым кірунку толькі пачыналася, апазіцыя крытыкавала такую палітыку. Але крытыка аказалася неканструктыўнай:

— Не было б таго рашэння — сёння не засталося б сельскай гаспадаркі. Дык вы хоць грошы маеце. А хто мае добрае малако — наогул добра жыве.

Ад праблемы да ідэалу

«Косава» — адна са складаных гаспадарак Івацэвіцкага раёна. Менавіта яе вырашыў учора — незапланавана — наведаць кіраўнік краіны. На полі прадпрыемства ён сустрэў экіпаж камбайна — Мікалая і Ірыну Харужых, якія працуюць разам ужо не першы год. У мінулым годзе яны былі сярод тысячнікаў, плануюць дасягнуць гэтай планкі і сёлета. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як працуецца, і падарыў Ірыне Харужай букет.

Наступны прыпынак — малочнатаварная ферма «Старажоўшчына», што ўваходзіць у склад ААТ «Косава». Прадпрыемства зараз знаходзіцца на так званым этапе аздараўлення. Гэта значыць у пастаўлены тэрмін яно павінна выйсці на ўзровень добрых гаспадарак раёна. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу прывесці ферму ў парадак да лістапада і паабяцаў, што зноў наведае яе ў азначаным месяцы. Ураду было даручана выдзеліць ферме 200 тысяч рублёў — каб з праблемнай яна ператварылася ў ідэальную.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Івацэвіцкі раён

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: У жніўні — жаць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».