Вы тут

У Беларусі з'явіцца дзяржстандарт адзення для навучэнцаў?


Дзяржаўны стандарт адзення для навучэнцаў можа быць зацверджаны да канца бягучага года. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Аляксандр ЯКАЎЧЫЦ.


— Работа над дзяржаўным стандартам ужо набліжаецца да завяршэння, — праінфармаваў ён. — Зараз стандарт праходзіць экспертызу. Мяркую, што да канца года ён будзе зацверджаны і мы будзем кіравацца ім пры вытворчасці адзення для школьнікаў.

Паводле яго слоў, галоўная мэта дзяржаўнага стандарту — ліквідаваць розначытанні ў разуменні таго, што ж з'яўляецца адзеннем дзелавога стылю: «Дзіця можа лічыць, што гэта адзенне дзелавога стылю, а ва ўстанове адукацыі думаюць па-іншаму. Таму ўсе нормы, пачынаючы ад тэхналогій вытворчасці і заканчваючы ўпакоўкай, будуць прапісаны ў гэтым стандарце. І ўсе будуць дакладна разумець, што канкрэтны выраб па нормах вытворчасці і складзе тканіны адносіцца да адзення дзелавога стылю і яго можна насіць у школу».

Аляксандр Якаўчыц падкрэсліў, што адзенне дзелавога стылю вырабляецца з двух відаў тканін — паўшарсцяных і полівіскозных. Калі раней школьная форма «калолася», то цяпер, дзякуючы ўжыванню новай тэхналогіі вытворчасці, паўшарсцяныя тканіны пазбаўлены гэтай адмоўнай уласцівасці. Што датычыцца полівіскозных тканін, то дабаўленне віскозы ў склад тканіны даходзіць да 35—40%. «Віскоза — штучны заменнік баваўнянага валакна, які пры захаванні ўсіх спажывецкіх уласцівасцяў бавоўны дазваляе зменшыць цану на гэты від тканіны. Таму мы цяпер актыўна працуем над фарміраваннем лінейкі адзення для школьнікаў з выкарыстаннем віскозы», — дадаў намеснік старшыні канцэрна.

Асобна Аляксандр Якаўчыц спыніўся на праекце «Школа будучыні»:

— Па заказе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі мы прапануем калекцыі адзення для ўніфікацыі дзелавога стылю ў той ці іншай школе або гімназіі. Пачыналі з дзесяці школ, праект развіваўся паступова А ў гэтым годзе апранулі ў рамках праекта ўжо 27 тысяч навучэнцаў са 112 устаноў адукацыі. Практыка паказала, што гэта досыць цікавая ідэя. Таму мы з Міністэрствам адукацыі падумаем, як перафармаціраваць праект, каб зрабіць яго больш эфектыўным. Маем намер і ў далейшым падтрымліваць гэтую ідэю, спрыяць таму, каб стыль і імідж установы адукацыі падкрэсліваліся аднолькавым стылем адзення іх вучняў.

Між іншым, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына БУЛАЎКІНА запэўніла, што школы ўдзельнічаюць у праекце толькі па жаданні навучэнцаў і са згоды бацькоў. Рашэнне прымаецца Саветам установы адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У «Школу будучыні»... з індывідуальным стылем

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.