13 снежня, серада

Вы тут

Ці здолее Мадагаскар выкарыстаць свае перавагі?


Мадагаскар нячаста з'яўляецца ў навінавых стужках сусветных інфармагенцтваў. Апошнім часам гэтая астраўная дзяржава часцяком згадваецца ў сувязі з дэфіцытам ванілі на сусветным рынку, які выклікаў небывалы рост цэн. Мадагаскар — бясспрэчны сусветны лідар вытворчасці стратэгічнай прадукцыі (забяспечвае каля 80 працэнтаў паставак). Як вядома, ваніль — самая дарагая спецыя ў свеце пасля шафрану. Яе рынак ацэньваецца ў $1,3 мільярда. І гэта, відаць, не апошняя коштавая мяжа. Цана на ваніль значна ўзрасла за апошнія некалькі гадоў і складае больш за $200 за фунт (у параўнанні з $11 у 2011-м). Тым не менш эканамічная сітуацыя Мадагаскара, мякка кажучы, даволі складаная, у рэгіёнах нярэдка ўзнікае голад. Ці здолее астраўная дзяржава ўсё ж выкарыстаць свае перавагі і пераадолець нестабільнасць?


Чароўны аскепак

Мадагаскар — чацвёрты па велічыні востраў нашай планеты пасля Грэнландыі, Новай Гвінеі і Барнеа. Велічынёй з Іспанію і Партугалію ці Францыю і Бельгію разам узятыя. Яго плошча складае 590 тысяч квадратных кіламетраў. У даўжыню Мадагаскар працягнуўся на 1600 кіламетраў, яго шырыня — больш за 600 км. Знаходзіцца ў Індыйскім акіяне, аддзелены ад Афрыкі 400 кіламетрамі Мазамбікскага заліва.

на велізарным востраве людзі жывуць на працягу дзвюх тысяч гадоў. Жыхары Мадагаскара называюць сябе малагасійцамі і з'яўляюцца нашчадкамі афрыканцаў і азіятаў. Большасць прышэльцаў прыбылі з Малайзіі і Палінезіі, а таксама з Інданезіі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Афрыканцы-рабы, арабы, індыйцы і партугальскія гандляры, піраты з Еўропы, французскія асаднікі — усе перамяшаліся з мясцовым насельніцтвам і ўтварылі афіцыйна існуючыя сёння 18 «плямёнаў» ці кланаў, якія насяляюць востраў.

У адрозненне ад «вулканічных» суседзяў, Маўрыкія і Рэюньёна, Мадагаскар — востраў невулканічнага паходжання, які адкалоўся ад «чорнага кантынента» каля 165 мільёнаў гадоў таму ў выніку яго дрэйфу. Доўгі час (да 40 млн гадоў таму) існаваў перашэек паміж востравам і Афрыкай, які праходзіў па сучасных Каморскіх астравах. Востраў знаходзіцца ў актыўнай тэктанічнай зоне, пацвярджэнне чаму патухлыя вулканы, тэрмальныя крыніцы і землятрусы. Нягледзячы на блізкасць да Афрыкі, большасць раслін і жывёл Мадагаскара аказаліся эндэмікамі (насяляюць толькі гэтыя мясціны), а колькасць іх настолькі вялікая, што востраў цалкам можна лічыць часткай загінулага старажытнага кантынента (часта яго цяпер і называюць не інакш як кантынентам). Таксама навукоўцы адзначылі, што карэнныя жыхары не адносяцца да экватарыяльнай расы, яны значна бліжэйшыя да жыхароў Інданезіі. Прыйшоўшы да такіх высноў, навукоўцы і высунулі версію аб існаванні кантынента або ланцуга астравоў у Індыйскім акіяне, якія калісьці распасціраліся ад Афрыкі да Суматры і Індыі. Назву гэтага загінулага кантынента прапанаваў у 1858 годзе брытанскі заолаг Філіп Латлі Склейтэр. Яна звязана з дзіўнымі істотамі, якіх ён сустрэў на Мадагаскары. Гэтымі жывёламі аказаліся лемуры. Яны вядуць начны лад жыцця, вочы ў лемураў свецяцца, а галасы нагадваюць выццё ці плач, у вонкавым абліччы змяшаны рысы чалавека, коткі і медзведзяняці. Таму Склейтэр назваў патанулы кантынент Лемурыя, каб падкрэсліць яго ўнікальнасць. На Мадагаскары вераць, што ў чалавека і лемура былі агульныя продкі. Той, хто захацеў працаваць, стаў вырошчваць рыс. А гультаяватыя мясцовыя жыхары сталі лемурамі і пасяліліся на дрэвах. Менавіта з гэтай прычыны забойства звярка на Мадагаскары — страшны грэх.

У 1500 годзе партугальцы адкрылі для Еўропы гэты дзіўны востраў. Пазней сюды прыбылі англічане і французы. Еўрапейскія місіянеры перавялі многіх тутэйшых у хрысціянства. У XІV—XV стагоддзях у цэнтры Мадагаскара склалася дзяржава Імерына, вакол якой да пачатку ХІХ ст. сфарміравалася адзінае Малагасійскае каралеўства. У 1895 годзе да ўлады прыйшлі французы, і востраў фактычна стаў калоніяй гэтай дзяржавы. У 1960-м краіна дамаглася незалежнасці. Але яшчэ 10 гадоў на чале дзяржавы стаяў прафранцузскі ўрад. У 1975-м прэзідэнтам стаў Дыдзье Рацырака, які праводзіў сацыялістычную антызаходнюю палітыку. У 1991 годзе з-за масавых акцый пратэсту ён прыняў больш дэмакратычную канстытуцыю. На выбарах у 1993-м прэзідэнтам абраны ліберал Альбер Зафі. Але яго рэфарматарская дзейнасць аказалася не занадта паспяховай і скончылася імпічментам.
З 1997-га прэзідэнтам Мадагаскара зноў стаў Дыдзье Рацырака. У 2009 годзе ў выніку перавароту да ўлады прыйшоў Андры Радзуэліна, былы мэр Антананарыву. З 2014-га на чале астраўной дзяржавы стаў Эры Мартыаль Радзаўнарымампіяніна (дарэчы, у яго самае доўгае прозвішча сярод кіраўнікоў дзяржаў ва ўсім свеце).

Вага «цяжкай» нафты

У сённяшнім Мадагаскары нізкі ўзровень жыцця. Многія мясцовыя жыхары выжываюць менш чым за два долары ў дзень. Паводле інфармацыі ААН, амаль палова дзяцей хранічна недаядаюць. На поўдні краіны родныя забіраюць навучэнцаў са школ, каб яны шукалі, дзе зарабіць, здабывалі прадукты харчавання, драўніну і ваду. Як заўважае шэраг экспертаў, у большай ступені галеча гэтага прыгожага вострава выклікана шматгадовай палітычнай нестабільнасцю. У сярэдзіне 1970-х Мадагаскар робіць спробы пабудовы камуністычнага рэжыму, што менш чым за два дзясяцігоддзі аказала негатыўны ўплыў на мясцовую эканоміку. Палітычны крызіс 2002-га, звязаны з супрацьстаяннем прыхільнікаў Дыдзье Рацырака і новым прэзідэнтам Маркам Равалумана, моцна ўдарыў па эканоміцы краіны, знізіўшы ВУП за год на 12,7%. Перыяд 2002—2005 гадоў абазначыўся як час барацьбы з інфляцыяй і паступовага нарошчвання ВУП, не ў апошнюю чаргу дзякуючы ўліванням замежных дзяржаў і фінансавых інстытутаў.

Аснова мясцовай эканомікі — экстэнсіўная сельская гаспадарка. Тут не хапае сучасных тэхналогій, а пры патрэбе павелічэння ўраджаю пашыраюцца апрацаваныя землі. Большасць насельніцтва занята сялянскай працай — вырошчваюць рыс (50% рацыёну насельніцтва), кукурузу, сізаль, а таксама экспартныя культуры — гваздзік, ваніль, каву. Жыхары вострава таксама нарыхтоўваюць лес, ловяць рыбу, разводзяць жывёлу (галоўным чынам зебу — падвід дзікага быка — адно з першых месцаў у свеце па пагалоўі).

Асноўнымі крыніцамі росту эканомікі з'яўляюцца экспарт прадукцыі тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці, прадуктаў сельскай гаспадаркі і карысных выкапняў. Дзякуючы ўнікальнай фаўне вострава, біятурызм прыцягвае ўсё большую колькасць людзей з розных куткоў планеты. Зоны свабоднага гандлю, размешчаныя каля Антананарыву і Анцырабэ, маюць сваёй мэтай гандаль з ЗША і Еўропай.

На тэрыторыі Мадагаскара ёсць радовішчы лушчака (2-е месца ў свеце па запасах), графіту (4-е месца) і храмітаў. Таксама на экспарт здабываюцца каменны вугаль, ільменіт і нікель. На поўдні рэспублікі выяўленыя два буйныя нафтавыя радовішчы. На адным з іх — Цімірора — асваенне ўжо ідзе поўным ходам. Яго патэнцыял велізарны — да 2 мільярдаў бараляў «чорнага золата». Гаворка ідзе пра так званую цяжкую нафту, гатункі з высокай шчыльнасцю. Выканаўчы дырэктар кампаніі Madagascar oіl Джон Клаўсэн перакананы: «Гэта нафта выдатна падыходзіць для вырашэння энергапраблем Мадагаскара. Вельмі хутка яна часткова пойдзе на вытворчасць электраэнергіі. Мы спадзяёмся, што з часам нашу нафту будуць выкарыстоўваць і ў іншых галінах прамысловасці». У распрацоўку радовішча ўкладзена 300 мільёнаў долараў прыватных інвестыцый. 90% работнікаў — мясцовыя жыхары. Інвестары, якія прыйшлі ў рэгіён, не абмяжоўваюцца бізнесам, яны ўжо пабудавалі тут школы, бальніцы, распрацавалі інавацыйную праграму па захаванні натуральнага прыроднага асяроддзя. Джон Клаўсэн заўважае: «Мы будзем вывозіць нафту з радовішча па аўтатрасе. Гэта добрая магчымасць заняцца мясцовымі дарогамі. Вытворчасць нафты падштурхоўвае нас да вырашэння сумежных задач. Па меры развіцця праекта такіх задач будзе больш». Не выключана, што мясцовай нафтай зацікавяцца і новыя гульцы з-за мяжы. У прыватнасці, у паветры носіцца ідэя будаўніцтва трубаправода і порта на ўсходнім узбярэжжы.

Шматлікія даследаванні паказалі: на Мадагаскары 5 седыментацыйных басейнаў з велізарным вуглевадародным патэнцыялам. На поўдні вострава нядаўна выявілі радовішча прыроднага газу, а таксама новыя залежы нафты. Галоўны менеджар Нацыянальнага ведамства па кантролі за горназдабыўной галіной Банавентуры Расаанаіва расказвае: «Мы ацанілі геалагічны патэнцыял запасаў нафты на ўзроўні паўтара трыльёна бараляў. Мадагаскар прапануе замежным партнёрам каля 40 шэльфавых пляцовак для распрацоўкі і 3—4 блокі на тэрыторыі вострава». Каб паскорыць прыток інвестараў, улады краіны абяцаюць аптымізаваць падатковыя ўмовы для замежнікаў, якія арэндуюць радовішча на доўгі тэрмін».

Мост паміж Афрыкай і Азіяй

Мадагаскар займае выгадную геапалітычную пазіцыю і гатовы стаць мостам для актывізацыі эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі Афрыкі і Азіі. Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Эры Мартыаль Радзаўнарымампіяніна. «Мадагаскар — частка афрыканскага кантынента, наша краіна знаходзіцца на скрыжаванні, займаючы важную геапалітычную пазіцыю паміж Азіяй і Афрыкай. Мы спадзяёмся стаць мостам для актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва двух кантынентаў. Мадагаскар зацікаўлены ў рэалізацыі сумесных праектаў «Пояса і шляху» (эканамічны пояс Шаўковага шляху і марскі шаўковы шлях XXІ стагоддзя)», — абвясціў кіраўнік дзяржавы падчас Азіяцкага эканамічнага форуму ў кітайскім Боаа. Ён выказаў надзею, што азіяцкія краіны, у прыватнасці КНР, пры рэалізацыі сумесных праектаў у належнай меры будуць улічваць інтарэсы астраўных дзяржаў, у тым ліку Мадагаскара. Радзаўнарымампіяніна падкрэсліў, што канцэпцыя «Пояса і шляху» выгадная для краін Афрыкі, якія разлічваюць на прыток азіяцкіх інвестыцый. «Мы павінны аб'яднаць намаганні, умацаваць партнёрскія адносіны, сумесна адказаць на выклікі, якія нясе ў сабе пратэкцыянізм», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Радзаўнарымампіяніна адзначыў, што Мадагаскар найбольш зацікаўлены ў азіяцкіх прамысловых тэхналогіях, фінансавых рэсурсах, развіцці сумесных праектаў у галіне малога і сярэдняга бізнесу. «Дзякуючы ўзаемадзеянню ў гэтых напрамках мы зможам павысіць эфектыўнасць нацыянальнай палітыкі, павялічыць дабаўленую вартасць тавараў, якія вырабляюцца Мадагаскарам у глабальным ланцужку паставак, павысіць узровень народнага дабрабыту», — рэзюмаваў ён.

Шэраг праграмных выказванняў Радзаўнарымампіяніна прагучаў у інтэрв'ю Euronews. «Я перш за ўсё хачу, каб у краіне ўсталявалася стабільнасць. Нам патрэбна палітычная стабільнасць. Гэта неабходна, каб прыцягваць інвестараў. Стабільнасць выяўляецца ва ўсталяванні прававой дзяржавы, у актывізацыі барацьбы з карупцыяй і злоўжываннямі ўладай. Мы валодаем вялікім патэнцыялам у розных сферах, напрыклад у турызме. Перш за ўсё трэба ўзяць пад увагу нашу экасістэму, якая з'яўляецца адной з самых унікальных на планеце, у нас ёсць эндэмічная фаўна і флора, якую можна знайсці толькі на Мадагаскары. Усё гэта дазваляе прапаноўваць іншы вопыт турызму, заснаваны на экалагічным развіцці».

«Цяпер нават дзеці чулі пра Мадагаскар. Людзі праяўляюць цікавасць да нашай краіны, я адчуваю, што пакрысе і свет камерцыі пачынае цікавіцца. Вядома, не толькі з-за фільма (папулярны дзіцячы мультфільм студыі Pіxar, дзе, дарэчы, даволі вольна адлюстроўваецца жывёльны свет вострава — насамрэч тут няма львоў, жырафаў, бегемотаў, пінгвінаў і зебраў — Аўт.), але ён даў іншым магчымасць даведацца аб Мадагаскары». Ці выкарыстае належным чынам усе свае перавагі астраўная дзяржава, пакажа час. Прынамсі, выглядаюць яны вельмі перспектыўна.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вяртанне Лемурыі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

І чаму ў музеях нашай краіны павінны быць арыгіналы рарытэтаў?

Грамадства

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

«Будка для сабакі — для нашых майстроў не праблема».

Эканоміка

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Расказваем пра змены, якія адбываюцца ўжо цяпер.