Падарунак


Калі мяне забіралі ў войска, я ўзяў з сабой дзве кнігі: «Выбранае» Янкі Купалы і «Золак, убачаны здалёк» Янкі Брыля. Захоўваў гэтыя кніжкі ў кардоннай тэчцы разам з фотаздымкамі жонкі, бацькоў і лістамі з радзімы. За тыя паўтара года службы я так зачытаў гэтыя кніжкі, што сёння яны ў хатняй бібліятэцы самыя непрывабныя...


Упэўнены, калі б Янка Брыль нарадзіўся гадоў на трыццаць — сорак пазней, то сёння, са сваёй сціслай лірычнай прозай, мог быць вельмі папулярным блогерам. Ён — вялікі пісьменнік, які ўмеў выкладаць свае назіранні і думкі коратка і ясна, але паэтычна.

Найчасцей я сустракаў Івана Антонавіча ў бібліятэцы Саюза пісьменнікаў. Ён з’яўляўся ў другой палове дня, займаў столік пры акне, вешаў на спінку крэсла пінжак, абкладаўся часопісамі і газетамі — чытаў перыёдыку. Калі ў ціхую бібліятэку нехта ўваходзіў, ён паварочваў сівую галаву, вітаўся, часам уставаў, каб паціснуць руку. Адразу рабіўся манументальным.

Аднойчы я забег памяняць кнігі. Бібліятэкаркі на месцы не было. Брыль пацікавіўся, што я чытаю. Дзве кнігі адразу адклаў, ён іх ведаў, трэцяя ж зацікавіла. Ён хмыкнуў і прызнаўся, што не чытаў.

Потым Ніна Уладзіміраўна Глобус сказала, што Іван Антонавіч папрасіў запісаць тую кнігу яму ў фармуляр, каб узяць дамоў.

Янка Брыль — выдатны пісьменнік і вельмі разумны чытач. У ягоных запісах амаль паўсюль трапляюцца назіранні і развагі пра кнігі, якія ён чытаў і чытае. І, што самае цікавае, ён чытаў не толькі сваіх аднагодкаў і пісьменнікаў вядомых, але і моладзь, як маіх равеснікаў, так і маладзейшых. Яго хвалявала, куды рухаецца маладая беларуская літаратура.

Напрыканцы 1990-х мы сустрэліся ў калідоры рэдакцыі часопіса «Полымя». Брыль у прысутнасці іншых літаратараў з усмешкай паціснуў мне руку, чым моцна збянтэжыў. Пацікавіўся, ці ёсць у мяне трохі вольнага часу, каб прайсціся да яго дома. Я захваляваўся. Сказаў, што часу ў мяне мора.

Восень. Цёпла. Лісце сухое шамаціць. Мы павольна ідзём сонечнай вуліцай. Высокі, манументальны Янка Брыль і я.

Спачатку ён маўчаў. Мне думалася і хацелася, каб ён пагаварыў пра літаратуру, адкрыў якую таямніцу, але пісьменнік пачаў распытваць: пра бацькоў, адкуль яны родам, чым займаюцца. Пра гарадскі пасёлак, дзе я нарадзіўся, пра аднакласнікаў, пра тых, з кім сябрую ў Мінску і якія кніжкі цяпер чытаю, дзе жыву. Нават пацікавіўся, чым займаецца жонка. Мы ішлі павольна, часам Іван Антонавіч спыняўся, уздыхаў і казаў, што ён зноў перачытвае класіку, што кожны год трэба здымаць з паліцы кнігі мінулых стагоддзяў... Прапанаваў зайсці да яго. Я ж, хоць і быў запрошаны, не пайшоў, бо не хапіла смеласці. Занадта вялікай здавалася адлегласць паміж намі, а скараціць яе я не наважыўся…

У 2006 годзе, звычайнай суботняй раніцай, затрашчаў тэлефон. Я зняў слухаўку і пачуў голас Янкі Брыля. Ён павіншаваў з Новым годам мяне і ўсю сям’ю. Сказаў, што прачытаў у часопісе тры апавяданні. Стрымана пахваліў. Потым пацікавіўся, а чаму так рэдка выходзяць публікацыі. Уцямна адказаць не атрымлівалася, я нешта мармытаў: блытана, па-дзіцячы. Брыль спыніў: «Уладзімір, паслухайце мяне, пішыце штодня, а пра публікацыі і кніжкі не думайце. Пішыце хоць па некалькі сказаў. Пішыце пра тое, што адчуваеце, што бачыце вакол... Пішыце, гэта — самае галоўнае!». Нават голас яго змяніўся, зрабіўся больш гучным і ўпэўненым, як у школьнага настаўніка…

Я стаяў перад акном з тэлефонам у руцэ. Глядзеў на зімовы горад, на Купалаўскі сквер, засыпаны снегам, і думаў, што там, далей, за дзіцячым паркам, на вуліцы Пуліхава, жыве вялікі беларускі пісьменнік — Янка Брыль. Можа, ён і не думае больш пра нашую тэлефонную размову, а сядзіць сабе за пісьмовым сталом і піша. А я ўсё стаю перад акном, як дзіцёнак, якому пашчасціла атрымаць падарунак. Такі падарунак, пра які ён і марыць не мог.

Уладзімір СЦЯПАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.