Вы тут

На вяршыні досведу


Справа мастацкага перакладу была неад’емным складнікам пісьменніцкага служэння Я. Брыля. Першай перадумовай для гэтага стала фарміраванне асобы юнака ў спецыфічным асяроддзі Заходняй Беларусі 1920 — 1930-х гг. — на складаным этнічным і культурным скрыжаванні. Будучы пісьменнік вучыўся ў польскай школе і вынес адтуль захапленне польскай класічнай літаратурай, з якою знаёміўся на мове арыгінала. Аднак яшчэ раней маці навучыла малодшага сына чытаць па рускім буквары. Так ён пачаў самастойна далучацца да спадчыны А. Пушкіна і М. Гогаля, І. Тургенева і Л. Талстога, А. Чэхава і М. Горкага. Іншы раз тут даводзілася мець справу з перакладамі. Так, Ф. Дастаеўскага вясковы аматар літаратуры ўпершыню змог прачытаць толькі па-польску.


Фотапаштоўка мястэчка Турэц (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці), дзе Янка Брыль вучыўся ў сямігадовай польскай школе. Фатограф Аляксандр Цітавіцкі. 1936 г.

Звяртаючыся да суседзяў альбо ў прыватную бібліятэку ў мястэчку, юны кнігалюб пазнаёміўся з украінскай літаратурай і авалодаў мовай, чытаючы ў арыгінале Т. Шаўчэнку, М. Кацюбінскага, І. Франка. Відавочна, тут праявілася прыродная здольнасць Я. Брыля, як і пазней, калі за два гады, не па сваім жаданні праведзеныя ў Германіі (1939 — 1941), малады чалавек у некаторай ступені навучыўся разумець і гаварыць па-нямецку. З цікаўнасцю ён прыслухоўваўся да разнамоўнай гаворкі інтэрнацыянальнага насельніцтва лагераў для ваеннапалонных, запамінаў выразы, прыказкі, урыўкі песняў. А гэта, у сваю чаргу, давала багаты матэрыял для параўнальных назіранняў, развівала чуйнасць да слова і яго выяўленчых магчымасцей, тым больш што хлопец ужо свядома звязаў свой лёс з літаратурай, нават марыў надрукаваць першы зборнік твораў па-беларуску.

Перад тым былі, поводле пазнейшага прызнання майстра, «дзесяць гадоў неспакойнага трымкання на трох мовах адразу» («Думы ў дарозе», 1962). За самаіроніяй тут прыхавана, але не траціць сур’ёзнасці і глыбіні праблема: таленавітаму юнаку няпроста давалася ўсведамленне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, аднак ён ужо разумеў, што без гэтага яго мара пра літаратурную творчасць не можа спраўдзіцца.

Як сталася, што, знаходзячыся ў моцным полі прыцягнення рускай і польскай культур, малады Я. Брыль усё ж зрабіў выбар на карысць айчыннай? У цытаванай вышэй аўтабіяграфіі «Думы ў дарозе» пісьменнік тлумачыў: «Апавяданне “Марыля” было пачата па-руску. Потым, адчуўшы па-сапраўднаму, што “кожная бочка павінна стаяць на ўласным дне”, перапісаў на мову родную». Як бачым, пераходу ў прастору беларускай літаратуры дапамаглі таксама спробы аўтаперакладу. І не толькі. У эсэ «Быць чалавекам» (1967) Я. Брыль прызнаваўся, што «на шаснаццатым годзе жыцця меў намер ні больш, ні менш, а пакінуць людзям свой запавет — з самай высокай мэтай, для ачышчэння і падмацавання духу». Дзеля гэтага хлопец «увечары, пасля баранавання ці малацьбы, — проста ў малітвеным настроі перапісваў з кніг прыгожыя, глыбокія мясціны. Маім, да хвалявання, да слёз маім здавалася чужое, якое ад таго, што я яго перапішу, а то яшчэ і з польскай мовы перакладу...»

Перакладаў Я. Брыль таксама з рускай — і, натуральна, на мову родную, што і дапамагло яму канчаткова ўсвядоміць сваё прызванне беларускага пісьменніка. Прычым у першых эксперыментах будучаму мастаку слова было на што арыентавацца. У эсэ «Пасля лемантара» (1980 г.) пісьменнік з удзячнасцю ўспамінаў сваю кніжку для школьнага чытання «Родны край», складзеную, дарэчы, віленскай настаўніцай Л. Гарэцкай, дзе змясціліся: «Тургенеў — “Гора” (“Щи”), Чэхаў — “Іванька”, Гаршын — “Жаба-падарожніца” і “На полі бойкі” (урывак з апавядання “Чатыры дні”), Ажэшка — “Рэха”, Тэтмаер — “Успаміны”, Канапніцкая — “Як кароль у паход выходзіў…”. Да рускіх і палякаў — сусветна любімы датчанін Андэрсен — “Каралеўская вопратка”; “Апошняя лекцыя” француза Дадэ; “Дарагія грошы” — украінскае, “Горкі смех” — яўрэйскае». Усё гэта па-беларуску, побач з творамі Багушэвіча, Бядулі, Цёткі, Багдановіча, Купалы і Коласа.

Любімыя фрагменты, напрыклад, з М. Гогаля, перакладаліся спачатку «для сябе», дзеля шчасця набліжэння да шэдэўраў літаратуры, але хутка аматар выйшаў на шырэйшую аўдыторыю. Так, для вясковай самадзейнасці ён пераклаў камедыі Л. Талстога «Першы гарэльнік» і «Ад яе ўсе якасці». Маладому чалавеку важна было такім чынам прыняць удзел у талстоўскай справе народнай асветы, выхавання і творчасці. Я. Брыль успамінаў: «Непісьменнасць кампенсавала непасрэднае, надзённае, як сумленна зароблены хлеб, — народнасць мовы. “Набічкавалі поўнае гумно снапоў”, “заплужыў балота”, “узвіндаваўся з печы”, “кастагрыз ты стары!”, “няхваля цябе паднясла” . Дазволю сабе прывесці і спробы пошукаў творчага перакладу: “Я всякого переспорю, потому я сам с усам!” — “Я кожнаму горла заткну, бо над мяне няма мяне!”, разухабістае рускае “Ходи изба, ходи печь, хозяюшке негде лечь!” і наша, не слабейшае — “І скачацца, і хочацца, і вусцілкі валочацца!..”» («Пасля лемантара»).

Як бачым, малады Я. Брыль, вырашаючы пераважна практычныя задачы, трымаў у полі зроку і ўласна мастацкі аспект перакладчыцкай працы. Ён адчуваў абмежаванасць перакладу літаральнага, шукаў у роднай мове і нават у мясцовай гаворцы адпаведнікі не меншай вобразнай і эмацыянальнай экспрэсіўнасці. Не заўсёды хапала пачуцця меры, аб чым папярэджваў, напрыклад, паэт і рэдактар Янка Патаповіч, калі ў лісце ад 10 сакавіка 1939 г. адгукаўся на Брылёў пераклад апавядання У. Гаршына «Чатыры дні»: «Цэлая бяда ў тым, што ты хацеў і хочаш “упростить” Гаршына, хацеў яго, як ты сам выражаешся, “апрацаваць”. І вось іменна гэта выйшла не на карысць перакладу» («Над фотаздымкам», 1994).

Крытык, верагодна, меў рацыю, аднак няма падстаў сумнявацца ў добрых намерах літаратара-самавука, які і такім чынам спрабаваў праявіць самастойнасць. Не без уплыву талстоўства ён імкнуўся наблізіць іншамоўны твор да ўспрымання суайчынніка селяніна, бо такі тып мыслення здаваўся яму характэрным для беларускай літаратуры. Аднак хутка Я. Брыль зразумеў, што надзённай мэтай нацыянальнага прыгожага пісьменства з’яўляецца якраз пераадоленне абмежаванасці кругагляду ды правінцыйнасці.

 На вяршыні набытага досведу і майстэрства Я. Брыль прызнаваў справядлівасць высновы А. Твардоўскага: «калі арыгінал — расквітнелы луг, дык пераклад — сена». Але адсюль вынікае толькі тое, што трэба дасканаліць нацыянальныя перакладчыцкія традыцыі, бо гэта спрыяе развіццю ўсёй айчыннай літаратуры. Таму мастак ахвотна перакладаў, кожны раз сціпла падкрэсліваючы, што ён тут не прафесіянал (у адрозненні, скажам, ад Ю. Гаўрука, Я. Семяжона ці В. Сёмухі), кіруецца выключна любасцю да літаратуры, прыязнасцю, а то і адчуваннем творчай блізкасці да некаторых польскіх (Э. Ажэшка, Б. Прус, М. Канапніцкая, Я. Івашкевіч, В. Жукроўскі), рускіх (А. Чэхаў, У. Караленка, М. Горкі, К. Паўстоўскі) ды ўкраінскіх (А. Вішня, А. Даўжэнка, В. Казачэнка) пісьменнікаў. Тым не менш Я. Брыль актыўна ўдзельнічаў у нарадах перакладчыкаў, наладжваў падрыхтоўку і выданні перакладаў польскай літаратуры ў Беларусі, беларускай — у Польшчы. Ён пільна сачыў за лёсам уласных твораў на іншых мовах, быў удзячны такім рупліўцам рускіх перакладаў, як А. Астроўскі ці Д. Кавалёў, і сам нямала працаваў над аўтарызацыяй тэкстаў. Усё гэта з высакароднай мэтай: «Трэба, каб нас ведалі ў свеце!»

Перакладчыцкая дзейнасць дазваляла Я. Брылю пашырыць уласны творчы дыяпазон. Так, ён даволі хутка зразумеў, што сам, напэўна, ніколі не напіша п’есу, аднак «“Стары новы год” Рошчына перакладаў па просьбе купалаўцаў, “Святая святых” Друцэ — па просьбе і самога яго, “Вішнёвы сад” — з сімпатыі да коласаўцаў». Хоць час ад часу вярталася сумненне, «ці трэба мне займацца гэтым . Зноў як быццам кажу сам сабе, што больш не буду, што буду рабіць толькі сваё» («Свае старонкі», 1980). Але менавіта як быццам, бо лепш за многіх Я. Брыль разумеў, што гэта таксама творчая праца і што радасць яна прыносіць, як, напрыклад, удалы пераклад у 1995 г. верша І. Буніна «И цветы, и шмели…».

Яшчэ адна крыніца радасці — магчымасць задумацца над параўнаннем перакладу з арыгіналам альбо «асцярожна папесціць родным словам» («Нясмешны Гогаль», 1988) упадабаны фрагмент іншамоўнага твора, каб потым падзяліцца знаходкамі праз лірычныя запісы. Плённы вынік колішняй напаўдзіцячай задумы! «Вуснамі немаўляці», а дакладней — трынаццацігадовага ўнука, быў дадзены і адказ тым, хто сумняваўся ў «рэнтабельнасці» справы: «Добра перакладаць на нашу мову і рускую класіку трэба для будучыні, калі нашы школы падрыхтуюць нацыянальна свядомага чытача. Так і я думаў днямі», — запісаў Я. Брыль у 1995 г.З аптымізмам, без якога нельга быць беларускім пісьменнікам.

Вольга НІКІФАРАВА, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».