Вы тут

Сусветнае сонца без хмар


Пра народнага пісьменніка Беларусі Янку Брыля не скажаш, што ён быў абыдзены ўвагай улады і, маўляў, не меў прызнання ў тых калідорах, дзе некалі праграмавалася і грамадскае, культурнае, літаратурнае жыццё нашай Айчыны. Не, было званне народнага пісьменніка, былі дзяржаўныя ўзнагароды — пачынаючы ад Сталінскай прэміі 1952 года (Дзяржаўную прэмію БССР «выдзелілі» ўжо ў 1982 годзе, за аповесць «Золак, убачаны здалёк», калі нельга было не даць, — і па гадах, і па вазе прызнання ў асяродку калег, па вазе прызнання ў чытачоў)… А яшчэ ж ордэны — два Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Дружбы народаў, «Знак Пашаны»… Народнага пісьменніка Брылю прысвоілі ў 1981 годзе. Але хто памятае той час, пэўна ж, пагодзіцца: прызнанне ў значнай ступені вымушанае. Мяркуйце самі. Народны пісьменнік Міхась Лынькоў, напрыклад, толькі Героя Сацыялістычнай Працы не атрымаў, а так — тры ордэны Леніна, тры ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга…


Янку Брыля чытала ўся Беларусь. Майстра лірычнай прозы, які наўмысна не арыентаваўся на эпапеі, не гвалтаваў свой талент, чытаў, лічы, увесь свет. І гэта таксама патрабавала ад улады ўсё ж такі прызнаваць яго талент, лічыцца з маштабам яго ўласных эстэтычных, мастацкіх перакананняў.

Болей як 100 кніг прозы народнага пісьменніка Янкі Брыля пабачылі свет у розных краінах свету. Тыповы беларус, чалавек, які першыя ўрокі выхавання і юначага сталення атрымаў «за польскім часам», быў цэментуючым стрыжнем беларускай нацыянальнай літаратуры, якога нельга было абысці…

Пра кнігі Янкі Брыля, выдадзеныя за межамі Беларусі, пра пераклады і перакладчыкаў яго прозы і хацелася б крыху згадаць у гэтыя юбілейныя дні. Амаль што сухая статыстыка: карыстаючыся біябібліяграфічным слоўнікам «Беларускія пісьменнікі» (том першы, выданне «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі», 1992 год), удакладняю: у Расіі і Беларусі на рускай мове пабачылі свет 47 кніг Янкі Брыля. З іх 9 выдадзена ў Беларусі. Зразумела, за апошнюю чвэрць стагоддзя, да часу, як пішуцца гэтыя радкі, мяркую, мала што змянілася.

Для параўнання: у Польшчы выдадзена было з 1953 (першая кніга на рускай мове ў суседняй краіне ў Івана Антонавіча выйшла ў 1951-м) да 1989 года 9 кніг. І гэта пры ўмове, што колькасць публікацый у перыёдыцы прыблізна гэткая ж, як і колькасць публікацый у рускамоўных часопісах і газетах (сярод якіх, зразумела, не толькі тыя, што выдаваліся ў Маскве, але і публікацыі ў часопісе «Нёман», «Сельской газете», напрыклад). Так. Дзевяць «польскіх» кніг Янкі Брыля не чатыры дзясяткі, якія выдадзены паруску. Але знак роўнасці можна смела ставіць. Варта разумець усе складанасці, звязаныя з тым, што Польшча ў адрозненні ад Расіі таго часу была іншай краінай, няхай сабе і краінай-суседкай, няхай сабе і краінай сацыялістычнага лагера. У Польшчы, дарэчы, і перакладчыкаў у Брыля, мусіць, шмат болей, а не адзін Арсеній Астроўскі, у перакладах якога на рускую мову і выйшла асноўная колькасць кніг у Маскве і Мінску (як мінімум — два дзясяткі «з хвосцікам»)… З палякаў Янку Брыля перакладалі М. Канановіч, Т. Гушча, С. Яновіч, Ч. Сенюх… А колькі рэцэнзій, водгукаў мела літаральна кожная кніга!.. Ды і ўвогуле пісалі пра Янку Брыля не шмат меней у Польшчы, чым у Расіі… Крый божа, гэта не супрацьпастаўленне!.. Тым болей, нават зазірнуўшы ў многія мініяцюры народнага пісьменніка Беларусі, можна ўбачыць, як чула, як паважліва ставіўся Янка Брыль да рускай літаратуры, рускай культуры, да Расіі. Тым болей, што… Але працытую «падарожнае» з Брыля па-руску: «Снова заходил в московский дом Толстого. Всё как всегда, а волновался, тихо стоя перед порожком затянутых шнурков дверей в низкий белый кабинет Льва Николаевича… Тот стол с маленькими поручнями, что так знаком с юношеских дней по репродукции с портрета Ге. Наивная, как будто молодая мысль: может, и я за этим столом написал бы что-нибудь хорошее… В тенистом саду, где духота кончалась для нас приближением грозы, говорили с Володей о том, как Он любил жизнь, как всё время старался её познать. Надо будет перечитать «Так что же нам делать?» — то, по чему я когда-то учился жить, узнавал Москву, Россию… Удивительно теперь вспоминается то время, в котором мы сидели, изолированные панами от большого мира.

Сидя в своей Западной, я любил Россию по книгам. Слушал песни и беседы бывалых мужиков, которые в солдатах или на заработках видели вот это: безбрежную Волгу, белых чаек на фоне соснового берега, розово-фиолетовую воду на закате солнца и немного позже опять же чаек, уже на воде, притихших, видать, утомлённых…» Перакладзена земляком і сябрам — рускім паэтам Дзмітрыем Кавалёвым, рускім паэтам з гомельскай Веткі.

Згадаем жа правадніка Янкі Брыля да рускага чытача — А. Астроўскага…

 Арсеній Георгіевіч Астроўскі — літаратуразнаўца, перакладчык. Шмат перакладаў з беларускай і ўкраінскай літаратур… З беларусаў перакладаў найболей Івана Шамякіна. Імя яго мала вядомае сучасніку. Болей Арсеній Астроўскі згадваецца ў розных бібліяграфічных спасылках. Нядаўна наш «Нёман» надрукаваў перапіску Івана Шамякіна з рускім перакладчыкам. З лістоў Арсенія Георгіевіча відаць, як напружана, актыўна працаваў ён, лічы, ці не да апошніх дзён жыцця са сваімі «падапечнымі», імкнучыся дзе толькі можна выдаваць беларускую прозу ў сваіх перакладах. Цяжка сказаць, ці пашчасціла Янку Брылю на перакладчыка… Па колькасці выданняў менавіта ў яго перакладзе, па руплівасці, хуткасці, з якой А. Астроўскі адгукаўся на кожны новы твор Янкі Брыля, — так, відаць, пашчасціла. Арсеній Георгіевіч карыстаўся аўтарытэтам у большасці галоўных усесаюзных выдавецтваў. Быў уважлівым да арыгінала перакладчыкам. І ўсё ж… Калі б меншай была толькі яго «ўлада» над беларускім творцам, калі б да Астроўскага былі далучаныя іншыя, можа быць, нават і самі празаікі (мастацкім перакладам займаліся нават творцы такога маштабу, як Канстанцін Сіманаў, Юрый Казакоў, ды і шмат хто яшчэ з вядомых і моцных, сапраўдных рускіх празаікаў), то, несумненна, уяўленні пра прозу Янкі Брыля, яго мастацкі свет і ў Расіі былі б шмат шырэйшыя.

Творы народнага пісьменніка Беларусі, акрамя рускай і польскай, перакладаліся яшчэ на азербайджанскую, англійскую, албанскую, армянскую, балгарскую, венгерскую, грузінскую, іспанскую, казахскую, кіргізскую, кітайскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, персідскую, румынскую, славацкую, таджыкскую, татарскую, туркменскую, узбекскую, украінскую, фінскую, французскую… Стасункі з замежнымі перакладчыкамі, літаратуразнаўцамі сённяшняга часу паказваюць, што не ўсе пераклады нават да 1985 года ўлічаны ў біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі». Праўда, публікацыі на сербскай мове, здаецца, якраз усе. У слоўніку чытача, даследчыка адрасуюць да трох публікацый у 1958 — 1960 гг. (раздзел «На Югаславіі мовы»). Удакладняем: нядаўна падрыхтавана Даянай Лазарэвіч (Бялград, Сербія) бібліяграфія перакладаў з беларускай на сербскую і з сербскай на беларускую. Д. Лазарэвіч канкрэтызуе: Янку Брыля ў 1958 і 1959 гады перакладаў прафесар А. Брайчыч. Размова — пра апавяданні «Маці», «Ён жыве», «Перамога». Публікацыі былі змешчаны ў «Штотыднёвай інфармацыйнай газеце».

Пералічваючы мовы, на якія перакладалі Я. Брыля, мы мелі на ўвазе і публікацыі ў газетах і часопісах. Кнігамі ж выдадзены творы народнага пісьменніка Беларусі на албанскай (у 1961 годзе), англійскай (чатыры кнігі — усе ў Маскве і Мінску), на балгарскай (4 кнігі), венгерскай, іспанскай (у Маскве ў 1955 годзе), кітайскай (тры кнігі — у 1953, 1955, 1958), латышскай (2 кнігі), літоўскай (3 кнігі), малдаўскай, нямецкай (2), румынскай (4; двойчы перавыдавалася аповесць «У Забалоцці днее»), славацкай, татарскай, таджыкскай, туркменскай, узбекскай, французскай (у Маскве), чэшскай (3), эстонскай (3) мовах. 11 кніг Янкі Брыля выйшла па-ўкраінску. Украінскае прачытанне творчасці беларускага класіка — асобная тэма. Шкада вось толькі, што ва ўкраінскай літаратурнай крытыцы, украінскім літаратуразнаўстве няшмат пісалі пра Янку Брыля. Можа быць, агульнымі намаганнямі беларускіх і ўкраінскіх даследчыкаў гэтую акалічнасць варта выправіць — і чытач ва Украіне яшчэ наноў прыхінецца да творчасці аўтара рамана «Птушкі і гнёзды».

Прысутнасць прозы Янкі Брыля ў кніжнай прасторы іншых краін, народаў — высокая з’ява, сведчанне сталасці беларускай нацыянальнай літаратуры.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.