Вы тут

Незабыўны сусед


Амаль усё маё жыццё прайшло паблізу Янкі Брыля. Пятнаццаць гадоў — лепшыя гады маленства і юнацтва — мы пражылі як добрыя суседзі ў адным пад’ездзе дома № 36 па вуліцы Карла Маркса. А потым здарылася так, што апынуліся ў блізкіх дамах у раёне вуліц Гвардзейская — Дразда і часта сустракаліся, асабліва на прыпынках транспарту. Звычайна пры такіх сустрэчах Іван Антонавіч хваліў мяне за артыкулы па міфалогіі, якія рэгулярна ў 1990-я гады друкаваліся ў часопісе «Роднае слова» — выданні тады, пры галоўным рэдактары, незабыўным Міхасю Шавыркіне, надзвычай папулярным, у тым ліку сярод значнай часткі пісьменнікаў. Мой суразмоўца нязменна здзіўляўся, што з непрыкметнай дзяўчынкі-суседкі вырасла даследчыца, ды яшчэ такой спецыфічнай галіны, як міфалогія. Вечна зацікаўлены загадкамі творчасці, Іван Антонавіч дапытваўся, што стала першапачатковым імпульсам, які пацягнуў за сабой ланцужок маіх доследаў. Мы з ім гаварылі пра дзіцячую любоў да казак, захапленне творамі акадэміка Барыса Рыбакова, а на самай справе, як я зразумела пазней, першавыток маёй навуковай цікаўнасці — казка маленства, наш пісьменніцкі дом, жыллё карпарацыі літаратараў. Сёння, сапраўды, ён здаецца не інакш як міфам, бо магічная атмасфера, у якой прыйшлося духоўна фарміравацца, не адновіцца ўжо ніколі, ды нават уявіць яе цяжка ў сённяшнім прагматычным і, хоць пастаянна зменлівым, але нецікавым абывацельскім свеце.


Унукі Янкі Брыля — Вольга, Антон, Міша

Памяць вяртаецца ў 1950 — 1960-я гады. Мы, Шамякіны, жылі на чацвёртым паверсе, Брылі — непасрэдна над намі, у такой жа чатырохпакаёвай кватэры. Спачатку ў Брыля дзве дзяўчынкі — Галя і Наташа, пасляваенныя, затым нарадзіўся сын Андрэй. Памятаю, сам Іван Антонавіч гаварыў, што дзяўчынкі яму падабаюцца больш, чым хлопцы, дзяўчынак, аказваецца, цікавей выхоўваць. Наташу, на год старэйшую за мяне, я ў свой час ведала добра. Разам гулялі ў дварэ, потым, пазней, у адным класе з ёю вучыўся мой будучы муж, а яна пасля заканчэння філфака ўзяла шлюб з пісьменнікам і літаратуразнаўцам Рыгорам Семашкевічам, з якім я працавала на кафедры беларускай літаратуры. Наталля Іванаўна ўсё жыццё добрасумленна і пры гэтым трымаючыся надзвычай сціпла прапрацавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», была адным з лепшых рэдактараў, рыхтавала да выдання ў тым ліку і кнігі Шамякіна.

Галя Брыль, як і мая старэйшая сястра Ліна, у нашым маленстве трымалася ад нас, малодшых, паасобку. Сёння Наталля Іванаўна і Галіна Іванаўна жывуць удваіх у ранейшай кватэры Івана Антонавіча — яго апошняй, двухпакаёвай. На яго пахаванні сёстры раздавалі ўсім, хто прыйшоў яго праводзіць, апошнюю кнігу класіка. Высакародна, арыстакратычна, як заўсёды ў Брылёў…

Але Іван Антонавіч успамінаецца жывым, такім, як у маім дзяцінстве. Два самастойныя светы — дарослыя і дзеці. Тым не менш сутыкаліся — не толькі ў межах сваіх сем’яў. Так, Іван Антонавіч прыходзіў да нас і пастаянна пераконваў майго бацьку, каб той забараніў майму брату Сашы трымаць на гарышчы галубоў. Шамякін, услых згаджаючыся з калегам, тым не менш пасіўна супраціўляўся, бо лічыў захапленне сына птушкамі пазітыўным у плане яго чалавечага станаўлення. А Брыля не столькі раздражняла бегатня хлопцаў у яго над галавой, колькі пастаянна непакоіла іх бяспека. Не раз здаралася, што Іван Антонавіч літаральна за ногі сцягваў Сашу са страхі пяціпавярховага дома. Урэшце Брыль дамогся, каб гарышча закрылі на замок, і ўсім у пад’ездзе стала спакайней. Саша ў сваім захапленні перакінуўся на рыбак. Аднак майго бацьку здзіўляла такая залішняя, на яго думку, валтузня суседа з дзецьмі. Шамякін, вечна бязмерна заняты як адзін з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, лічыў, што Брылю няма чаго рабіць, таму ён і шукае сабе занятак. Янка Брыль і Іван Мележ, яшчэ адзін наш сусед, не без уплыву Шамякіна, некаторы час працавалі сакратарамі Саюза пісьменнікаў, але адміністратыўная праца ім хутка надакучыла, і яны вярнуліся да жыцця вольнымі мастакамі. На ганарары ў той час можна было пражыць — не тое, што цяпер.

Характэрна, што Шамякін ніколі не хадзіў да суседзяў, а вось да нас яны прыходзілі ледзь не штодня. Памятаю сваё візуальнае ўражанне: бацька яўна адчуваў сябе ніякавата побач з высачэзнымі Брылём і Мележам, а затым і Навуменкам, які з сям’ёй уехаў у кватэру Мележа ў 1964 г. Праўда, Мележ і Навуменка заўсёды ў нас трымаліся спакойна і вельмі сціпла, а вось Брыль адчуваў сябе больш упэўнена і раскавана, часта жартаваў — вызначаўся дасціпнасцю. Асабліва захапляльнымі былі яго пікіроўкі з Андрэем Макаёнкам, шамякінскім сябрам, які часта наведваўся да нас. Захаваўся фотаздымак, які міжволі выклікае ўсмешку: Брыль у Кіеве на фоне помніка Тарасу Шаўчэнку стаіць, па-сяброўску абдымаючы за плечы нізкарослых і таму смешнаватых у параўнанні з ім калег — Івана Шамякіна і Рыгора Няхая.

А мне асабліва падабалася, як Іван Антонавіч спускаўся па лесвіцы нашага пад’езда, заўсёды спяваючы. У яго быў прыгожы барытон, добра чутны з кватэр. З таго часу і на ўсё жыццё спевы Брыля для мяне — сімвал часу, незабыўнага кароткага перыяду, калі эліта адчувала сябе шчасліва і радасна. Спевы Брыля — гэта адчуванне ў ім самім творчых, ды нават і фізічных сіл. Памятаю, ужо ў 1980-я гады, на адной з канферэнцый у авальнай зале Дома літаратараў па Фрунзэ, 5 у залу ўварваўся паэт Анатоль Сыс і пачаў, як заўсёды, эпаціраваць прысутных. Неяк усе разгубіліся, таму што беларусы заўсёды губляюцца перад неардынарнымі паводзінамі. І толькі Іван Антонавіч спакойна ўзяў на рукі хударлявага Сыса і вынес яго з залы. Не забуду выраз твару Анатоля: не сарамлівасць, не перажыванне сваёй ганьбы, а задавальненне, нават асалода: на руках у самога Брыля!

Івана Антонавіча літаральна ўсе вельмі паважалі, хоць і папракалі, што піша мала. Яго твораў чакалі. Крытыкі, калегі-празаікі ставіліся да яго творчасці прыхільна. Увогуле, даволі працяглы час, менавіта да 1980-х гг., паміж пісьменнікамі захоўваліся добразычлівыя адносіны, прычым наш дом даваў у гэтым прыклад, хоць ужо тады, нябачнае звонку, адбылося негалоснае раздзяленне на «заходнікаў» і «ўсходнікаў». Адпаведна ў «заходніка» Брыля — шмат сяброў-палякаў. Але ж і адносіны паміж народамі — шчыра, не афіцыйна, таварыскія.

У 1950 — 1960-я гады пісьменнікі, як ні дзіўна гэта гучыць, даволі часта ездзілі за мяжу ў складзе розных дэлегацый. Дастаткова сказаць, што кожны год на чатыры месяцы хто-небудзь з пісьменнікаў лётаў у ЗША на чарговую сесію ААН: пісьменнікі там пісалі прамовы для дыпламатаў. Вельмі часта ў Амерыку ездзілі Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, а мой бацька — адзін раз. Брыль у Нью-Ёрк, наколькі я ведаю, не імкнуўся. Але часта наведваў Польшчу, дзе, сапраўды, меў шмат сяброў-літаратараў, перакладаў іх. Аднойчы адтуль прывёз нацыянальныя польскія касцюмчыкі для дачок — ім было гадоў па шэсць — восем. Дзяўчынкі ў іх здаваліся павамі. Мы, іх сяброўкі, зразумелі значнасць народнага строя — гэта быў урок эстэтыкі і прыклад для беларусаў, як неабходна цаніць сваё. Праўда, у той час пісьменнікі ды іншыя прадстаўнікі эліты пераважна хадзілі ў вышытых беларускім арнаментам кашулях. Але такая прыемная мода на вышыванкі адышла даволі хутка, як і шмат чаго іншага.

…Я — прыхільнік найноўшай тэорыі мультысусвету. Яна сцвярджае, што побач з нашым светам існуюць яшчэ мільярды мільярдаў іншых універсумаў. Іх таму шмат, па сутнасці — бязмежная колькасць, што кожная сітуацыя з кожным з людзей кожную секунду ўтварае новую рэальнасць, у якой аказваемся ўсе разам, але жывём там трохі інакш, чым тут. Часам паралельныя сусветы сутыкаюцца ў нейкіх пунктах, што не супярэчыць законам квантавай фізікі. Але ў мяне ўражанне, што ў пачатку 1970-х гадоў уся планета нібы сышла з рэек свайго ўніверсуму і пайшла па зусім іншай каляі, ужо ніколі не вярнуўшыся ў сапраўднасць. Неяк раптоўна з’явілася адчуванне, што мы пачалі жыць у іншай рэальнасці. Змянілася і атмасфера ў нашым пісьменніцкім доме. Дзверы пачалі закрывацца на замкі. Суседзі радзей сустракаліся. А потым і зусім раз’ехаліся. У кватэру Янкі Брыля ўсяліўся Вячаслаў Адамчык з сям’ёй, у нашу — Іван Навуменка (да таго жыў насупраць на пляцоўцы).

Праўда, Шамякін і Брыль захавалі самыя прыязныя адносіны, часта тэлефанавалі адзін аднаму. Асабліва тады, калі засталіся ў пачатку ХХІ ст., па сутнасці, адзінымі з усіх беларускіх класікаў (Васіль Быкаў знаходзіўся за мяжой). Пра гэта ніхто не згадваў, можа, і не заўважалі ў хаатычным, тлумным свеце, але сама іх прысутнасць неяк трымала планку і высокай эстэтыкі, і высокай маральнасці, культуры адносін, карпаратыўнага духу. Стасункі двух Іванаў, хоць і на адлегласці ў іх апошнія гады, сталі асабліва цёплымі, кранальнымі. Адно пакаленне, агульнае мінулае… Я часта ўспамінаю Івана Антонавіча. Для мяне ён — увасабленне велічы беларускай літаратуры ў яе чалавечай іпастасі.

Таццяна ШАМЯКІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.