Вы тут

«І ён — жывы»


Івану Антонавічу Брылю споўнілася б 100 гадоў. У гэта немагчыма паверыць… 


Янка Брыль і Пётр Машэраў. Пачатак 1970-х гг.

Адзін з першых маіх успамінаў — двор трыццаць шостага пісьменніцкага дома на Карла Маркса, а ў двары — пузатая блакітна-шэрая «Волга» са срэбным аленем на капоце (Глебкава? Хадкевічава? Лужанінская?), багажнік расчынены і ўстаўлены кашамі з баравікамі, іх спрытна выгружае адтуль Брыль, недасяжна высокі, вялікі, на галаву вышэйшы і за Глебку, і за Лужаніна, не кажучы ўжо пра Хадкевіча і Вітку, у чорным паліто з паднятым каўняром і берэце — ён у грыбы і ўвогуле за горад ніколі не ездзіў, але заўсёды прыходзіў глядзець. Для жыхароў пісьменніцкага дома баравікі былі і нечым сакральным, нейкім працягам літаратурнага спаборніцтва, асабліва для трох Іванаў — Брыля, Мележа і майго бацькі. Колькасць і якасць баравікоў прыдзірліва фіксавалася, і ўсё гэта, яшчэ ад часоў Коласа, мела нейкае патаемнае значэнне, нейкі прыхаваны літаратурны сэнс, хаця ў тыя часы баравікоў гэтых было хоць захлыніся, можна было купіць колькі хочаш у навакольных вёсках, пры дарозе, на Камароўцы... Але купіць было нельга.

Ён ніколі, як запомнілася, не хадзіў па лесвіцы павольна — пераскокваў праз прыступкі, магчыма, яны для ягоных даўгіх ног былі нізкаватыя, а магчыма, вінаватая ў тым была прыродная жвавасць, якая была заўважная ў манументальнай постаці і вельмі пасавала. Брылі былі заўважнай у доме сям’ёй — і сам манументальны бацька, і фантастычна прыгожая дачка Галіна, і падобны да маці іранічна-спакойны Андрэй, і Наталля. І, вядома, жонка, Ніна Міхайлаўна. Караля робіць світа, кажуць французы. Пісьменніцкія жонкі трыццаць шостага дома надавалі гэтаму афарызму новы сэнс: без Брыліхі, Гілевічыхі, Крышчыхі (жонка Васіля Віткі), Караткевічыхі, Навуменчыхі, Марыі Філатаўны Шамякінай іх слаўныя мужы не зрабілі б і паловы таго, што зрабілі. Мужы гэта добра ведалі, жонак, дарэчы, шанавалі, так, як сёння ўжо мала хто ўмее…

Гадоў праз дваццаць пасля кашоў з баравікамі, распрацоўваючы свае першыя ўніверсітэцкія лекцыйныя курсы, я мусіў грунтоўна перачытаць усю пасляваенную беларускую прозу — і быў ашаломлены. Пакутліва прадзіраецца праз буралом вульгарна-сацыялагічнага канона новая пасляваенная генерацыя беларускіх празаікаў. Доўга шукае сябе Мележ — праз «каранеўскі цыкл» да не вельмі ўдалага «Мінскага напрамку», да даволі другасных маралізатарскіх апавяданняў… Шлях да «Палескай хронікі» зойме гадоў пятнаццаць. Не карацейшая дарога і ў Быкава: да «Жураўлінага крыку» 1959 года будуць перацёртыя горы скупаватай руды вобразаў, тэм і жанраў. Шамякін, хоць і абласканы ўжо ў пяцідзясятыя папулярнасцю і прызнаннем, і прымераў ужо мантыю мацёрага раманіста, усё-такі адчуе цвёрды грунт пад нагамі толькі ў 1960-я (хаця першую аповесць «Помста» надрукуе яшчэ ў 1945-м). І толькі Брыль адразу возьме з высокай ноты, і ў апавяданні, і ў аповесці. І гэта ў самы мёртвы час у беларускай літаратуры — з сярэдзіны саракавых і да паловы пяцідзясятых, да самай хрушчоўскай адлігі. З 1946 па 1955 год выйдзе чатыры ягоныя кнігі — бліскучыя апавяданні, чатыры аповесці, з якіх дзве — «Сірочы хлеб» і «У сям’і» — упрыгожылі б залаты фонд любой еўрапейскай літаратуры. Гэта было як глыток паветра ў глухую воўчую пару — сакавітая і фактурная строгая проза факта, але і тонкае бачанне свету, глыбіннае суперажыванне і вывераная мастацкая структура: тое, да чаго беларуская проза ішла ды не дайшла ў слаўныя дваццатыя гады. Так, была і кан’юнктура — у каго яе тады не было? Але характэрна: хаця самая «савецкая» аповесць Брыля «У Забалоцці днее» і была ўганараваная Сталінскай прэміяй, П. Броўка ўсё роўна адсцябаў яе на пісьменніцкім з’ездзе за «вёску, у якой няма электрычнасці. Дзе вы бачылі ў Беларусі сёння такую вёску?». І гэта — у пачатку 1950-х, у час калгаснай нішчымніцы, пасляваеннага развалу і жабрацтва… Відавочна, хлусіць Брыль-пісьменнік не ўмеў, у савецкі літаратурны канон не ўлазіў нават са скрыпам, хоць на нейкія кампрамісы мусіў ісці…

Ён ці не адзіны ў гэты час празаік і пасапраўднаму сацыяльны, і па-сапраўднаму лірычны, і без усялякіх нацяжак — мастацкі. Што таму было прычынай: ці заходнебеларускі (пераважна) і ваенны матэрыял, ці аўтарскае ўменне прайсці між кропляў дажджу, узняўшы праблемы, закрануўшы тэмы і вобразы, катэгарычна немагчымыя у той час, — не магу адказаць. «Сірочы хлеб» — дык які ж ён сірочы на фоне савецкага вясковага жыцця, і перадваеннага, і пасляваеннага, чыстая апалагетыка ўласніцтва і «буржуазнага ладу» ў Заходняй Беларусі! А нічога, прайшло, праглынулі, і ў школьную праграму, здаецца, аповесць увайшла… І гэта пры тым, што ніякіх камуфляжных пісьменніцкіх стратэгій Брыль не выкарыстоўвае…

У будынку Саюза пісьменнікаў на вул. Энгельса, 1950-я гады.

Пісьменніцкая біяграфія — адна з самых важных частак любой гісторыі літаратуры. Брыль са сваім жыццяпісам быў бы настолькі ж пажаданы для любога еўрапейскага літаратурнага гісторыка, наколькі ён нязручны для савецкай сістэмы мадэляў пісьменніцкай біяграфіі. Гэта тычыцца як і той біяграфічнай канвы, што моцна праступае ў ягоных творах, так і лірычных мініяцюр, нататак, фрашак, дзе сваю аўтарскую пазіцыю, аўтарскае крэда сам пісьменнік фармуляваў заўсёды ясна і выразна.

Кароценькая, але трапная ацэнка рамана А. Чакоўскага «Перамога» ў адной з такіх нататак справакавала ўсесаюзны скандал з патрабаваннем рэпрэсій да «перыферыйнага» нахабніка (хто ён такі?), які асмеліўся ацэньваць маскоўскіх бонзаў. Калі ж звярнуцца да рэальнай біяграфіі, дык па сацыяльным становішчы ён дробны землеўласнік (толькі што не кулак), а ўвогуле — «западэнец», польскі марскі пехацінец, быў у нямецкім палоне, падтрымліваў моцныя сувязі з польскім літаратурным светам, нават польскімі літаратурнымі прэміямі быў уганараваны… Можна толькі ўявіць, наколькі ўсе гэтыя абставіны маглі «спрыяць» удаламу пісьменніцкаму лёсу ў савецкай сістэме.

Захапіўшыся вяртаннем рэпрэсаванай літаратуры 1920-х — 1930-х, мы, здаецца, не зусім уяўляем сабе (ва ўсялякім выпадку, адкрыта не гаворым), што пісьменнікам, якія прыходзілі ў літаратуру ў другой палове саракавых, было не нашмат прасцей, што безліч іх скалечыла «ненаежная» ідэалагічная сістэма… Але не Брыля. Дарэчы, заходнебеларуская проза колькасна немалая — і тая, што дасталася ў спадчыну разам з Заходняй Беларуссю, і тая, што адфарміравалася ў шасцідзясятыя-сямідзясятыя, але прозе Брыля ў ёй належыць асаблівае і — без усялякіх агаворак — першае месца. Бо некалькі ягоных апавяданняў скажуць пра той кароткі дваццацігадовы заходнебеларускі перыяд болей, чым некаторыя раманічныя трылогіі. І гэта таксама парадокс, бо, у адрозненне ад усёй пасляваеннай генерацыі без падзелу на ўсходнікаў і заходнікаў, Брыль не меў магчымасці вучыцца ва ўніверсітэце, нават гімназія аказалася недаступнай з-за нялёгкіх жыццёвых абставін. Але хто большы за Брыля інтэлектуал у беларускай літаратуры? Парадокс, які таксама не асэнсаваны.

Асноўнае, ім створанае, напісана да сярэдзіны шасцідзясятых. Раман «Птушкі і гнёзды», з аднаго боку, унікальны і непаўторны нераманнай лірычнай інтанацыяй, з іншага — дэманструе нейкую вельмі важную і тыповую для большасці вяршыннай беларускай прозы якасць: ён падкрэслена, наўмысна біяграфічны. Свядомая адсылка да падзейнай і ўнутранай біяграфіі аўтара ні ў якім разе не прымітывізм ці прыземленасць, няздольнасць адарвацца да уласнага досведу. Ці не супрацьяддзе ад эпохі, якая і сама бясконца хлусіць, і ўвесь час пераінтэрпрэтуецца ў залежнасці ад патрабаванняў бягучага моманту? Калі верыць можна толькі таму, што сам пабачыў і зведаў?

Брыль — адзін з апошніх беларускіх пісьменнікаў, які адчуў і перадаў самакаштоўнасць «маласці», традыцыі, нацыянальнага быцця, якое воляй гісторыі сканцэнтравалася ў нас у вёсцы, мястэчку, хутары. Каб не трагічны злом гісторыі, гэтая «маласць» была б той паўнавартаснай цаглінай, з якіх складзены і сёння падмурак існавання такіх краін, як Францыя ці Аўстрыя, Нямеччына ці Польшча. Але ўжо да сямідзясятых жыццё безнадзейна сыходзіла з беларускіх вёсак і мястэчак, і, магчыма, гэта стала прычынай напісання дзвюх бліскучых нораваапісальных аповесцяў «Ніжнія Байдуны» і «Золак, убачаны здалёк»: каб хоць на паперы захаваць тое багацце жыцця, звычак, мовы, тыпаў «сыходзячай з яснай явы вёскі», на змену якой ішоў панылы, як шэрая сілікатная цэгла, лад жыцця гарадскога пасёлка або цэнтральнай калгаснай сядзібы. Дарэчы, ні пісьменніцкія справы, ні мітусня гарадскога жыцця, ні ўсялякае іншае — з яго пункту гледжання, драбноцце — не ўвасобілася ні ў адным брылёўскім апавяданні ці аповесці. Для гэтага хапала і рэзервовага жанру — лірычнай мініяцюры ці аўтарскай нататкі.

Цяжка ўявіць сабе, што Брыль — гэта ўжо нашая літаратурная гісторыя. Цяжка, бо ён яшчэ і не прачытаны належным чынам, і не ацэнены, і яшчэ мусіць стаць той крыніцай, да якой беларуская літаратура звернецца яшчэ не раз, бо сам ён звяртаўся да сапраўднага і вечнага, таму і застанецца актуальным, якія б перыяды і эпохі не змянялі адзін адну.

І — як жывы ён перад вачыма — пасярод двара на Карла Маркса, 36 выгружае кашы з баравікамі.

Павел НАВУМЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.