Вы тут

Грай, музыка!


Традыцыйна для беларускай культуры, што і радасныя, і сумныя падзеі народнага жыцця заўсёды суправаджаліся музыкай. Сярод старажытных інструментаў найбольш папулярнымі былі скрыпка, цымбалы і дуда. У ансамблях іх дапаўнялі гармонік, дудачкі і бубны.

Узгаданыя інструменты сустракаюцца ў многіх народаў свету. А вось беларуская трохражковая дуда – гэта ўжо сімвал нацыянальнага стылю. Уяўляеце, як яна выглядае? А шатландская валынка? Дык вось, наша дуда – яе родная сястра.

Паводле гістарычных сведчанняў, дуда на Беларусі з’явілася ў XV стагоддзі. І амаль да канца ХІХ стагоддзя жывая музыка з выкарыстаннем дуды была прыкметай багацця і заможнасці. Паслугі дудара каштавалі не танна! Звычайна яго запрашалі на вяселле ў якасці пасаджонага бацькі, выказваючы такім чынам дудару асаблівую павагу. Вяселле доўжылася каля тыдня і было сапраўдным выпрабаваннем для музыкаў. Існавала традыцыя: калі музычнае суправаджэнне вяселля прыйшлося даспадобы маладым, то нявеста павязвала на музычны інструмент стужку, якая была часткай яе вясельнага ўбору. І па колькасці прывязаных стужачак (або паяскоў) меркавалі аб якасці ігры музыканта або ўсяго ансамбля.

Уменне валодаць інструментам і іншая музычная навука перадавалася ў народзе праз сваякоў: ад дзеда да бацькі, ад бацькі да сына і гэтак далей. Заняткі музыкай не былі рэгулярнымі, бо найпершым клопатам для звычайнай беларускай сям’і была праца на палетках або рамесніцтва.

Дударскія традыцыі

Сярод старажытных народных інструментаў дуда мела найвышэйшы сакральны статус як рэч, зробленая з ахвярнай жывёлы. Традыцыйна дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцця чалавека. Абавязковым была прысутнасць дудара на хрэсьбінах (рытуальнае нараджэнне), на вяселлі (рытуальнае пераўвасабленне ў статус дарослага, сталага чалавека) і, пажадана, на пахаванні (рытуал пераходу чалавека ў іншы свет).

Знешне інструмент меў выгляд невялікага мяшэчка з трубачкай –“соскай”, якую дапаўнялі некалькіх ігравых трубак. Аснова – мех – вырабляўся са скуры казы, цяляці, сабакі ці нават барсука. Для драўляных трубак выкарыстоўвалі клён, ясень, вярбу. Галоўная ігравая трубка – жалейка – мела перабор з 7 адтулінамі для найгрышу мелодыяў.

Падчас выступу дудар трымае мех пад пахай альбо перад сабой. Моцна націскае на яго левым локцем – і даволі рэзкі гук пранізвае паветра. Патрэбна шмат спрыту і сілы, каб дуда сапраўды спявала! Не дзіўна, што спакон вякоў на дудзе гралі толькі мужчыны. У кожнага музыкі быў сакрэт, як задобрыць свой голас: нярэдка ўлівалі ў скураны мех чарку самагонкі, каб дуда гучала званчэй.

Інструмент заўсёды лічыўся таямнічым, містычным. Звычайна стараліся вырабіць дуду напярэдадні свята Божага Нараджэння са скуры казы, якую прыносілі ў ахвяру. Паводле паданняў, «жыў» (гэта значыць, добра гучаў) інструмент усяго год. Калі дуда “памірала”, яе разбівалі аб дуб. Таксама продкі верылі, што, калі зрабіць ігравую трубку для дуды (як і любую дудку) з паваленага навальніцай дрэва, «спяваць» яна будзе званчэй і гучней. Мелодыя, якую выдуваюць дудары, праз пэўны час паўтараецца – яна нібы гіпнатызуе. Не дзіва, што просты люд дудароў вельмі паважаў і нават крыху баяўся, параўноўваючы іх з чараўнікамі. Пра іх складалі легенды, казкі, ім прысвячалі вершы. Тут дарэчы згадаць  зборнік Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Дудар беларускі"  альбо Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская". А колькі трапных прыказак і прымавак склалі ў народзе пра гэты дзівосны інструмент! “Купіў дуду на сваю бяду”, “Як дудар надзьмае, так дуда іграе”, “Вось бяда – ні дуды, ні грання”, “Ні Богу свечка, ні чорту дуда” і г.д.

Дарэчы

Найстарэйшая беларуская дуда ад 1877 года “нараджэння” захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Унікальнасць яе – у адмысловым аздабленні (рагаўні, жалейка і бурдоны). Лепельская дуда і сёння добра грае.

Дзякуй фестывалям

Сёння старажытная беларуская дуда і дударскі рух на Беларусі набываюць незвычайную папулярнасць. З’яўляюцца ўсё новыя музычныя гурты, якія выкарыстоўваюць дуды ў сваёй творчасці. Вялікую ролю ў вяртанні дударскіх традыцый адыгрываюць фестывалі старажытных культур. Ладзяцца яны не толькі ў сталіцы. У канцы вясны горад Глыбокае стаў месцам прыцягнення дудароў з усяго свету – тут прайшоў фэст “Дударскі рэй”.

Пра гэты дзівосны інструмент, шырока распаўсюджаны ў культуры Беларускага Паазер’я (паўночная частка Беларусі), пісаў гісторык і філолаг, акадэмік Вацлаў Ластоўскі. Цікавае апісанне дударскай традыцыі пададзена Янам Баршчэўскім у кнізе “Шляхціц Завальня”.

А таленавіты дудар Адам Шульга шмат гадоў працаваў у трупе першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра, які заснаваў Ігнат Буйніцкі. Гэтым сваім земляком вельмі ганарыцца Глыбоччына! Назву фестывалю “Дударскі рэй” выбралі, згадваючы твор Янкі Купалы, прысвечаны выступленню трупы Буйніцкага: весці рэй, то бок, задаваць тон, умелі яго артысты.

Шматлікія звесткі пра дудароў Глыбоччыны не адзін год збірае даследчык Віталь Воранаў. Менавіта ён выступіў з ініцыятывай правесці дударскі фестываль. Віталь Воранаў – беларускі перакладчык, літаратар, выдавец, таксама родам з Глыбоцкага раёна, цяпер ён жыве за мяжой, выкладае ірландскую літаратуру ва ўніверсітэце чэшскага горада Брно. Віталь не забывае малую радзіму і штогод прыязджае летам пажыць у дзедавай хаце ў вёску Удзела. Шмат часу ў свой адпачынак прысвячае адраджэнню старадаўніх традыцый рэгіёна, у тым ліку і дударскай. “Сёння беларускі ўнікальны інструмент незаслужана забыты. Паглядзіце, як шатландцы ганарацца сваёй дудой, чым беларусы горшыя?”

– Фестываль “Дударскі рэй” – першы крок да новага прызнання дуды. Вам нават удалося запрасіць вядомых еўрапейскіх музыкаў у невялічкі беларускі гарадок!

– Для замежнікаў Глыбокае – своеасаблівая экзотыка. Яны дзівяцца некранутай прыгажосці азёр і лясоў нашага Паазер’я, самавітасці вясковай архітэктуры, з цікавасцю знаёмяцца з традыцыямі і побытам беларускай глыбінкі. А яшчэ – з задавальненнем каштавалі славутае глыбоцкае згушчанае малако!

– Віталь, дуда, як кажуць знаўцы, інструмент даволі капрызны. Як даўно вы ім авалодалі, хто быў настаўнікам?

– Не паверыце, мой дударскі вопыт складае ўсяго год. Прычым вучыўся я па скайпу. Вялікі дзякуй цудоўнаму дудару, лідэру этнагурта Pawa Юрасю Панкевічу за яго талент музыканта і настаўніка, мудрасць і цярпенне. Цяпер скажу: асвоіць дуду можа кожны. Галоўнае – упарта ісці да сваёй мэты, быць апантаным ідэяй.

Зараз я па крупінках збіраю звесткі, вывучаю гісторыю інструмента, яго распаўсюджанасць на маёй малой радзіме. Не так даўно ўбачыла свет мая кніга “Дударская Глыбоччына”. У планах – далейшая даследчая праца над дысертацыяй, тэма яе, як разумееце, таксама прысвечаная старажытнаму інструменту.

– Скажыце, а ў нашых дудароў павінен быць адметны “сцэнічны касцюм”? Як, напрыклад, у Еўропе?

– Не, у беларускай традыцыі агульнанацыянальны дударскі строй не сфарміраваўся. Пры стварэнні свайго касцюма я арыентаваўся на апісанне адзення музыкаў з трупы Буйніцкага. На выступленне звычайна надзяваю льняную кашулю, упрыгожаную  нацыянальным арнаментам, падпярэзваюся тканым поясам, на плечы накідваю фрэнч альбо кажух. Адзін з галоўных  і адметных элементаў майго касцюма – шапка-магерка з белага лямцу.

Я вельмі шчаслівы, што цікаўнасць да нашай музычнай спадчыны, якая лічылася страчанай, адраджаецца. Усё больш людзей цікавяцца, захапляюцца, прыходзяць на канцэрты. Многія адкрываюць для сябе новы чароўны свет дударскіх напеваў.

Яшчэ адзін крок у шанаванні і захаванні нашай спадчыны – фестываль “Дударскі рэй”. Спадзяюся, што ён стане традыцыйным і ў наступным годзе збярэ на Глыбоччыне яшчэ больш зацікаўленых гасцей.

“Дударскі рэй”

“Пад дуду і пад цымбалы топне, праспявае…

Сцеражыся, усе людзі: беларус гуляе!”

Удзельнікі фестывалю “Дударскі рэй” адпачынку не ведалі: канцэрты, сустрэчы, зноў выступленні, выставы, прэзентацыі… Сімвалічна, што адкрыўся фестываль на Алеі славутых землякоў  цырымоніяй “абыгрывання” бюста Ігната Буйніцкага. Ёсць такая дударская традыцыя: невялікі канцэрт-імправізацыя каля помніка або ў знакавым месцы, дзе дудары аддаюць павагу людзям, нефармальна звязаным з дударскай традыцыяй. На Глыбоччыне, вядома ж, гэта Ігнат Буйніцкі.

Замежнікі шчыра дзівіліся “беларускаму Версалю” – музейна-ландшафтнаму комплексу ў вёсцы Мосар. Па-мастацку аформленыя альпійскія горкі, дэндрарый з экзатычнымі для беларускага клімату раслінамі, стромкія рачулкі і павольныя каналы з прыгожымі ажурнымі масткамі – усё гэта было створана руплівай працай і стараннямі ксяндза Ёзаса Булькі і прыхаджан касцёла Святой Ганны.

Надвор’е было па-вясноваму сонечнае, таму дударскі канцэрт адбыўся проста на зялёнай лугавіне. Ліндсэй Дэйвідсан у клятчастым кілце і вязаных гетрах знаёміў слухачоў з гучаннем шатландскай дуды. На радзіме ён славуты чалавек: выступае разам з папулярным сімфанічным аркестрам і даволі часта – дуэтам са сваёй жонкай-арфісткай.

Дуда Пэтра Сов’яка, што прыехаў да нас з жывапіснага рэгіёна Маравіі (мяжа Чэхіі і Славакіі), спявала пра жыццё пастушкоў, якія пасуць у гарах на сакавітых альпійскіх лугах авечак і коз.

Тысячу кіламетраў пераадолеў Дзмітрый Дзёмін з Карэліі, каб сыграць глыбачанам на эстонскай дудзе.

Сярэднявечныя матывы прагучалі ў выкананні капэлы дудароў з Велікапольшчы пад кіраўніцтвам пана Рамуальда Ендрашака.

Эстафету ў гасцей з запалам падхоплівалі беларускія музыкі Дзяніс Сухі, Яўген Барышнікаў, Сяргей Чубрык, Юрась Панкевіч.

Пасля музычнага праменаду ў дэндралагічным парку Мосара было вельмі незвычайнае выступленне дудароў у старажытным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Удзела. На імшы прагучаў арган разам з дудой. Для Беларусі гэта сапраўды творчы эксперымент, але ў касцёлах Польшчы, Славакіі, Германіі такі музычны ансамбль гучыць даволі часта.

Цікавосткі

У 1925 годзе беларускіх дудароў па прапанове наркома асветы СССР Анатоля Луначарскага накіравалі на мастацкую выстаўку ў Парыж. Французы былі ў захапленні, упрошвалі перадаць хаця б адзін-два інструменты ў мясцовыя музеі.

У 1920 – 30-я гады ў савецкіх рэспубліках для кожнага народа быў вызначаны самы тыповы і традыцыйны інструмент. У БССР ім стала дуда, і беларускія дудары з гонарам прадстаўлялі нашу краіну на розных конкурсах. Аднак, дзякуючы нястомнай энергіі цымбаліста-віртуоза Язэпа Жыновіча і актыўнай дзейнасці яго аркестра, пасля Вялікай Айчыннай вайны асноўнай візітнай карткай беларускага народнага этнічнага інструменталізма замест дуды былі выбраныя цымбалы.

Пачатак цікавасці і першы, вельмі кволы крок у аднаўленні беларускай дуды зрабіў майстар Лычкоўскі ў канцы 1970-х: ім быў выраблены муляж некалі папулярнага інструмента. Тады ж фалькларыст і музыкант Уладзімір Гром разам з майстрам Аляксандрам Жукоўскім паспрабавалі зрабіць граючы музычны інструмент, але іх дуда не трымала строй і не гучала, і музыкі вырашылі больш гэтай справай не займацца.

У 1978 г. музыкант Уладзімір Пузыня, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, шукаў у архівах Нацыянальнай бібліятэкі імя Леніна апісанні і матэрыялы па традыцыйных беларускіх жалейках і натрапіў на матэрыялы па беларускай дудзе. Пузыня вырашыў паспрабаваць зрабіць дуду. На першых кроках яму дапамог беларускі музыказнаўца Генадзь Цітовіч – паказаў матэрыялы пачатку ХХ ст. з выявамі беларускіх дудаў. Потым былі шматлікія эксперыменты з канструкцыяй і па настройцы дуды. Нарэшце, у 1982 годзе Уладзімір Пузыня зрабіў першую сваю дуду. Гэта ягоная дуда загучала на здымках фільма “Людзі на балоце” (1983). Але нармальнага меха ў гэтай дуды яшчэ не было – ён быў зроблены з цэлафанавага мяшка, пішчык – з антэны радыёпрыёмніка, а язычок – з кавалка школьнай пластыкавай лінейкі. Калі Уладзімір Пузыня зайграў на кінапляцоўцы, то, паводле ягоных слоў, “уся кінастудыя зляцелася паглядзець на такое дзіва”. Неўзабаве У. Пузыня зрабіў другую дуду, якую высока ацаніў Г. Цітовіч. Потым гэтая дуда гучала на Першым сусветным фальклорным фестывалі ў Маскве (1985). Часам У. Пузыня граў на вяселлях і ля Чырвонага касцёла (у касцёл – тады Дом кіно – не пускалі), у школах, дзіцячых садках – паўсюль, дзе былі фальклорныя сустрэчы. Граў таксама ўсім, хто прыходзіў у “Беларускую хатку” – выдзеленую ў Інстытуце культуры аўдыторыю, якая выконвала ролю і майстэрні Пузыні, і музея народнага мастацтва.

У канцы 1990-х пачалі рабіць свае дуды майстры Тодар Кашкурэвіч, Алесь Жура і Алесь Лось. Асяродак зацікаўленых павялічыўся, адбыліся першыя фестывалі культуры Сярэдневечча, выступленні фолк-калектываў “Ліцьвіны” і інш.

Хрысціна ХІЛЬКО

Фота прадастаўлена аргкамітэтам фестывалю

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.